Беларуская Служба

Беларуская спартсменка мае шанец выступіць на Алімпіядзе за Польшчу

02.04.2024 17:29
Надоечы беларуска лёгкаатлетка Марыя Жодзік атрымала польскае грамадзянства.
Аўдыё
  • Беларуская спартсменка мае шанец выступіць на Алімпіядзе за Польшчу
Марыя Жодзік скрыншот/www.facebook.com/mzhodik/TVP

Рашэннем прэзідэнта Рэспублікі Польшча Анджэя Дуды напрыканцы сакавіка бягучага года беларуская скакуха ў вышыню Марыя Жодзік атрымала польскае грамадзянства. 27-гадовая спартсменка жыве ў Польшчы з 2022 года і трэніруецца ў клубе „Падляшша Беласток”( Podlasie Białystok).

Марыя Жодзік – гэта чарговая беларуская спартсменка, якая вырашыла выступаць за Польшчу. Тое, што яна вялікі патэнцыял для польскага спорту, Жодзік паказала яшчэ ў лютым у Торуні на нацыянальным чэмпіянаце ў памяшканні, дзе дабілася вынікаў на ўзроўні сусветных лідараў, то бок скокнула на 197 сантыметраў і такім чынам выканала мінімум, неабходны на Алімпіяду ў Парыжы.

Трэнер Марыі Жодзік Роберт Назаркевіч (Robert Nazarkiewicz) падкрэслівае, што атрыманне польскага грамадзянства - гэта вялікая радасць, як для спартсменкі, так і для яго:

 - Як я, так і Марыя – мы вельмі радыя. Дабіцца кваліфікацыйнага мінімуму – 197 сантыметраў – гэта поспех. Аднак, каб мы маглі працаваць далей неабходным быў менавіта подпіс прэзідэнта. Марыя не любіць быць у цэнтры ўвагі, але я бачыў ейную шчырую радасць з гэтага рашэння. Калі мы сустрэліся ўпершыню, то Марыя адразу казала, што яна хоча заставацца ў Польшчы і атрымаць польскае грамадзянства. Гэта была падстава нашага супрацоўніцтва. Зараз мы вельмі інтэнсіўна трэніруем. Цягам апошніх двух тыдняў - два разы ў дзень. Гэта каля дзесяці трэнінгаў у тыдні. Марыя напэўна хацела б ехаць на Алімпіяду ў Парыж – гэта ейная мара.

 Ці гэта атрымаецца – невядома. Да 20 чэрвеня ў дачыненні да Марыі дзейнічае трохгадовы пераходны перыяд, які вынікае са змены нацыянальных колераў у лёгкай атлетыцы. Пазней павінен сабрацца панэль World Athletics і зацвердзіць спартсменку, як члена польскай зборнай. Між тым, у чэрвені ў Рыме адбудзецца Чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы:

- Сапраўды засталося яшчэ некалькі апошніх крокаў. Дарэчы World Athletics часам скарачае гэты пераходны перыяд і тады сапраўды быў бы шанец на ўдзел у Чэмпіянаце Еўропы ў Рыме. Зразумела гэта складаная справа. Мы засяроджваемся на тым, каб пасля заканчэння пераходнага перыяду, пасля 20 чэрвеня, Марыя магла прадстаўляць Польшчу ў міжнародных спаборніцтвах і на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў канцы ліпеня 2024 года. Гэта нашая мэта. Калі ўдасца скараціць пераходны перыяд напэўна Марыя будзе стартаваць і ў Чэмпіянаце Еўропы.

Марыя Жодзік - гэта выдатная спартсменка. На чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы Беларусі ў 2021 годзе яна ўсталявала асабісты рэкорд, узяўшы вышыню 1 метра 96 сантыметраў. Яна атрымала права выступіць на Алімпіядзе ў японскім Токіа, але не была дапушчана да гульняў, бо лукашэнкаўскія спартовыя функцыянеры не забяспечылі ў час працэдуру праходжання допінг-тэстаў.

Паводле самой лёгкаатлеткі, пасля пераезду ў Польшчу яна спачатку працавала ў рэстаране Mcdonald's і трэніравалася без якой-небудзь дапамогі. Пасля ў яе з'явіўся польскі трэнер. Дарэчы ў Марыі, якая родам з Баранавічаў, польскія карані:

- У ейнай бабулі і дзядулі польскае паходжанне. Дарэчы нават само прозвішча – Жодзік гучыць для палякаў знаёма. Яна прыехала ў Беласток і тут хацела працягваць сваю кар’еру. Адзін з падляшскіх трэнераў – Ежы Мыдляж накіраваў Марыю да мяне. Я таксама нешта там пра яе раней чуў. Марыя мне патэлефанавала, мы сустрэліся і я запрапанаваў ёй супрацу. Вынік гэтага супрацоўніцтва бачны.

Марыя Жодзік зараз жыве і трэніруецца ў Беластоку і з нецярпеннем чакае магчымасці развіваць сваю кар'еру:

- Мы трэніруем у аб’ектах комплексу Сельскагаспадарчай сярэдняй школы, дзе размяшчаецца таксама Школа спартовага майстэрства, трэнерам якой я з’яўляюся. Марыя зараз жыве ў Беластоку. Напрыканцы красавіка ў нас запланаваны выезд на трэніровачны лагер у Турцыю. Пасля гэтага мы вяртаемся ў Беласток на непасрэдную падрыхтоўку да стартаў у спаборніцтвах. Хутчэй за ўсё, напрыканцы траўня Марыя прыме ўдзел у сустрэчы па скачках у вышыню ў горадзе Аполе, дзе мы плануем пачаць летні сезон.

Пазней адбудзецца Чэмпіянат Польшчы ў Быдгашчы, які дасць Марыі шанец заваяваць першы залаты медаль у афіцыйных польскіх нацыянальных колерах:

- Гэта было б выдатнае заканчэнне ўсяго згаданага працэсу. Тым больш, што гэта будзе юбілейнае мерапрыемства, то бок Чэмпіянат Польшчы будзе праходзіць у соты раз.

- нагадаў трэнер Марыі Жодзік Роберт Назаркевіч.

Дарэчы, варта дадаць, што ў 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст беларускіх спартсменаў за свабодныя выбары і супраць гвалту з боку сілавікоў. Таксама яна асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.

Нагадваем, першай беларускай лёгкаатлеткай, якая стала выступаць за Польшчу, была бягуха на кароткія дыстанцыі Крысціна Ціманоўская, якая ў камандзе Польшчы стала пятай на чэмпіянаце свету ў Будапешце.

IAR/аз

Крысціна Ціманоўская: Цяпер людзі ў Беларусі не хочуць пераменаў

29.08.2023 09:31
Беларуская спартсменка, якая з’ехала ў Польшчу, расказвае пра тое, што пра яе кажуць у Беларусі.