Беларуска Вольга Татарчык заснавала ў Варшаве Цэнтр замежных моў “Славянка”. У школе можна вывучаць як украінскую, беларускую ці расійскую мовы, так і атрымаць урокі польскай мовы, чым карыстаюцца іншаземцы, якія прыехалі ў Польшчу без валодання мовай або з недастатковым валоданнем.
Мы паразмаўлялі з Вольгай пра тое, хто вывучае мовы ў “Славянцы” і як выглядае працэс вучобы. Напрыклад, на што настаўнікі робяць акцэнт пры выкладанні польскай мовы.
- Важна ведаць, ці вучні – славяне ці не славяне. Мы стараемся, каб яны не былі ў адной групе. Вывучэнне польскай мовы славянамі нашмат прасцей, таму што падобная граматычная сістэма. Бываюць нават розныя падручнікі, вучоба не славян ідзе павольней. Для нас важна развіваць усе аспекты мовы – і маўленне, і чытанне, і лексіку, і граматыку. Важна на пачатку пагаварыць з чалавекам, якая яго мэта. А мэта залежыць ад мовы. Расійскую іншаземцы вывучаюць у большасці тады, калі ім гэта патрэбна дзеля вучобы, працы – дактаранты, журналісты, супрацоўнікі амбасад.
Украінскай цікавіцца бізнес, які намераны адбудоўваць Украіну
- Калі мы гаворым пра ўкраінскую мову, дык вельмі часта гэта фонды, якія дапамагаюць людзям з Украіны. Частыя запыты – гэта бізнес, які плануе пасля заканчэння вайны адбудоўваць Украіну. Гэта будзе рынак, да якога трэба падрыхтавацца. Бываюць крыху абсурдныя сітуацыі. Напрыклад, летам прыязджалі амерыканцы, яны вывучалі ўкраінскую мову, каб дапамагаць як валанцёры людзям з Украіны. Здараліся сітуацыі, калі яны ўжо ведалі ўкраінскую мову, прыязджалі да ўкраінцаў, а тыя размаўлялі па-расійску.
Беларуская цікавая для паліглотаў
- Мы ад самага пачатку прапанавалі ўкраінскую мову, але яна стала вельмі папулярнай апошнімі гадамі. Беларускую мову мы таксама прапануем. І былі іншаземцы, якія яе вывучалі. На жаль, цяпер гэта не вельмі папулярна. Яна больш для тых, хто ўжо вывучыў іншую славянскую мову. Я ведаю, што для паліглотаў беларуская мова вельмі цікавая сярод іншых славянскіх моў.
Слухайце поўную размову ў далучаным гукавым файле
нг