335 гадоў таму на моцы суду быў пакараны смерцю Казімеж Лышчынскі. Польскі шляхціч быў абвінавачаны ў ерасі. Гісторыкі называюць Лышчынскага “першым польскім атэістам”.
Казімеж Лышчынскі нарадзіўся ў 1634 годзе ў шляхецкай сям’і ў маёнтку Лышчыцы – сёння гэта вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Ён паходзіў з нябеднай сям’і, таму атрымаў добрую адукацыю. Казімеж вучыўся ў Брэсцкім езуіцкім калегіюме, а пазней скончыў Віленскую акадэмію. Лышчынскі, як і іншыя прадстаўнікі шляхты тых часоў, прымаў удзел ў войнах, якія вяла Рэч Паспалітая. Так, ён удзельнічаў у маскоўскай, шведскай і турэцкай ваенных кампаніях.
У 1658 годзе ўступіў у Ордэн езуітаў у Кракаве. Пры гэтым ён адначасова вучыўся ў Кракаве і ў польскім Калішы. Пасля заканчэння вучобы выкладаў у Львове і Брэсце. Лышчынскі працаваў настаўнікам, меў юрыдычную практыку, займаў пасаду ў Брэсцкім земскім судзе.
У 1666 годзе ён пакінуў Ордэна езуітаў, ажаніўся і пераехаў у свой маёнтак Лышчыцы. Казімеж не толькі даглядаў за гаспадаркай, але таксама займаўся юрыдычнай практыкай і выбіраўся прадстаўніком шляхты ад Брэсцкага ваяводства ў шляхецкі Сейм Рэчы Паспалітай. Лышчынскі быў усебакова развітым чалавекам, таму быў таксама суддзёй, пісарам каралеўскага суду і ўвогуле карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты. Паводле гісторыкаў, ён шмат судовых спраў правёў на карысць мяшчан і шляхты, якія судзіліся з езуітамі за захопленыя землі і даўгі. У сваім маёнтку адкрыў школу, вучыў дзяцей шляхты і сялян пісьму, лічэнню, выкладаў мовы і асновы навук.
Казімеш Лышчынскі таксама вывучаў філасофію, гісторыю і прыродазнаўства. У выніку роздумаў пра чалавека і яго боскі пачатак, ён прыйшоў да высновы пра неіснаванне Бога, пра што і пісаў у сваім трактаце, які так і назваў - «Аб неіснаванні Бога» («De non existentia Dei» - лац.). Дарэчы, трактат ён пісаў для сябе, а сваю працу трымаў дома. Аднак рукапіс кнігі з маёнтку Лышчынскага выкраў яго ж сусед Ян Бжоска. Справа ў тым, што Бжоска пазычыў у Лышчынскага вялікую суму грошай, якую не хацеў вяртаць. Аднойчы ён залез у дом суседа, скраў рукапіс і перадаў біскупу.
Марш атэістаў у Варшаве ў 2017 годзе PAP/Marcin Obara
У 1687 годзе Казімеж Лышчынскі быў зняволены. Яго абвінавачвалі ў цяжкім як на тыя часы злачынстве – атэізме. Шляхціч быў пастаўлены перад судом. Дарэчы, шасцёра судзяў былі супраць пакарання Лышчыньскага смерцю – яны стараліся пераканаць іншых суддзяў замяніць смяротнае пакаранне ссылкай у кляштар. Аднак большасць не згадзілася. Цікава тое, што абаронцам Лышчынска быў будучы Вялікі гетман літоўскі і старшыня Галоўнага трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага Людвік Поцей.
У тыя часы ератыкоў палілі на вогнішчы. Лышчынскага спаліць не маглі, бо гэтага нельга было рабіць са шляхтай. Таму, па рашэнні суду, 30 сакавіка 1689 года яму вырвалі язык, які распаўсюджваў ерась, адрубілі руку, якая пісала крамольныя тэксты, і абезгаловілі. Пазней цела мысліцеля было спаленая на кастры на галоўнай плошчы Варшавы, а парэшткі развеяныя на ветры. Суд таксама пастанавіў, што маёнтак Лышчыцы і ўся маёмасць Лышчынскага пераходзяць ва ўладанне... Яна Бжоскі.
Марш атэістаў у Варшаве ў 2017 годзе PAP/Marcin Obara
Атэістычныя ідэі Казімежа Лышчынскага, заснаваныя на матэрыялістычных уяўленнях пра навакольны свет, складаюць цэлую сістэму. Паслядоўна адмаўляючы ўсе рэлігійныя ідэі, ён абгрунтавана і лагічна даказваў неіснаванне Бога, прапаведаваў сістэму каштоўнасцяў, свабодную ад тэалагічных уяўленняў. Лышчынскі ўпершыню ўжыў тэрмін «атэісты». Ён прызнаваў вечнае існаванне бясконцай прыроды, якая развіваецца па сваіх законах без умяшання Бога, і даў навуковае тлумачэнне сутнасці Бога.
У дзень смерці Казімежа Лышчынскага штогод у Варшаве адбываецца марш атэістаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфай