Сенсацыйнае адкрыццё. На Сувальшчыне геолагі знайшлі вечную мерзлату.
Геолагі з Польскага геалагічнага інстытута адкрылі на Сувальшчыне, на паўночным усходзе Польшчы, вечную мерзлату, такую, як у Сібіры ці на Алясцы. Мерзлаце 13 тысяч гадоў, яна знаходзіцца на глыбіні 400 метраў і з'яўляецца адзінай у Цэнтральнай Еўропе. Звычайна, чым глыбей мы свідруем зямную кару, тым большая тэмпература горных парод. Аднак ёсць на Зямлі незвычайныя месцы, дзе гэтае правіла не дзейнічае.
Такая ўнікальная ў еўрапейскім маштабе прыродная з’ява назіраецца ў Польшчы на Сувальшчыне — вакол вёсак Удрын і Шыплішкі. Амаль 60 гадоў таму было заўважана, што ва ўсіх калодзежах гэтай мясцовасці тэмпература з глыбінёй паніжалася, а не павялічвалася. Навукоўцы растлумачылі, што існуюць магматычныя пароды, іх называюць анортазітамі, адносна неглыбока пад паверхняй, якія характарызуюцца надзвычай нізкім утрыманнем радыеактыўных ізатопаў, таму геатэрмальны цеплавы паток, які дасягае зямной паверхні, у гэтым рэгіёне вельмі нізкі.
Адкрыццё мерзлаты на Сувальшчыне мае важнае значэнне для навукі. Гэта адзінае месца ў Цэнтральнай Еўропе, дзе можна непасрэдна назіраць глыбокую вечную мерзлату, якой 13 тысяч гадоў. Даследаванне з'явы дазволіць больш дакладна мадэляваць будучыя змены клімату. Акрамя таго, праца таксама мае важны практычны аспект - яна дазваляе вызначыць шэраг параметраў, звязаных з патокам грунтавых вод і герметычнасцю горных парод, што мае ключавое значэнне для бурэння з мэтай разведкі і падземнага захоўвання CO².
яс/крыніца: Państwowy Instytut Geologiczny