Беларуская Служба

Дзе любіў адпачываць даваенны бамонд Польшчы? Польская Рыўера на Днястры (ШМАТ ФОТА)

20.04.2024 15:21
На гэтым курорце, дзякуючы геаграфічнаму размяшчэнню, панаваў сапраўдны трапічны клімат.
Аўдыё
  • Дзе любіў адпачываць даваенны бамонд Польшчы? Польская Рыўера на Днястры
     . 1930-
Адпачыннікі на беразе Днястра ў Залешчыках. 1930-я гады .

Польская Рыўера – так называлі гэты курортны гарадок у даваеннай Польшчы, куды на летні адпачынак любілі ездзіць прадстаўнікі тагачаснага бамонду. Невялікае мястэчка Залешчыкі маляўніча раскінулася на берагах Днястра і знаходзілася на ўсходняй граніцы тагачаснай Польшчы – на самай мяжы з Румыніяй.

Сёння Залешчыкі (каля 10 тыс. жыхароў) - у Цярнопальскай вобласці Украіны, да вайны ж уваходзілі ў склад Цярнопальскага ваяводства Польшчы. Залешчыкі былі памежным горадам, акружаным з трох бакоў Румыніяй, таму ён быў месцам дыслакацыі атрадаў Корпусу аховы памежжа і Мытнай службы. Але Залешчыкі перш за ўсё – гэта вядомы польскі даваенны курорт, які дзякуючы мяккаму клімату прыцягваў летам шматлікіх адпачыннікаў.

На набярэжнай Днястра На набярэжнай Днястра

Гарадок размешчаны нібы на паўвостраве, з трох бакоў акружаны Днястром, якая ў тыя часы была пагранічнай ракой. Больш за тое, Залешчыкі размяшчаліся ў даліне з высокімі пагоркамі, парослымі густымі букавымі лясамі. Дзякуючы гэтаму гарадок меў адпаведны мікраклімат з гарачым надвор’ем, малой колькасцю ападкаў і адсутнасцю халоднага ветру, ад якога мястэчка ахоўвалі высокія лясістыя ўзвышшы.

Залешчыкі знаходзяцца прыкладна на шыраце Паўночнай Афрыкі, але дзякуючы геаграфічнаму размяшчэнню тут панаваў сапраўдны трапічны клімат. І калі на Балтыцы можна было чакаць пагаршэння надвор’я, то ў Залешчыках яно было адпаведным для адпачынку. Больш за тое, летні сезон тут пачынаўся ў маі і завяршаўся ажно ў кастрычніку.

Летні адпачынак на Днястры Летні адпачынак на Днястры

Адпаведны мікраклімат і надвор’е спрыялі таксама вырошчванню культур, якія ў іншых рэгіёнах Польшчы былі невядомыя. Так, у Залешчыках вырошчвалі кавуны, дыні, абрыкосы, цытрусавыя і вінаград. У 1930-я гады ў гарадку пачалі арганізоўваць свята маладога віна, бо тут пачалі вырабляць віно з мясцовых гатункаў вінаграду.

Свята маладога віна Свята маладога віна

Але экзатычнымі як на той час фруктамі маглі частавацца не толькі турысты: раз у тыдзень да пасажырскага спальнага цягніка, які курсаваў на трасе Залешчыкі – Гдыня праз Варшаву, прычапляўся спецыяльны таварны вагон. У яго грузілі паўднёвыя фрукты і садавіну, якая пазней трапляла на сталы ў польскай сталіцы і іншых гарадах. Дарэчы, маршрут Гдыня – Залешчыкі ў 1930-х гадах быў найдаўжэйшай чыгуначнай трасай, па якой хадзіў прамы цягнік – адлегласць паміж гарадамі складала 1 тыс. 314 км.

Агульны від на набярэжную Днястра Агульны від на набярэжную Днястра

У Залешчыках для адпачыннікаў былі два пляжы для прыёму сонечных ваннаў і купання ў Днястры. Прычым вада ў рацэ таксама была адпаведная. Так, у разгар лета а 08:00 раніцы яе тэмпература складала +21-22 градусы, а апоўдні - +35. Летам турысты адпачывалі, а вось вечарам накіроўваліся на танцы на набярэжную Днястра альбо ў шматлікія кафэ, рэстараны і гасцініцы курорту.

Пляж на Дныстры Пляж на Дныстры

Па Днястры можна таксама было паплаваць на лодках альбо невялікім прагулачным параходзе, а вечарам прагуляцца па добраўпарадкаванай набярэжнай з мноствам летніх кафэ.

Адпачынак у поўным разгары Адпачынак у поўным разгары

Адпаведныя ўмовы адпачынку, ідэальны клімат і разнастайнасць паўднёвай гародніны і садавіны прыцягвалі ў Залешчыкі тагачасны польскі бамонд. Тут адпачывалі вядомыя пісьменнікі, артысты, мастакі і палітыкі. Быў нават маршал Юзэф Пілсудскі – кіраўнік польскай дзяржавы. Ён прыехаў у Залешчыкі ў 1933 годзе і правёў тут тры тыдні. Дарэчы, маршал прасіў, каб яго прыезд застаўся ў таямніцы, бо Пілсудскі не любіў празмернай увагі да сваёй асобы.

Юзэф Пілсудскі (у светлым плашчы) пасля прыбыцця на цягніку на станцыю Залешчыкі Юзэф Пілсудскі (у светлым плашчы) пасля прыбыцця на цягніку на станцыю Залешчыкі

Але візіт у сакрэце захаваць не ўдалося. Проста турысты і жыхары гарадка напярэдадні прыезду Пілсудскага заўважылі, што Залешчыкі хіба што чакаюць нейкага важнага госця, бо пачалася грандыёзная падрыхтоўка, у гарадок прыехалі высокапастаўленыя начальнікі, з’явілася шмат паліцыі. І з часам выявілася, што курорт наведае сам Пілсудскі.

Асабняк у Залешчыках, у якім водпуск правёў маршал Пілсудскі Асабняк у Залешчыках, у якім водпуск правёў маршал Пілсудскі

У 1928 годзе ў Залешчыках былі адкрытыя першыя санаторыі для лячэння розных хвароб.     

Гісторыя Залешчыкаў як курорту закончылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Цяпер гэта – невялікі спакойны гарадок. Адзінае, што засталося з даваеннага росквіту, гэта прыгожая прырода, ідэальны клімат і архітэктура з 1920-30 гадоў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл  

здымкі: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Найдаўжэйшы водпуск Пілсудскага: як маршал Польшчы адпачываў на Мадэйры з таямнічай жанчынай

30.07.2021 07:47
Атачэнне маршала Пілсудскага ўгаварыла яго адправіцца ў даўжэйшы водпуск у спрыяльны для здароўя клімат.

Як 91 год таму палякі з нуля пабудавалі прэстыжны балтыйскі курорт (ФОТА + ВІДЭА)

09.07.2022 06:02
91 год таму, у 1931 годзе, першых адпачыннікаў прыняў новапабудаваны польскі балтыйскі курорт Юрата.