Беларуская Служба

Беларускі эмігрант: «Так, тут прыгожая краіна, цудоўныя ландшафты і гарады, але чагосьці не стае…»

24.05.2024 20:51
Чалавек можа наладзіць жыццё і ў чужой краіне, але знайсці адчуванне дому там не кожнаму ўдаецца.
Аўдыё
  • Беларускі эмігрант: «Так, тут прыгожая краіна, цудоўныя ландшафты і гарады, але чагосьці не стае…»
Эміграцыякрыніца: pxhere.com/CC0 Domena publiczna

За ўдзел у пратэстах быў двойчы асуджаны

Спадар Уладзімір скончыў у Беларусі політэхнічную акадэмію, працаваў у сферы будаўніцтва, апошнія гады меў сваю фірму. 20-ы год заспеў яго як і іншых у нейкім сэнсе нечакана, згадвае суразмоўца, але ўдзельнічаў у пратэстах, дваравых акцыях і розных іншых актыўнасцях.
Ён двойчы быў асуджаны па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у пратэстах, адбываў пакаранне на Акрэсціна і ў Жодзіне, праўда, пра перажытае кажа сціпла, спасылаючыся на тое, што іншыя людзі пацярпелі значна больш за яго.

- Шмат людзей сядзела разам, з кім можна было шмат пра што пагаварыць. На Акрэсціна сустрэў шмат такіх. Да прыкладу, запомніўся цікавы малады хірург, выкладчык з БДУ, які прымаў удзел са студэнтамі пры запуску спадарожніка ў космас. Усе людзі, амаль 95 адсоткаў, вельмі цікавыя. І нават, як бы гэта не гучала, цікава было там з імі знаходзіцца, размаўляць, бо вельмі шмат новага для сябе пачуў, прычым з розных сфераў жыцця.

Пасля двух адсідак, параіўшыся з жонкай, вырашылі, што трэба з’язджаць, бо рэпрэсіі толькі набывалі моц.

- І як толькі выехаў, праз месяц затрымалі аднаго сябра, асудзілі за тэрарызм і далі 14 год. Іншага з нашай кампаніі ў верасні арыштавалі, тры месяцы сядзеў, а потым прысудзілі хатнюю хімію. Ну, і там у справе фігуравала і маё прозвішча.

Пакуль без вялікіх здабыткаў, але…

Польшча, хоць і суседняя краіна, але стала зразумела, што трэба вучыць мову, па-новаму ўладкоўваць жыццё ўсяе сям’і. Але неяк павольнымі крокамі, усё рабілася адно за другім. Адкрыў фірму з будаўнічым профілем, імкнецца патроху прыглядацца і працаваць, праўда, усміхаючыся дадае, што пакуль вялікіх здабыткаў з гэтага не мае.

- Тут рынак больш актыўны, і ў любой сферы, калі шчыльна заняцца, то вынік абавязкова будзе. У мяне пакуль усё паволі ў пачатковай стадыі, але, вядома, патрэбна развівацца, і бачу сябе ў развіцці свайго бізнесу.

Настальгія не пакідае

Што датычыць інтэграцыі сям’і ў новае грамадства, то мужчына звяртае ўвагу на тое, што хутчэй за ўсё польскую мову вывучыла дачка, якая ходзіць у школу. Хаця першы год ёй было няпроста.

Яны з жонкай таксама маюць знаёмых палякаў, імкнуцца наведваць культурныя мерапрыемствы, удзельнічаюць у жыцці беларускай дыяспары. Праўда, як заўважае спадар Уладзімір, настальгія не пакідае.

- Асабіста для мяне складана тое, што я ведаю – гэты горад, краіна для мяне ўжо ніколі не будуць родным домам па маіх пачуццях. Так, я ведаю ў гэтым раёне ўжо ўсе сцяжынкі і кожную краму, бо з сабакам тут усё абышоў. Гэтую частку гораду ведаю дакладна, некаторыя маршруты па горадзе магу праехаць без навігатара. Але не дадае гэта, каб лічыць гэты горад родным, сваім…

Шмат агульнага, але і шмат іншага

З уласнага досведу, назіраючы за жыццём у Польшчы, Уладзімір кажа, што ёсць шмат агульнага, але і шмат рознага. Паводле яго, адрозніваецца нават клімат, бо заўважыў, што тут дзеці на зіму нават не хаваюць ровары, а як толькі ў зімовыя дні пацяплее, дык выязджаюць катацца. У Мінску ўзімку такога ніколі не назіраў.

А яшчэ здзівіла тое, як дзейнічаюць і развіваюцца грамадскія і прыватныя ініцыятывы.

- Дарэчы, да прыкладу, на апошнім марафоне дачка і жонка ўдзельнічалі, як валанцёры: падносілі ваду, дапамагалі ў іншым. У нас нават такой інстытуцыі не існуе, прынамсі, я не чуў такога, каб любому жадаючаму можна было б удзельнічаць у нечым падобным. А тут усё са школы пачынаецца – існуе такая з’ява, як валанцёрства. Ты можаш валанцёрыць па-за школай і гэта табе будзе ў залік да твайго атэстату. Мне гэта вельмі падабаецца, бо ўжо з дзяцінства са школы ты ўцягваешся ў грамадскае жыццё.

Тут адчуваеш сябе вальней і спакайней, чым у Беларусі

Адчуваецца розніца, паводле суразмоўцы, і ў тым, наколькі свабодна можна весці бізнес, а таксама папросту цешыцца свабодным паветрам. Мужчына дадае, што за ўвесь час знаходжання ў Польшчы толькі адзін раз бачыў паліцэйскіх, а дарожная паліцыя яго наагул ні разу не спыняла.

- У працы таксама адчувальная розніца, асабліва калі паглядзець як у нас зарэгулявана будаўнічая сфера ў Беларусі. Не стае прыстойных слоў, каб пра гэта казаць. А тут ніякіх табе атэстацый, ліцэнзій. Ёсць, зразумела, віды работ, якія падлягаюць атэстацыі, але тут не фірма іх мае, а той, да прыкладу, зваршчык, які выконвае гэтыя працы. І не трэба фірме выкладваць стос грошай на ўсе гэтыя дазволы. Потым, усе гэтыя інстытуцыі кшталту ЗУС, падаткавая – у нас, калі ты туды трапляеш, то ўжо становішся ахвярай. Бачаць цябе як парушальніка, як таго, каго ўзяць за шкірку і носам некуды ткнуць. А тут па-іншаму. Калі і ўзнікаюць нейкія пытанні, то найперш імкнуцца высветліць, што здарылася, а не адразу, маўляў, плаці штраф. Наагул, тут усё больш павольнае, спакойнае, а таму і сам адчуваеш сябе тут спакойней і вальней, чым у Беларусі.

Уся беларускасць нібы з’ехала адтуль сюды

Цікаўлюся ў суразмоўцы – як даўно ён размаўляе на беларускай мове? Аказваецца, аб гэтым ён задумаўся яшчэ ў студэнцкія гады на пачатку 90-х, а калі займеў сваю фірму, то справаводства вёў на беларускай мове. Згадвае, што было прыемна, калі, падпісваючы дамовы, атрымліваў ад буйной фірмы дакументы з прыпіскай падзякі за беларускую мову. Праўда, аднойчы давялося ад былога сілавіка пачуць і нешта іншае.

- Ты ў якой краіне жывеш? Зразумела гучала па-руску. Я пытаю – у якой? «Ты на каком языке мне тут дакументы падаеш? Мы жывем в Беларусі, какой белорускій язык? Мы в какой стране жівём?» Мяне гэта так зачапіла, мы з ім на падвышаных танах пагаварылі. Але гэта быў адзіны такі выпадак.

Цяпер, паводле Уладзіміра, такое ўражанне, што ў Польшчы больш беларускай мовы, чым у Беларусі, нібы ўся беларускасць з’ехала адтуль сюды. І толькі тут у яго з’явіліся знаёмыя, з якімі ён папросту ў жыцці ўвесь час размаўляе на роднай мове, а там, маўляў, такога не было.

Не стае адчування дому

А яшчэ, прызнаецца, што тут не хапае адчування дому, хочацца пабачыць бацькоў, блізкіх людзей.. А вось па Мінску не сумуе, асабліва калі бачыць, якія ў Еўропе гарады, як яны пабудаваныя, якія нават пад’езды ў дамах, наагул інфраструктура.

- Ну, і ўсё ж, калі ты дома, там сябры, знаёмыя – усё сваё. Дакладна на ўзроўні пачуццяў. Вось ты бачыш прыгожы краявід, лясы, лугі квітнеючыя, рака, возера – у Беларусі дык у цябе адразу ў грудзях нешта захвалюецца. А тут… Так, такія ж прыгожыя краявіды, але нічога цябе не кранае. Ведаеш, што гэта не твая радзіма. Прыгожа, так, але нечага не хапае….

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл