У Беларусі працавалі інжынерамі і жылі ў інтэрнаце. У Польшчы працуюць звычайнымі рабочымі і здымаюць асобную кватэру.
Было страшна
Юры па адукацыі інжынер-механік. Працаваў майстрам на прадпрыемстве. Кажа, што яму падабалася працаваць у сферы кіравання. Нейкі час нават быў загадчыкам участка, але пачаліся падзеі 20-га году і кар’eру давялося перарваць.
Удзельнічаў у пратэстах і цяпер, згадваючы пра гэта, кажа, што было вельмі страшна.
- Так, было страшна. Мы хадзілі на пратэсты са сцягамі, удзельнічалі ў іншых мерапрыемствах. І даволі часта хадзілі, праўда, нам пашэнціла - ні разу не забралі.
- А аб чым тады думалася падчас тых пратэстаў, што адчувалі?
- Адчувалі боль, бо нашых людзей не лічылі за людзей, нашы правы растапталі, скралі нашы галасы. Было страшна. Страшна за сям’ю, бо нават не ведалі тады чаго чакаць. У завадскім чаце мяне вылучалі на каардынатара страйкавага камітэту і я разумеў, што рана ці позна КДБ дазнаецца аб гэтым.
Працую звычайным рабочым
Суразмоўца згадвае, што бачылі, як арыштоўваюць знаёмых, а таму, параіўшыся, вырашылі, што трэба з’язджаць. І нават забралі з сабою кошку. У Польшчы давялося пачынаць усё спачатку.
- Мовы мы не ведалі, сядзелі на карантыне і імкнуліся хоць трохі вучыцца па нейкіх кніжках. А потым праз інтэрнэт пачалі шукаць працу. Я пабачыў, што на завод патрабуецца слесар-манцёр. Даслаў ім рэзюмэ, яны паглядзелі і далі адказ, што бяруць мяне. Вось так я пачаў працаваць на аўтобусным заводзе і дагэтуль там працую слесарам.
У калектыве, паводле спадара Юрыя, працуюць пераважна палякі, стаўленне добрае, праблемаў не мае і наагул людзі яны адкрытыя, калектыў і заробак яго задавальняе. Да ўсяго, атрымаў там дадатковую працу.
- Працую дадаткова каардынатарам працы сярод нашых рабочых. Я імі не кірую, падпісваю ўмовы, праводжу сумоўе, маю непасрэдны кантакт з шэфам, вырашаю справы калектыву і яшчэ за гэта атрымліваю дадатковы заробак. Так вось атрымалася.
У мяне скончыўся беларускі пашпарт
Суразмоўца кажа, што на працы ў яго атрымалася хутчэй вывучыць польскую мову, праўда, дадаткова хадзіў яшчэ на курсы. А яшчэ, калі пачалася вайна, хадзілі ў Цэнтр дапамогі ўцекачам і дапамагалі там украінцам. Ён ні на што не скардзіцца, праўда, згадвае, што адну важную праблему ўсё ж мае.
- У мяне скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарту. Цяпер маю польскі дакумент падарожны, які дазваляе мне перамяшчацца па Еўропе. Ну, і маю карту часовага знаходжання. Да дому я выехаць і так не магу, а таму вось такім чынам жыву. Але найбольшая праблема ў тым, што не магу сустрэцца з бацькамі сваімі і жонкі. Яны таксама не могуць прыехаць, бо вельмі складана атрымаць візу, у консульствах вялікія чэргі. Канешне, мы вельмі сумуем па іх, але імкнемся не плакаць, бо ад гэтага лепей не будзе.
Спадар Юры вельмі ўдзячны польскай дзяржаве за тое, што з ужо несапраўдным пашпартам надалей можа жыць тут і працаваць. Ён згадвае, што адразу, калі прыехалі ў Польшчу, не думалі, што так надоўга давядзецца затрымацца, маўляў, за паўгода, максімум за год вернемся, але з часам зразумелі, што так хутка вяртанне не адбудзецца.
Разважаючы пра жыццё ў чужой краіне суразмоўца звяртае ўвагу, што яно тут розніцца ад таго, якое было ў Беларусі. Там з жонкай жылі ў інтэрнаце хоць абое працавалі інжынерамі, але здымаць кватэру было дорага. Тут абое працуюць звычайнымі рабочымі і грошай стае, каб аплаціць жыллё, а яшчэ штогод паехаць на адпачынак у іншую краіну.
- Мы тут звычайныя рабочыя. Але можам спакойна здымаць кватэру, нешта адкладаць і нам хапае на жыццё. А калі б у нас была свая кватэра, то было б наагул ідэальна. Але мы не на кіруючых пасадах і нават не ў ІТ-сферы, дзе зарабляюць вялікія грошы.
Польшча нам падабаецца
Цікаўлюся ў спадара Юрыя – ці сумуе па дому?
- Імкнуся не сумаваць па дому, але раз на месяц альбо на два сэрца зашчыміць і надыходзіць такі сум. Цяжка ад гэтага. Бывае ўзгадаю бацькоў і потым думкі аб тым, калі сустрэнемся. Час ідзе і яны ўжо не маладзеюць. Дарэчы, раз на тры месяцы імкнемся перадаць ім пасылку з кавай, печывам, цукеркамі і нейкімі бытавымі рэчамі.
Тым не менш, спадар Юры аптымістычна кажа, што пры першай жа спрыяльнай магчымасці разам з іншымі вернецца ў Беларусь.
- Калі будуць змены, мы ўсе вернемся ў Беларусь і будзем будаваць новую краіну, бо там спатрэбіцца наша дапамога. Я веру, што будзе новая Беларусь з часам. Ні заўтра, ні праз месяц, але скончыцца вайна і ў Беларусі ўсё стане добра. А цяпер з кожным днём там горш і горш. Я ведаю гэта і з навін і ад людзей, якія ўцякаюць адтуль. Некалькі месяцаў таму адтуль уцёк мой сябра і шмат распавядаў.
Гаворачы пра эміграцыю, суразмоўца таксама ні на што не наракае.
- Нам пакуль не было цяжка, З палякамі ні воднага разу не мелі ніякіх праблемаў: ні ў горадзе, ні ў краме, ні проста на вуліцы. Нас добра тут прынялі. Адзінае - сумуем па бацьках, а Польшча нам падабаецца.
Павел ЗАЛЕСКІ