Беларуская Служба

Польскія чацвёртакласнікі паказалі вельмі добрыя вынікі ў вучобе, пры гэтым яны не вераць у сябе

05.12.2024 16:56
Школьнікі паказалі ў даследаваннях значна лепшы вынік, чым у 2019 годзе.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/Grand Picture

Gazeta Wyborcza паведамляе, што польскія вучні чацвёртых класаў паказалі вельмі добры вынік па матэматыцы і прыродзе ў Міжнародным даследаванні вынікаў навучання матэматыцы і прыродазнаўству TIMSS. Польскія школьнікі атрымалі па матэматыцы ў сярэднім 546 балаў і занялі 10 месца на свеце, у Еўропе лепшыя вынікі паказалі толькі вучні з Літвы і Англіі. Па прыродзе палякі занялі сёмае месца (у Еўропе на першым – Англія, на другім – Польшча).

Польскія школьнікі паказалі значна лепшы вынік, чым у 2019 годзе. Эксперты нагадваюць, што ў Польшчы ў школу ідуць сямігадовыя дзеці, калі ў большасці іншых краін – шасцігадовыя. І таму ў даследаванні ўдзельнічаюць амаль 11-гадовыя вучні з Польшчы і 10-гадовыя з іншых дзяржаў. Добры вынік часткова абумоўлены розніцай ва ўзросце. Тым не менш, польскім школьнікам было нялёгка, паколькі яны правялі вялікую частку вучобы на дыстанцыйным навучанні. У Польшчы школы былі закрытыя даўжэй за ўсё ў ЕС.

Ёсць таксама і другі бок медаля. Напрыклад, у папярэднім даследаванні польскія хлопчыкі мелі сярэдні вынік на 8 балаў лепшы, чым дзяўчынкі, а цяпер – на 11 балаў. Акрамя таго, дзеці запаўнялі анкеты, з якіх вынікае, што вучні, нягледзячы на добрыя вынікі ў вучобе, не вераць у сябе. 41% заявілі, што ў іх няма матэматычных здольнасцяў, а 37% казалі пра адсутнасць здольнасцяў па прыродзе. 40% вучняў чацвё1ртых класаў не любіць хадзіць у школу. Ім перашкаджаюць, між іншым, шум у класе ці заўвагі настаўнікаў. Таксама іх настаўнікі не адчуваюць задавальнення ад сваёй працы.  

нг