Беларуская Служба

Сённяшні ўльтрасучасны Касцёл Швецыі – ці так выглядае будучыня хрысціянства ў Еўропе?

26.12.2024 07:00
У храмах ёсць месца нават для няверуючых.
 .
Сцяг Швецыі.Фота: Shutterstock

Часопіс Polityka разважае пра вельмі сучасны пратэстанцкі лютэранскі касцёл у Швецыі і задаецца пытаннем, ці такая будучыня чакае хрысціянскія канфесіі таксама ў іншых краінах Еўропы. Для польскіх католікаў норавы шведаў могуць быць шокам. Шведскі касцёл робіць акцэнт на свабоднай ад дагматызму інтэрпрэтацыі Бібліі, а таксама на адкрытасці і гібкасці мыслення. Калі ў гэтай царкве гавораць пра Бога, яму звычайна не прыпісваюць мужчынскіх якасцяў і не выкарыстоўваюць выразу «Госпад Бог». У храмах ёсць месца нават для няверуючых.

На працягу стагоддзяў Шведскі касцёл быў нацыянальным. І яшчэ зусім нядаўна практычна кожны швед належаў да яго. Сёння адзінымі шведамі, якія не могуць змяніць веру ці афіцыйна адмовіцца ад яе, з'яўляюцца кароль і яго сям'я. А Шведскі Лютэранскі Касцёл, магчыма, з'яўляецца самай адкрытай і сучаснай хрысціянскай царквой у свеце. Нягледзячы на гэта, толькі 5% шведаў, паводле даследавання 2020 года, удзельнічала ў богаслужэннях. Тым не менш, вернікі захоўваюць кантакт са сваім прыходам, але ходзяць хутчэй на канцэрты, рэпетыцыі хораў, сустрэчы з пісьменнікамі, заняткі для маладых бацькоў, чым на службу. І на працягу апошняга часу заўважаецца невялікі рост колькасці вернікаў, калі раней іх лічба пастаянна падала.

Шведскі касцёл  вызначыў сабе задачу на бліжэйшыя гады – гэта дзейнасць у карысць хуткага дыягназавання гвалту ў блізкіх адносінах і барацьбы з ім. Надалей шмат жанчын у Швецыі падвяргаецца гвалту ў сям'і, як фізічнаму, так і эканамічнаму.  Акрамя таго, касцёл актыўна ўдзельнічае ў працэсе пераасэнсавання чалавека ў свеце – мы ўжо не павінны быць уладарамі прыроды, а яе адказнымі апекунамі. Дэбаты на гэтую тэму ў хрысціянскім асяроддзі такія гарачыя, што пастары часам спрачаюцца на старонках рэлігійнага выдання за тое, ці біскупы маюць права лятаць на самалётах, ці павінны хутчэй ездзіць на цягніках ці нават на ровары, каб даваць прыклад вернікам.

Акрамя таго, што шведскі лютэранскі касцёл «зялёны», ён яшчэ і «вясёлкавы». З 2009 года святары даюць шлюбы аднаполым парам, кожны год удзельнічаюць у парадах роўнасці і іншых падобных падзеях. Таксама касцёл Швецыі актыўна змагаецца за свабоду слова, прыводзячы прыклад самога Ісуса Хрыста, які блюзніў, калі лячыў хворых у шабат, выганяў гандляроў з храму або казаў, што ён – сын Бога. «Блюзнерства і правакацыя даюць нам шансы вучыцца талерантнасці, адкрытасці і здольнасці стрымліваць эмоцыі» - цытуе выданне аднаго са шведскіх пастараў.  

нг