Выданне Forsal.pl піша пра рэкамендацыі экспертаў у кантэксце дэмаграфічнага крызісу. Яны раяць павышаць якасць грамадскіх паслуг для сем’яў, развіваць сетку дзіцячых садкоў і ясляў, а таксама перагледзець сямейныя дапамогі. Яны таксама лічаць неабходным увесці аднолькавы пенсійны ўзрост жанчын і мужчын.
Паводле прагнозаў Галоўнага ўпраўлення статыстыкі, да 2060 года колькасць насельніцтва Польшчы знізіцца на 6,7 млн, а палова жыхароў будзе старэйшая за 50 гадоў. Праграма "500+" (цяпер 800+) аказала невялікі ўплыў на павелічэнне нараджальнасці, але знізіла ўзровень беднасці сярод сем’яў з дзецьмі. Эксперты лічаць, што трэба пашыраць падтрымку малазабяспечаных сем’яў.
Сярод праблем адзначаецца стыгматызацыя сем’яў з дзецьмі. Частымі становяцца негатыўныя адносіны да дзяцей у грамадскіх месцах. Эксперты прапануюць стварыць клубы для бацькоў і ладзіць сацыяльныя кампаніі прасоўвання сямейных каштоўнасцяў.
Крызіс дэмаграфіі звязаны і з недахопам працоўных рэсурсаў. Павышэнне адукацыйнага ўзроўню, развіццё тэхналогій і эфектыўнасць працы могуць часткова вырашыць праблему.
Эксперты настойваюць на неабходнасці зраўняць пенсійны ўзрост. У выніку ранняга выхаду на пенсію, у жанчын значна ніжэйшыя пенсіі, а гэта разнавіднасць дыскрымінацыі. Большасць краін ЕС ужо зраўняла ўзрост выхаду на пенсію.
нг