Беларуская Служба

На шляху да сябе: гісторыя адной смеласці — эмігрантка Марыя

06.05.2025 06:03
Ёй двойчы давялося з’язджаць у Польшчу. Яе шлях — пераважна церні. Але яна заўсёды ставіла перад сабой мэту, што і дазваляла выжываць.
Аўдыё
  • На шляху да сябе: гісторыя адной смеласці - эмігрантка Марыя
       ,
Выгляд на Прымаскую базіліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, горад Гнезна           Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Пачатак быў няпросты

Марыя — стылістка адзення па адукацыі. Аднак пасля заканчэння вучобы знайсці працу ў Беларусі аказалася амаль немагчымым. Таму яна прыняла рашэнне: паехаць на заробкі ў Польшчу. Там ужо жылі некаторыя знаёмыя, якія распавядалі пра тое, як цікава і свабодна можна жыць і працаваць у гэтай краіне.

— Пераехала адна. Нікога блізкага тут не мела — толькі некалькі знаёмых. Пачала вучыцца польскай мове і ўладкавалася прадаўцом у краму «Zara». Але той час быў вельмі цяжкім для мяне. Калектыў аказаўся даволі халодным.

Я дрэнна валодала польскай мовай, а калегі, пераважна дзяўчаты маладзейшыя, не прымалі мяне. Магчыма, проста не любілі прыезджых. Пяць месяцаў я вытрымала: працавала ў сярэднім па 12 гадзін, амаль без уласнага жыцця. Увесь той час я адчувала сябе чужой.

Чужая сярод сваіх

Усе гэтыя падзеі адбываліся яшчэ да пачатку пандэміі. Урэшце, яна звольнілася і пачала шукаць магчымасці працаваць па сваёй прафесіі. А потым нешта ўнутры падштурхнула вярнуцца ў Беларусь.

— Я вельмі сумавала па родным доме. Тут, у Польшчы, я ніколі не адчувала сябе сваёй. Нягледзячы на працу, знаёмствы сярод беларусаў, украінцаў і нават палякаў, я ўсё роўна заставалася чужой. Гэта была асноўная прычына, чаму я вырашыла вярнуцца. Мне хацелася вярнуцца і прывезці дамоў тое, што я пабачыла ў Еўропе. У мяне было шчырае жаданне будаваць нешта сваё на сваёй зямлі.

У Беларусі за ёй прыйшлі…

А ў Беларусі яе чакаў жнівень 2020 года і падзеі, якія ўскалыхнулі ўсю краіну. Марыя ў баку ад іх не засталася.

— Магчыма, пажыўшы ў Польшчы, я трошкі пасмялела і пачала выказваць свае погляды. І наогул нейкія свае погляды ў мяне з’явіліся, бо да пераезду ў Польшчу я не цікавілася палітыкай, жыла ў сваім свеце.

— Што ўсё ж прымусіла вас зноў вярнуцца ў Польшчу?

— У канцы жніўня я паехала ў Польшчу, каб забраць рэчы. Толькі прыехала ў Варшаву, як мне тэлефануюць: «Марыя, цябе шукаюць!». Тады я ўсё зразумела: назад дарогі няма. Мне пашанцавала, што не аказалася там, бо напрыпісвалі тое, чаго я нават не рабіла...

Спланавала жыццё — і страціла планы

Вось як Марыя згадвае той час:

— Была паніка, крыўда, злосць, было шмат эмоцый і разгубленасць, не ведала, што рабіць далей. У мяне быў план, я хацела вярнуцца і жыць дома, а тут атрымліваецца, што ў мяне няма такой магчымасці. Некалькі дзён я была цалкам у разгубленым стане.

Потым паціху сабралася з думкамі і зразумела, што трэба шукаць працу. У мяне ў той час быў творчы крызіс, ён працягваўся гады тры. Я не магла вярнуцца да творчасці, пайшла рабіць здымкі на вытворчасці, там праца больш тэхнічная, чым творчая. Да 2020 года я цярпець не магла такую працу, але на гэты перыяд яна мне ідэальна адпавядала, бо не трэба было моцна душу ў гэту справу ўкладваць. Ну і неяк так праіснавала. У сувязі з працай часта пераязджала: жыла ў Кракаве, Варшаве, Гданьску, Зялёнай Гуры. Працавала стылісткай у фірме адзення, і мы рабілі здымкі для сайта.

Ізноў цёмныя часіны

Трохі задумаўшыся, Марыя кажа, што змяніла працу, бо не хацела залежаць ад таго месца, дзе жыла і працавала. Ёй вельмі не падабалася ў Зялёнай Гуры. Хацела выбраць месца, дзе б жадала жыць. А таму зрабіла гэты выбар свядома, і самастойна, ды пачала вывучаць графічны дызайн.

Ізноў быў цяжкі перыяд, бо толькі адвучыўшыся, не магла знайсці працы, не было досведу, а таму бралася за рознага роду падпрацоўкі, і з гэтага жыла. І так да таго часу, пакуль не зрабіла сайт для вытворцы мэблі, які і прапанаваў ёй сталую працу.

Я дапамагала сястры, а потым яна дапамагла мне

Цікаўлюся ў Марыі, што дапамагала ёй перажываць тыя цяжкія часы, спраўляцца з жыццёвымі выклікамі. Марыя ізноў задумалася.

— Шчыра кажучы, я не ведаю, як я ўсё гэта вытрывала. Сястра мая пераехала ў Польшчу, бо вымушана была з’ехаць. На пачатку я яе падтрымлівала, бо ў яе была дэпрэсія. А потым, калі яна паднялася на ногі, знайшла працу, а ў яе ўжо быў досвед працы дызайнерам і яна добра валодае англійскай мовай, то яна ўжо мяне падтрымлівала.
А калі я жыла тут адна і ні на каго не магла разлічваць, папросту не ведаю, як сама сабе радзіла. Трымалася, заўжды імкнулася, ставіла перад сабой мэту, бо без гэтага можна і з глузду з’ехаць. Заўсёды мяне ратавала тое, што я мела мэту.

Стала мацнейшай, але і больш самотнай

Жыццё змянілася. Цяпер працуе поўны працоўны дзень, заробку хапае, каб спакойна жыць і вандраваць, адчувае сябе больш упэўнена. Але разам з тым прызнаецца, што стала больш замкнёнай, жыве самотна з коцікам і ўжо не ў цэнтры горада, як гэта любіла раней, а на ўскрайку побач з лесам і ракой. Кажа, што раней такою не была.

Цікаўлюся ў яе, ці не шкадуе, што тады ў 2020 годзе пайшла на пратэсты?

— Я тры гады не магла паверыць, што ўсё так скончылася... Памятаю Мінск 16 жніўня: мора людзей, мора надзеі. І дагэтуль не разумею, як улады здолелі гэта задушыць. Я была ўпэўненая, што мы пераможам.

Мне вельмі балюча, што я не магу вярнуцца дамоў, да бацькоў. Мы стэлефаноўваемся амаль штодня. Мае бабулі хварэюць, і я не ведаю, ці пабачу іх яшчэ калі-небудзь. Гэта невымоўна цяжка.

Марыя працягвае шукаць у Польшчы сваё месца, свой дом, бо не ведае, ці ўдасца ёй калі-небудзь вярнуцца на радзіму. Шмат сіл кладзе на тое, каб збудаваць сваё жыццё.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

   


 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы