Беларуская Служба

Вы не паверыце, колькі гадоў самаму пажылому чалавеку, які вырашыў здаць «матуру»

06.05.2025 14:03
Здача іспытаў з'яўляецца абавязковай умовай для паступлення ў ВНУ.
Аўдыё
  • У Польшчы здаюць іспыты на атэстат сталасці.
           .
Выпускнікі адной са школ у Гожаве Вялікапольскім пішуць іспыт па польскай мове.Фота: PAP/Lech Muszyński

Май – нялёгкі  месяц для выпускнікоў сярэдніх школ. Па ўсёй Польшчы сотні тысяч людзей здаюць адзін з важнейшых экзаменаў у сваім жыцці — так званую «матуру». Гэта не толькі падсумаванне гадоў вучобы ў сярэдняй школе (ліцэі або тэхнікуме), але і ключ да далейшай адукацыі. Здача іспытаў з'яўляецца абавязковай умовай для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

«Матура» складаецца з абавязковых экзаменаў – гэта польская мова (пісьмовы і вусны іспыт), матэматыка (толькі пісьмовы), сучасная замежная мова (найчасцей англійская; пісьмова і вусна), якія здаюцца на базавым узроўні. Пры гэтым, абітурыент павінен здаваць хаця б адзін прадмет на павышаным узроўні (напрыклад, біялогія, гісторыя, геаграфія, фізіка, польская мова, матэматыка і г.д). Экзамен на павышаным узроўні неабходна толькі прайсці, здаваць яго «на балы» не абавязкова (то бок, няма мінімальнага парога). Каб здаць матуру, трэба набраць мінімум 30% балаў па кожным абавязковым прадмеце.

Сёлета на экзамене па польскай мове галоўнай тэмай сачынення стала «надзея». Свае разважанні можна было падмацаваць фрагментамі літаратурных твораў – між іншым, п’есы «Дзяды» Адама Міцкевіча. Вось што казалі вучні адной са школ у Познані пра тэму сваёй экзаменацыйнай працы.

— Крыніцай надзеі можа быць, напрыклад, вера ў Бога. Праўда, я сам няверуючы, але ведаю, што для многіх людзей вера — гэта тое, на што можна абапірацца ў жыцці. Яна дазваляе прайсці праз жыццёвыя цяжкасці.

— Я выбрала раман «Чума» Альберта Камю, пісала пра тое, як галоўны герой змагаўся з хваробай. Я таксама карысталася трэцяй часткай «Дзядоў», у якой Конрад пратэстуе супраць рэпрэсій.

— На маю думку, крыніцай надзеі з’яўляецца вера ў Бога, і пра гэта я пісала ў сваім сачыненні.

Экзамен па польскай мове складаецца з трох частак: тэсту на валоданне мовай, гісторыка-літаратурнага тэсту і эсэ. Максімальна ацэнка – 60 балаў. Каб здаць, трэба набраць не менш за 30%. На іспыт адведзена 4 гадзіны.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда перад пачаткам іспытаў пажадаў поспехаў выпускнікам сярэдніх школ. «Мы з Агатай (жонка прэзідэнта – рэд.) выдатна ведаем, колькі працы вы ўклалі ў падрыхтоўку, і ведаем, што нашы думкі з вамі. Вашы бацькі і настаўнікі таксама перажываюць і падтрымліваюць вас усім сэрцам. Давярайце сваім ведам і будзьце ўпэўненыя ў сваіх навыках», — напісаў Анджэй Дуда ў сацыяльных сетках.

275 тысяч выпускнікоў гэтага года здаюць экзамены на атрыманне атэстата аб сярэдняй адукацыі, а таксама 49 тысяч тых, хто хоча палепшыць свае вынікі папярэдніх гадоў. Пры гэтым, Цэнтральная экзаменацыйная камісія пацвярджае, што ў інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі тэмы іспыту па польскай мове. У сацсеткі нехта ўставіў здымак з тэмай эсэ, ужо пасля пачатку іспытаў, так што ўдзельнікі іспытаў і так не змаглі б ёй скарыстацца. Тым не менш, гэта парушэнне закону, за якое прадбачана пакаранне, – гаворыць дырэктар камісіі Роберт Закшэўскі (Robert Zakrzewski).

— Згодна з законам аб сістэме адукацыі, у памяшканне, дзе здаюць іспыты, нельга праносіць тэлекамунікацыйную апаратуру. Той, хто такую апаратура пранёс, а тым больш, карыстаўся ёй, не можа здаць экзамен. Калі мы высветлім персанальныя дадзеныя чалавека, які пранёс апаратуру і скарыстаўся ёю, вынікі яго іспытаў будуць ануляваныя.

Агулам арганізацыя іспытаў не паспявае за дынамічнымі зменамі, якія адбываюцца ў галіне тэхнічных магчымасцяў. Скажам, існуюць ужо спецыяльныя акуляры, праз якія чалавек можа праглядаць сеціва, а звонку гэтага не бачна. Магчыма, неабходна цалкам перабудаваць сістэму здачы іспытаў, часцей карыстацца вуснай праверкай? Аб гэтым казала ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё віцэ-міністр адукацыі Паўліна Пехна-Венцкевіч (Paulina Piechna-Więckiewicz).

— Гэта вельмі надзейны спосаб праверкі ведаў – вусны іспыт. Можна мець упэўненасць, што чалавек не карыстаўся падказкамі штучнага інтэлекту. Пры гэтым, у кожнага розныя здольнасці – адны лепш пішуць, іншыя лепш гавораць. Трэба, каб ва ўсіх былі аднолькавыя шансы. Пакуль што іспыты выглядаюць так, але яны будуць мяняцца, таксама, як мяняецца навука. Неабходна ўводзіць таксама змены ў праграму навучання. Наш свет так хутка мяняецца, што практычна кожны год можна было б нанава ісці вучыцца інфарматыцы.

А калі хтосьці хоча вучыцца, перад ім няма перашкод. Не існуе ліміту ўзросту, да якога можна здаваць матуру. Самым пажылым жыхаром Польшчы, які здае сёлета экзамены, стаў 86-гадовы Юзэф Пэруга (Józef Peruga), для якога гэта ўжо чарговая спроба атрымаць атэстат сталасці. Ён здае іспыты ў Калішы. У школу нават прыехаў мэр Каліша Крыстыян Кінастоўскі (Krystian Kinastowski).

— Увесь Каліш і ўся Польшча трымае за вас сёння кулачкі. Калі ласка, не хвалюйцеся і добра напішыце іспыт.

Юзэф Пэруга здае матуру другі раз. Ён піша іспыты па польскай мове, матэматыцы і нямецкай мове. Можна толькі пазайздросціць яго сіле волі і мэтанакіраванасці.  

IAR/I Pr.PR/нг