Беларуская Служба

Нямецкія вучні не бачаць пагрозы ў нацызме і грэбуюць трагедыяй Другой сусветнай вайны

08.05.2025 13:52
Праз 80 гадоў пасля заканчэння вайны захоўваць памяць становіцца ўсё цяжэй, б'юць трывогу нямецкія настаўнікі і гісторыкі.
Школафота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Сярод нямецкіх школьнікаў можна пачуць меркаванні кшталту «Польшча справакавала Другую сусветную вайну» або «Габрэі нейкім чынам былі саўдзельнікамі таго, што адбылося», паведамляе сайт Onet.pl са спасылкай на нямецкае выданне «Frankfurter Allgemeine Zeitung».

Такія непраўдзівыя тэзісы нясуць усё большую пагрозу ў сувязі з павелічэннем прабелаў у ведах сярод вучняў, падкрэсліў Ніка Лампрэхт, старшыня Нямецкай асацыяцыі настаўнікаў гісторыі (VGD). Ён дадаў, што выкладчыкі назіраюць усё больш негатыўнае стаўленне вучняў да тэмы нацыянал-сацыялізму і Галакосту.

Сямейныя і культурныя сувязі або правыя погляды часта гуляюць важную ролю, адзначаецца ў сумеснай заяве Нямецкай асацыяцыі настаўнікаў гісторыі (VGD) і Асацыяцыі нямецкіх гісторыкаў (VHD). Яны таксама назіраюць, што ўсё часцей гучаць заклікі «адпусціць» нацысцкі перыяд у нямецкай гісторыі.

«Вучні больш не слухаюць настаўнікаў»

Пасля нападу палесцінскага ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года і ваеннай аперацыі Ізраіля ў адказ у сектары Газа адмаўленне або ігнараванне Халакосту і антысемітызму паяўляецца ўжо не толькі ў школах з вялікім адсоткам вучняў з паходжаннем мігрантаў, адзначаюць нямецкія настаўнікі.

«Абыякавасць і фэйкавыя навіны на гэтую тэму з'яўляюцца выдатнай асновай для развіцця такіх з'яў», — гаворыцца ў сумеснай заяве.

«Вучні перасталі слухаць настаўнікаў, гістарычныя факты і крыніцы ігнаруюцца, а блогеры і фільмы розных сумнеўных аўтараў сваімі простымі пасланнямі навязваюць моладзі сваю інтэрпрэтацыю гістарычных падзей», б'юць трывогу нямецкія настаўнікі і гісторыкі.

Хутка не застанецца відавочцаў нацысцкай эпохі, калектыўная памяць знікае, а нацысцкія злачынствы памяншаюцца або ігнаруюцца, таму гісторыкі бачаць вострую неабходнасць дзеянняў, падкрэслівае Оnet.pl. услед за «Frankfurter Allgemeine Zeitung».

яс