На працягу апошніх некалькіх тыдняў Польшчу скалыхнулі некалькі забойстваў жанчын, пра якія пісалі ўсе СМІ.
Гэта смерць 16-гадовай Маі з горада Млава, якую забіў яе знаёмы. 17-гадовы Барташ катаваў дзяўчыну перад смерцю, прывязаў да дрэва, абліў кіслатой. А пасля забойства спакойна паехаў у Грэцыю па праграме абмену Erasmus.
Гэта і забойства 53-гадовай Малгажаты, супрацоўніцы Варшаўскага ўніверсітэта, на якую абсалютна без ніякай прычыны напаў 22-гадовы студэнт юрыдычнага факультэта з сякерай у руках. Верагодна, ён мае псіхічнае расстройства.
Згаданыя злачынствы шырока асвятлялі ў СМІ, але не пра ўсе забойствы жанчын так шмат інфармуюць у медыя, паколькі большасць з іх здзяйсняюцца ў менш шакуючых акалічнасцях. Былі і гучныя забойствы мужчын, напрыклад, пацыент забіў лекара, але часцей мы чуем пра забітых жанчын.
30 жанчын загінулі ў Польшчы са студзеня гэтага года, часцей за ўсё ад рук сваіх блізкіх ці знаёмых, выключна мужчын. Гэта прыкладна столькі ж, як і год таму.
Заснавальніца Цэнтра правоў жанчын Уршуля Навакоўска (Urszula Nowakowska) звяртае ўвагу на тое, што, як правіла, жанчыны, якія становяцца ахвярамі, ведаюць забойцаў, гэта хтосьці блізкі:
— У адрозненні ад забойстваў мужчын, забойцамі жанчын часцей за ўсё з'яўляюцца мужчыны, якія былі іх партнёрамі. Часам гэта звязана са згвалтаваннем, як у выпадку забойства маладой беларускі Лізы ў мінулым годзе. Вы сказалі, што з пачатку года было забіта 30 жанчын. Гэта толькі тыя выпадкі, пра якія пісалі СМІ, магчыма, спраў было больш, але пра іх не паведамлялі. Мужчына, а часцей за ўсё гэта былыя партнёры забітых, не можа змірыцца з тым, што жанчына хоча яго кінуць. Самы рызыкоўны той момант, калі жанчына вырашае кінуць аб’юзера.
А ці высокі градус спрэчак і негатыўных эмоцый у палітычным, публічным жыцці можа мець уплыў на тое, як паводзяць сябе людзі? Так, псіхолагі звяртаюць увагу на тое, што негатыўныя эмоцыі маюць значна большы радыус дзеяння, чым пазітыўныя. Таму аўтары каментарыяў у сацсетках свядома несвядома выкарыстоўваюць негатыўныя эмоцыі, каб пашырыць маштаб уздзеяння.
Эльжбета Радван (Elżbieta Radwan), якая працуе бургамістрам муніцыпальнай адміністрацыі гарадка Валомін пад Варшавай, адзначыла ў эфіры "Радыё для цябе", што палітыкі спецыяльна падаграваюць атмасферу спрэчак. А адказны і добры палітык павінен канцэнтраваць сваю ўвагу на іншых рэчах.
— Палітыкі хочуць сябе паказаць, каб на іх звярнулі ўвагу. На маю думку, наша грамадскае жыццё, палітычнае жыццё патрабуе змен. Адказныя палітыкі павінны звяртаць увагу на тое, што істотнае, важнае ў жыцці – на агульнае дабро жыхароў, на тое, каб людзі адчувалі сябе лепш, каб у іх было лепшае жыццё. Не трэба ўдзельнічаць у рэйтынгу дурноты і агрэсіўнасці – хто лепшы.
У палітыку прабіваецца шмат асоб, якія свядома выкарыстоўваюць самыя нізкія эмоцыі, каб будаваць сваю папулярнасць, у тым ліку ўнутры іх партыі, - кажа бургамістр варшаўскага раёна Беляны Гжэгаж Петручук (Grzegorz Petruczuk).
— Маім меркаваннем, многія палітыкі спецыяльна падаграваюць эмоцыі, паколькі яны атрымліваюць ад гэтага канкрэтныя палітычныя дывідэнды, будуюць такім чынам сваю папулярнасць, людзі іх лепш памятаюць. Таксама яны ўзмацняюць сваю пазіцыю ўнутры партыі. І робяць гэта з поўным разуменнем, што гэта дрэнныя паводзіны, але ім гэта не перашкаджае, паколькі галоўнае — іх інтарэсы.
Людзі стараюцца рацыяналізаваць кожнае здарэнне, шукаць прычыны таго, што здарылася. І таму яны часта схільныя частку віны перакладваць на ахвяру. Тады ім прасцей змірыцца з тым, што хтосьці загінуў. Гэта датычыць нават прадстаўнікоў сістэмы правасуддзя, - гаворыць Уршуля Навакоўска.
— Я не раз сустрэлася з такой сітуацыяй, што на забітых жанчын ускладвалі віну за тое, што яны былі забітыя. Я не магу забыць гісторыю маці забітай жанчыны, з якой я хадзіла на судовыя пасяджэнні. Пракурор, дарэчы, сама жанчына, якая павінна захоўваць аб’ектыўнае стаўленне, заявіла, маўляў, ваша дачка таксама была часткова вінаватай. Гэта былі вельмі жорсткія словы, маці забітай плакала. Муж гэта забітай жанчыны, які быў абвінавачаны ў забойстве, казаў, што яна яму здраджвала, хаця не было ніякіх доказаў. Гэта была яго лінія абароны.
СМІ павінны знайсці раўнавагу ў тым, каб, з аднаго боку, паведамляць пра такія страшныя здарэнні, як забойства, але з іншага боку, не падаграваць негатыўных эмоцый. Меркаваннем экспертаў, нельга таксама «рамантызаваць гвалт і прадстаўляць злачынцу як таго, каго трэба шкадаваць».
нг