Беларуская Служба

Пра польскае сяло пішуць замежныя СМІ

14.05.2025 14:59
Замежныя журналісты зноў прыглядаюцца да вёскі Сулашова (Sułoszowa), што знаходзіцца пад Кракавам, піша партал Onet.pl
Сулашова з птушынага палётуFB/Gmina Sułoszowa

Сулашова знаходзіцца прыкладна ў 29 км на паўночны захад ад Кракава. Яна не раз трапляла ў навіны. Гэта з-за фотаздымкаў, якія паказваюць вёску з вышыні птушынага палёту.

Здымкі дэманструюць складаную мазаіку з зялёных і залатых палёў, а таксама групу дамоў з рознакаляровымі дахамі. Праз вёску праходзіць толькі адна дарога, адна з самых доўгіх у Польшчы - 9 км. У вёсцы пражывае каля шасці тысяч чалавек і ўсе яны жывуць уздоўж гэтай жа адной дарогі. 

Гэтая ўнікальная карціна прывяла брытанцаў у захапленне.

Сулашова не раз трапляла на старонкі газет — гэтым разам пра вёску напісала брытанскае выданне Daily Mail. У вёсцы ў апошнія гады назіраецца рост турызму.

«Раней людзям было лягчэй жыць на адной вуліцы», — патлумачыла такое размяшчэнне ў размове з журналістамі «Super Express» Катажына Бега з Рады гміны Сулашова. Яна дадала, што з вышыні птушынага палёту гэтая ўнікальная кампазіцыя трохі нагадвае ліст.

Сюды пачалі прыязджаць турысты пасля таго, як у інтэрнэце трапілі фота і відэа вёскі. Убачыць маляўнічыя палі сваімі вачыма хочуць многія.

Вёска была заснавана ў 16 стагоддзі арыстакратычным вайскоўцам. Калісьці ціхая і невядомая, сёння набывае вядомасць яшчэ і дзякуючы таму, што яе называюць «малой Тасканай».

яс