Сёлета яно адбываецца 19-ы раз у 10 гарадах. Яго арганізатарам з'яўляецца фонд Viva!
Гэта падзея скіраваная да ўсіх, каму не абыякавы лёс жывёлы і цэлай планеты, а таксама тых, хто хоча зрабіць нешта добрае для свайго здароўя. І хоць веганы складаюць значную большасць удзельнікаў Тыдня веганства, то арганізатары імкнуцца трапіць да новых людзей, якія надалей ядуць мяса і іншыя прадукты жывёльнага паходжання, але зацікаўленыя зменай рацыёну на больш раслінны ці цалкам веганскі.
У рамках тыднёвага цыклу запланаваны дзясяткі мерапрыемстваў у некалькіх гарадах. Удзельнікі будуць мець магчымасць прыняць удзел у кулінарных майстар-класах, сустрэчах са спецыялістамі па ахове здароўя і харчаванні, кінапаказах, тэматычных лекцыях, барбекю на расліннай аснове, а таксама ў культурных і забаўляльных мерапрыемствах.
Праграму можна знайсці тут.
Мы паразмаўлялі з каардынатаркай Тыдня веганства, дыетолагам Сандрай Марціняк. Яна тлумачыць, што веганства – гэта не толькі спосаб харчавання, але цэлая сістэма каштоўнасцяў, якая абапіраецца на эмпатыі да жывёл, павагі да навакольнага асяроддзя і ўласнага здароўя:
- Гэта свядомы выбар не падтрымліваць галіны прамысловасці, якія эксплуатуюць жывёл. І не толькі ў харчовай прамысловасці, але і ў адзенні, касметыцы, фармацэўтыцы, індустрыі забаў, транспарце і навуковых даследаваннях. Для многіх людзей гэта этычны лад жыцця, які адлюстроўваецца ў паўсядзённых рашэннях. І, вядома, ёсць шмат прычын, чаму людзі становяцца веганамі, але найбольш распаўсюджаных матывацый тры. Гэта этыка, то бок супраціў эксплуатацыі і забойству жывёл дзеля задавальнення патрэб чалавека і забавы. Затым экалогія, бо раслінная дыета мае меншы вугляродны і водны след, а таксама памяншае высечку лясоў і выкіды парніковых газаў. Вядома, тут трэба звярнуць увагу на тое, каб прадукты, якія мы спажываем і выкарыстоўваем, былі мясцовымі, пажадана з Польшчы, бо тады мы таксама абмяжоўваем уплыў транспарту. І трэцяя каштоўнасць, якая таксама вельмі блізкая асабіста мне, бо я дыетолаг, — гэта здароўе. Здаровая, добра збалансаваная веганская дыета можа знізіць рызыку многіх цывілізацыйных захворванняў, а таксама дапамагчы ў іх лячэнні. Гэта такія захворванні, як дыябет 2 тыпу, гіпертанія, іншыя захворванні сістэмы кровазвароту і нават некаторыя віды раку.
Сандра Марціняк гаворыць, што гэта пацверджана навуковымі даследаваннямі і называе самыя буйныя дыетычныя арганізацыі ў свеце: Амерыканская акадэмія харчавання і дыетыкі, Брытанская дыетычная асацыяцыя або Дыетычная асацыяцыя Канады. Яны пацвярджаюць, што правільна збалансаваная веганская дыета бяспечная і здаровая на кожным этапе жыцця, а таксама падыходзіць для дзяцей, цяжарных жанчын, спартсменаў і пажылых людзей. Але галоўнае тут — гэта добры баланс, гаворыць Сандра Марціняк:
- Гэта значыць, што гэтая дыета павінна ўтрымліваць як мага менш апрацаваных прадуктаў, г.зн. гародніну, садавіну, суцэльныя збожжа, бабовыя, арэхі, насенне і, магчыма, іншыя дабаўкі, напрыклад, спецыі або некаторыя раслінныя заменнікі мяса або малочныя прадукты з добрым складам, а таксама БАДы, у асноўным вітамін B12, вітамін D, а таксама амега-3 кіслоты ў выпадку веганскай дыеты, якая не ўключае ўжыванне рыбы. Незбалансаваная раслінная дыета можа прывесці да дэфіцыту, але гэтак жа, як дыета, якая ўключае прадукты жывёльнага паходжання і заснавана на вельмі абмежаваным асартыменце прадуктаў, такіх як апрацаванае мяса або белы хлеб. Такая дыета таксама прывядзе да дэфіцыту, магчыма, нават большага, чым дыета, якая заснавана на гародніне, садавіне і іншых раслінных інгрэдыентах.
Наша суразмоўца пераконвае, што веганства не павінна азначаць дарагавізну, паколькі асноўныя прадукты дыеты, неапрацаваныя гародніна, садавіна, сушаныя бабовыя, крупы або рыс, даступныя і танныя, іх можна знайсці ў кожнай прадуктовай краме, нават невялікай. Большыя цэны сапраўды тычацца больш апрацаваных прадуктаў, як вараная і запакаваная гародніна, заменнікі мяса або веганскія сыры, але яны не з'яўляюцца неабходнымі ў штодзённым рацыёне, гаворыць Сандра Марціняк:
- Часцей за ўсё гэта хуткія стравы, гатовыя да ўжывання амаль адразу без неабходнасці падрыхтоўкі на кухні або гатавання. А таксама, напрыклад, прысмакі ў якасці хуткага перакусу. І ўсё больш крам прапануюць недарагія варыянты на расліннай аснове, напрыклад, пад уласным брэндам. Я кажу пра тофу, хумус, бургеры на расліннай аснове. Аднак даступнасць прадуктаў у крамах невялікіх гарадоў таксама можа быць перашкодай. Калі вы жывяце ў большым горадзе, такім як Варшава, Гданьск, Гдыня ці Уроцлаў, то вельмі лёгка назапасіцца такімі таварамі. Калі мы жывём у невялікіх гарадах ці вёсках, на дапамогу прыходзяць інтэрнэт-крамы.
Колькасць веганаў у Польшчы сістэматычна, хоць дастаткова павольна, але расце. У больш хуткім тэмпе расце колькасць людзей, якія абмяжоўваюць мяса ці агульна прадукты жывёльнага паходжання.
Даследаванне, праведзенае каля 5 гадоў таму паказала, што ў той час, у месяц, які папярэднічаў даследаванню, больш за 6,5% дарослых палякаў прытрымліваліся вегетарыянскай дыеты, у той час амаль 2% людзей у Польшчы прытрымліваліся веганства.
- Таксама бачна, што ўсё больш рэстаранаў, крамаў, кейтэрынгавых кампаній рэагуюць на гэты попыт, і, напрыклад, кампаніі, якія раней выраблялі толькі, напрыклад, малочныя прадукты з каровінага малака або апрацаванае мяса, уводзяць у сваю прапанову раслінныя версіі гэтых прадуктаў, што таксама адлюстроўваецца на іх смаку або кансістэнцыі, таму што гэтыя кампаніі ўжо маюць вялікі вопыт у вытворчасці гэтага віду прадукцыі. Дзякуючы чаму, напрыклад, каўбаскі тыпу кабанос або ёгурты не адрозніваюцца па смаку ад тых, якія мы ведаем традыцыйна.
Усё ж ёсць і праблемы, асабліва калі казаць пра доступ да веганскага рацыёну ў дзяржаўных установах, тыпу школы, шпіталь. Тэарэтычна ў грамадскіх установах павінны быць магчымасці выбраць тып харчавання, але на практыцы веганскія стравы, на жаль, рэдкасць, а іх якасць і збалансаванасць пакідаюць жадаць лепшага. У школах ці бальніцах яны часта зусім недаступныя. Цікава, што сітуацыя значна лепш выглядае ў турмах. Тут патрэбныя сістэмныя змены, кажа дыетолаг:
- Тэма патрабуе сістэмных змен, адукацыі адказных людзей, якія прымаюць рашэнні, а таксама маюць пэўны ўплыў на калектыўнае харчаванне, але змены патрэбныя зверху, ад палітыкаў, людзей на высокіх дзяржаўных пасадах, а потым і меншых суб'ектаў, такіх як установы, такія як школы, універсітэты, бальніцы, паліклінікі. Прадстаўнікі розных арганізацый змагаюцца за расліннае харчаванне ў школах у рамках праграмы «Раслінная школа». Калі казаць пра наяўнасць раслінных варыянтаў харчавання ў бальніцах, я таксама хачу падкрэсліць, што гаворка ідзе не пра поўную замену ўсіх страў, а пра даданне гэтых раслінных варыянтаў, то мы як фонд VIVA змагаемся за гэта, збіраем подпісы пад петыцыяй на сайце zostanwege.pl, і з мінулага года мы ўжо сабралі больш за 4000 подпісаў. Мы таксама заклікаем вас падпісацца анлайн, каб наблізіць нас да гэтай агульнай мэты, каб людзі, якія прытрымліваюцца расліннай дыеты, калі трапяць у бальніцу, не галадалі, а маглі харчавацца збалансавана.
Веганы – гэта не толькі харчаванне. Гэта і іншыя аспекты жыцця, напрыклад, касметыка ці БАДы. Сандра Марціняк з’яўляецца веганскім дыетолагам і сама ўжо сем гадоў з’яўляецца веганкай. Яна кажа, што ў выпадку касметыкі, вегане звяртаюць увагу на два аспекты: склад і ці касметыку тэсціравалі на жывёле.
Праверыць, ці касметыка ўтрымлівае прадукты жывёльнага паходжання, – гэта дастаткова складаная задача, прызнае наша суразмоўца:
- На жаль, гэта даволі распаўсюджаная з'ява, і часам гэта цяжка праверыць. Інгрэдыенты, якія могуць быць знойдзены, - гэта, напрыклад, малако, мёд, некаторыя іншыя прадукты пчалярства, можа быць ланалін, могуць быць, напрыклад, некаторыя фарбавальнікі або некаторыя іншыя жывёльныя тлушчы. Тут, каб распазнаць, што гэта веганскі прадукт, трэба проста пашукаць нейкі сертыфікат ці хаця б надпіс, што ён падыходзіць для веганаў, што не ўтрымлівае ніякіх жывёльных інгрэдыентаў, з'яўляецца веганскім і г.д. Часта нават невялікі надпіс vegan ужо шмат пра што нам скажа. Пытанне тэставання на жывёлах, гэта так званае cruelty free. Многія касметычныя сродкі маюць такую маркіроўку, напрыклад, значок зайчыка або CF, і гэта ўжо самы этычны прадукт, калі мы выбіраем веганскі прадукт, не тэставаны на жывёлах. Прадукт у 100% раслінны будзе найлепшым выбарам для веганаў.
Калі казаць пра БАДы, то веганы таксама стараюцца абіраць харчовыя дабаўкі без прадуктаў жывёльнага паходжання, што таксама можа быць няпростай задачай.
Тыдзень веганства – гэта добрая нагода, каб сустрэць аднадумцаў, ці атрымаць адказ на пытанні, якія нас хвалююць.
ав