У нядзелю ў Польшчы адбыўся першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Праз два тыдні 1-га чэрвеня адбудзецца другі тур.
Сёлета першы тур прэзідэнцкіх выбараў адзначыўся найвышэйшай яўкай выбаршчыкаў у гісторыі Трэцяй Польскай Рэспублікі. На выбарчыя ўчасткі прыйшлі больш за 19,5 мільёна грамадзян, што складае 67,3% ад тых, хто мае права голасу, — заявіў старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Сільвестр Марціняк.
Ці складана працаваць у такіх умовах, якія асаблівасці фармавання выбарчых камісіі ў Польшчы, падліку галасоў ды назірання, пра ўсё гэта мы запыталіся ў журналіста ды назіральніка, які працаваў шараговым чальцом камісіі Эдуарда Жолуда.
— У выбарчыя камісіі ніжэйшага ўзроўню, гэта аналаг беларускай участковай выбарчыя камісіі, куды прыходзяць непасрэдна галасаваць у дзень выбараў, вельмі проста трапіць. Вельмі простая празрыстая працэдура, каб патрапіць у склад выбарчыя камісіі: або цябе туды дэлегуюць кандыдаты (выбарчы камітэт, то бок штаб асобных кандыдату, або ты сам грамадзянін ідзе ў спецыяльна створаны выбарчы калектыў, які адказвае за арганізацыю выбараў у публічнай адміністрацыі адпаведнага ўзроўню, гміны, раёна, горада. Там падаеш заяву, і цябе кваліфікуюць у склады камісіі, нават улічваюць тваё жаданне, калі ты напісаў нумар камісіі, куды хочаш трапіць. Калі там не хапае чальцоў камісіі, цябе без праблем могуць накіраваць туды, куды ты просішся. У Польшчы, дарэчы, няма датэрміновага галасавання, выбары адбываюцца непасрэдна ў вызначаны дзень галасавання, або ёсць магчымасць прагаласаваць па пошце.
Склад камісія таксама моцна адрозніваецца ад Беларусі, тут мінімальна чыноўнікаў.
— Калі параўноўваць выбарчы працэс з тым, што адбываецца ў Беларусі, дзе цяжка назваць галасаванне выбарамі, у Польшчы ўсё інакш. У Беларусі, зазвычай, камісіі складаюцца з працаўнікоў тых устаноў, дзе праходзяць выбары. Зазвычай гэта нейкія школы, установы адукацыі, і абавязкова вельмі шмат функцыянераў, дробных чыноўнікаў з выканаўчай улады. У Польшчы чагосьці такога нема. Безумоўна, здараюцца выпадкі, што хтосьці з працаўнікоў выканаўчай улады можа быць у камісіі, але пераважна такога не адбываецца. Чальцы камісіі абсалютна, скажам так, выпадковыя людзі, які выказалі жадання, або якіх накіравалі выбарчыя штабамі кандыдатаў. Тут няма канфлікту інтарэсаў. Нават, на прыкладзе той камісіі, дзе я працаваў, было 11 чалавек. Гэта абсалютна розны сацыяльны, гендарны склад. У мяне ў камісіі былі маладзёны, нават, маладзейшыя за мяне. Так сама былі пенсіянеры, асобы, якія арганізоўвалі выбары, яшчэ пачынаючы з 1989 году, калі ў Польшчы адбыліся першыя часткова свабодныя выбары.
Сябры выбарчых камісій у Польшчы, атрымоўваюць фінансавую ўзнагароды за выкананне працы, зазначае наш суразмоўца?
— Гэта праца так сама не дармовая, за яе атрымліваюць грошы, напрыклад, для шараговых чальцоў камісіі прадугледжаныя ўзнагарода ў 500 злотых, гэта каля 125 еўра. Гэта за першы туры, адпаведна, калі гаворым пра прэзідэнцкія выбары, у выпадку другога тура будзе каля 350 злотых.
Як выглядае падлік галасоў у Польшчы? Ці нечым нагадвае вядомыя выявы з Беларусі, дзе жанчыны сябры камісіі сваімі задамі закрываюць стол з бюлетэнямі, каб не было бачна падліку?
— Не, нечага такога няма. Працэс падліку вельмі транспарэнтны і празрысты. Назіральнікі могуць сачыць за падлікам галасоў, пры тым, што давераныя асобы кандыдатаў маюць права ўносіць свае заўвагі і прапановы камісіі, на якіх камісія павінна афіцыйнае зрэагаваць, улічыць. Нават павінна ўнесці ў пратакол. Давераныя асобы нават могуць уносіць папраўкі ў працэдуру падліку на месцы, каб у назіральнікаў, у прадстаўнікоў кандыдатаў была магчымасць назіраць за падлікам галасоў бесперашкодна.
Як адбываецца назіранне за выбарамі ў Польшчы?
— У Польшчы ёсць толькі тры віды назіральнікаў за выбарамі. Першы - гэта грамадскі назіральнік, яго можа высунуць няўрадавая арганізацыя, якая мая сярод сваіх мэт статутнай дзейнасці развіццё дэмакратычнага грамадства і грамадзянскай супольнасці. Другая магчымасць - гэта інстытут так званых давераных асоб, якіх назіральнікамі накіроўваюць выбарчыя штабы асобных кандыдатаў. Яшчэ польскім заканадаўствам прадугледжаныя міжнародныя назіральнікі, калі было накіраванае ў асобную краіну або міжнародную арганізацыю адпаведнае запрашэння з боку Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы.
У Беларусі ўлады любяць заяўляць, што выбары гэта свята, ладзіць буфеты з таннай ежай ці выпіўкай, каб заахвоціць электарат прыйсці на ўчасткі. Ці ў Польшчы таксама пануе святочная атмасфера на выбарчых участках?
— Атмасферы свята на выбарчых участках нема, але ёсць атмасфера адказнасці ды павагі. Выбарчы ўчастак абавязкова мае дзяржаўны герб Польшчы, галасаванне арганізавана такім чынам, каб дэманстраваць павагу да волевыяўлення грамадзян. Атмасферы свята, ці некіх урачыстасцяў, буфетаў з таннай гарэлкай і мандарынамі, ці выступаў самадзейнасці, як правіла, нема. Ёсць такая сціплая, сур'ёзная, трошкі ўрачыстая атмасфера на гэтых участках, бо выбары гэта вельмі важная падзея, асабліва выбары галавы дзяржавы. Але нічога празмернага і надзвычайнага пампезнага ў афармленні выбарчых участкаў, альбо ў працэсе галасавання няма, а тым больш ніякіх буфетаў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч