24 мая 1988 года падчас зносу старой камяніцы ў горадзе Сьрода Слёнска (паўднёва-заходняя частка Польшчы) была знойдзеная другая частка так званага Сьродскага скарбу.
Сьродскі скарб – адна з найкаштоўнейшых археалагічных знаходак ХХ стагоддзя ў Еўропе. Гэта калекцыя сярэднявечных манет і каштоўнасцяў, якія належалі чэшскім манархам, знойдзеная ў 1985 і 1988 гадах у горадзе Сьрода Слёнска падчас будаўнічых работ.
У музеях Уроцлава і Сьроды Слёнскай захоўваюцца знойдзеныя фрагменты скарба: амаль 8 тыс. манет, залатая карона, залатыя пярсцёнкі і іншыя сярэднявечныя ўпрыгожванні. Агульны кошт прадметаў – амаль 60 млн еўра, хоць некаторыя адмыслоўцы ацэньваюць скарб у 100-120 млн еўра.
крыніца: Muzeum Narodowe we Wrocławiu
Скарб быў схаваны ў сярэдзіне XIV стагоддзя, у перыяд, калі гарады Сілезіі былі ахопленыя чумой. Гісторыкі мяркуюць, што каштоўнасці хутчэй за ўсё былі ўласнасцю багатага яўрэйскага банкіра Майсея, які ў 1348 годзе здзейсніў выгадную крэдытную здзелку ва Уроцлаве. У яе выніку чэшскі кароль Карл IV Люксембургскі даў Майсею пад заклад значную частку сваіх каштоўнасцей грашовай пазыкі, якая была патрэбная манарху ў яго намаганнях атрымаць імператарскую карону. Падчас эпідэміі чумы Майсей, баючыся пераследу, бо яўрэяў абвінавачвалі ў распаўсюджванні хваробы, пакінуў Сьроду Слёнскую і больш туды ніколі не вярнуўся. Ён закапаў скарб у падвале свайго дома.
Схованку сярэднявечнага банкіра выявілі толькі праз некалькі сотняў гадоў, падчас рамонтных працаў. 8 чэрвеня 1985 года падчас капання фундаментаў рабочыя знайшлі гліняны збан, запоўнены залатымі манетамі. Акрамя таго, рабочыя знайшлі 3 тыс. 771 сярэбраную манету з першай паловы XIV стагоддзя. Скарб быў перададзены міліцыяй ПНР ва Уроцлаўскі археалагічны музей. Аднак ніхто ніякіх даследаванняў на месцы знаходкі ў той час не правёў, а будаўнічыя працы працягнуліся.
крыніца: Muzeum Narodowe we Wrocławiu
Другая частка Сьродскага скарбу была знойдзеная 24 мая 1988 года падчас зносу камяніцы, дзе раней быў выяўлены першы скарб. На гэты раз знаходка, значна большая за папярэднюю, хутка стала мясцовай сенсацыяй, прывабіўшы на месца натоўпы выпадковых людзей, якія шукалі срэбра і золата. Значная колькасць манет і ювелірных вырабаў была вынесеная з руін падвала камяніцы.
Толькі пасля рэакцыі мясцовых уладаў і актывістаў пачаліся афіцыйныя раскопкі. Тагачасны міністр культуры ПНР звярнуўся да людзей, якія незаконна прысвоілі манеты і іншыя каштоўныя рэчы, і прапанаваў узнагароду ў трохразовым памеры кошту золата за кожны вернуты артэфакт. Многія людзі прынялі гэтую прапанову, аднак частка не адрэагавала. У выніку супрацоўнікі міліцыі арганізавалі пошукавую аперацыю пад кодавай назвай «Карона», якая ахапіла ўсю тэрыторыю Польшчы. У выніку супраць некалькіх чалавек былі ўзбуджаныя крымінальныя справы.
крыніца: Muzeum Narodowe we Wrocławiu
Нягледзячы на ўсе спробы, не ўдалося знайсці ўсе выкрадзеныя элементы Сьродскага скарбу. Са знаходкі, адкрытай 24 мая, былі інвентарызаваныя залатыя каштоўнасці, а таксама 39 залатых манет і 3 тыс. 924 сярэбраныя манеты.
Самым каштоўным прадметам Сьродскага скарбу з'яўляецца каралеўская карона, якая, як мяркуецца, належала Бланцы дэ Валуа, жонцы караля Багеміі Карла IV Люксембургскага. Карона, вышыня якой складае больш за 6 см, а дыяметр – 21 см, вырабленая з золата сіцылійскімі ювелірамі і ўпрыгожаная шматлікімі каштоўнымі камянямі. Яе вага – амаль 600 г. Знаходзіцца карона ў фондах Рэгіянальнага музею ў Сьродзе Слёнскай.
крыніца: Muzeum Narodowe we Wrocławiu
Сярод іншых экспанатаў, якія ўяўляюць як гістарычную, так і матэрыяльную каштоўнасць, варта пералічыць некалькі залатых пярсцёнкаў-пячатак, залаты пярсцёнак з сапфірам, дзве пары залатых завушніцаў, бранзалет і брошку з золата ды іншыя прадметы.
Сьродскі скарб знаходзіцца ў фондах Уроцлаўскага археалагічнага музею і Уроцлаўскага нацыянальнага музею, аднак большасць экспанатаў – у Рэгіянальным музеі ў Сьродзе Слёнскай.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл