Беларуская Служба

«Мы выраслі ў медыя, якое чытаюць па ўсёй Польшчы». Аб тым, як у эміграцыі працуе незалежнае беларускае выданне

29.05.2025 06:07
Гутарка з галоўным рэдактарам «MOST Media» Русланам Кулевічам.
Аўдыё
  • Гутарка з галоўным рэдактарам «MOST Media» Русланам Кулевічам
  MOST Media
Галоўны рэдактар «MOST Media» Руслан КулевічФота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

— Руслан, ваш праект «MOST Media» ўзнік адразу пасля таго, як журналістам з гродзенскіх незалежных рэдакцый давялося рэлакавацца ў Беласток пасля падзей 2020 года. Узгадай, калі ласка, як вы пачыналі аднаўляць тут беларускія выданні?

— «MOST Media» існуе са студзеня 2022 года. Мы пачыналі тут, у Беластоку, як медыя для беларускай дыяспары горада, але ўжо за год выраслі ў медыя, якое чытаюць па ўсёй Польшчы. З 2023 года пачалі называць сябе медыя для беларусаў Польшчы. Да нас звяртаюцца чытачы не толькі з Беластока, але і з Вроцлава, Познані, Гданьска, іншых буйных гарадоў.
У нас таксама ёсць місія — сачыць за сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы. Як вядома, пачынаючы з 2021 года там адбываецца мігранцкі крызіс, і наша задача — асвятляць падзеі, звязаныя з ім.
У Беластоку ў нас ёсць офіс, які служыць не толькі домам для рэдакцыі «MOST Media», але і для іншых рэдакцый і журналістаў, якія апынуліся тут у эміграцыі.

— Наколькі я памятаю, перш чым пачаў працаваць «MOST Media», вы займаліся іншымі журналісцкімі праектамі.

— Так. Яшчэ ў 2021 годзе запусцілі відэапраграму «Мы вернемся», у якой распавядалі і працягваем распавядаць пра актывістаў, а цяпер больш сканцэнтраваліся на гісторыях пра палітвязняў. Мы дагэтуль застаемся адзіным беларускім каналам на YouTube, які распавядае гісторыі палітвязняў. За чатыры гады існавання праекта мы расказалі каля двухсот такіх гісторый.
Праўда, трэба прызнаць, што апошнім часам узніклі цяжкасці з фінансаваннем гэтага праекта. І калі мы не зможам яго працягваць, то ўвогуле не застанецца ніводнага відэапраекта пра беларускіх палітычных вязняў.

— Дарэчы, як ва ўмовах эміграцыі існаваць такому выданню, як ваша? На жаль, усё часцей з’яўляюцца звароты розных беларускіх рэдакцый з просьбай да сваіх чытачоў і гледачоў падтрымаць фінансава іх праекты.

— Яшчэ на пачатку запуску медыя мы планавалі шчыльней працаваць з нашай аўдыторыяй, зрабілі данаты, але гэта не вельмі спрацавала. Спрабавалі рабіць бізнес, які часткова дапамагаў утрымліваць рэдакцыю, але гэтага было недастаткова.
Выжыць у замежжы такому выданню, як наша, без удзелу ў грантавай сістэме вельмі цяжка. Толькі праз тры гады існавання мы пачынаем патроху зарабляць на рэкламе, але пакуль гэтага недастаткова.
Калі мы запускалі праект, спадзяваліся, што кожны з беларускай дыяспары ў Беластоку скінецца па долару — і гэтых сродкаў хопіць з ліхвой. У Беластоку жыве каля 15 тысяч беларусаў, і па аднаму долару з кожнага — праблема была б вырашаная. Але людзі не ахвяруюць. Магчыма, яны расчараваліся ў медыях.

— Ну і што цяпер у планах?

— Яшчэ ў 2024 годзе мы пачалі больш шчыльна супрацоўнічаць з польскімі арганізацыямі, пісалі артыкулы на польскай мове. Хадзілі на заняткі да польскіх журналістаў, пераймалі іх досвед. І гэта быў першы крок да прафесійнага супрацоўніцтва.
Другі крок: у 2025 годзе мы пачалі прапаноўваць свае артыкулы мясцовым выданням. Цяпер кожную пятніцу ў «Kurier Poranny» (найбуйнейшая газета на Падляшшы) выходзіць наш артыкул. Мы самі перакладаем тэксты і дасылаем іх у рэдакцыю. Нядаўна я размаўляў з рэдактарам, цікавіўся, ці чытаюць нашы артыкулы. Ён адказаў, што зацікаўленасць з боку польскіх чытачоў ёсць.
І трэці крок у нашым развіцці: мы стварылі польскамоўную старонку «MOST Media». Плануем распавядаць польскім чытачам пра беларусаў, беларускі бізнес у Польшчы. І, вядома, размяшчаць рэкламу — як польскіх, так і беларускіх фірмаў, што працуюць тут. Для гэтага развіваем рэкламны аддзел, спрабуем прадаваць рэкламу. Пакуль не можам цалкам пакрыць выдаткі на рэдакцыю, але стараемся. Крызіс, які здарыўся ў 2025 годзе, стаў для нас штуршком, каб вучыцца зарабляць самастойна.

— Вы, наколькі можна зразумець, беларускае выданне, але амаль усе матэрыялы публікуеце на рускай мове, а цяпер спрабуеце выдаваць польскую версію. Як гэта разумець?

— Так, на жаль, у нас няма асобнай беларускай версіі. Калі мы пачыналі, прыкладна 70% матэрыялаў было па-беларуску, астатнія — па-руску. Але беларускамоўныя тэксты не траплялі ў рэкамендацыі. Нам было цяжка раскруціць праект. Калі пачалі больш публікаваць па-руску, тэксты траплялі ў рэкамендацыі Google. Для нас гэта было важна, каб не таптацца на месцы. Калі дойдзем да такога ўзроўню, як «Наша Ніва» па праглядах, тады будзем ствараць беларускамоўнае люстэрка.
На жаль, цяпер у нас нават няма аўтараў, якія маглі б пісаць па-беларуску. Цяпер 90% матэрыялаў — па-руску, толькі 10% — па-беларуску. Такая сітуацыя — трэба выжываць. Мы працуем з беларускай мовай, але мусім зарабляць.

— А якія перспектывы бачыце? Ці здольнае ваша выданне ўтрымацца на гэтым рынку?

— Так, але, магчыма, давядзецца скараціць штат супрацоўнікаў, хаця вельмі б гэтага рабіць не хацелася. І нават калі застанецца два-тры чалавекі, кантэнт не стане горшым. Зараз, калі запускаем польскамоўную версію «MOST Media», няма асобнага журналіста для яе. Давядзецца дзейсным супрацоўнікам узяць гэта на сябе. Пераважна гэтым цяпер займаюся я сам.

— Наколькі я разумею, у польскай версіі вашага сайта будуць толькі перакладзеныя з рускай мовы матэрыялы?

— Магчыма, некаторыя іншыя беларускія рэдакцыі зацікавяцца размяшчэннем сваіх артыкулаў у нас на польскай мове, каб даносіць іх і да польскага чытача. Паглядзім, як гэта будзе выглядаць.

— А што яшчэ цікавага плануеце рабіць?

— Мы два гады запар арганізоўвалі і праводзілі школу журналістыкі. Да нас прыязджаюць студэнты на стажыроўку з розных журналісцкіх школ. Думаем працягваць гэтую працу.
Акрамя гэтага, у нас ёсць іншыя відэапраекты — «Беларусы могуць». Ёсць запыт на пазітыўныя гісторыі пра беларусаў, і мы іх робім. Напрыклад, нядаўна рабілі матэрыял пра беларусаў, якія адкрылі ў Польшчы яхтклуб. Яшчэ плануем выдаць кнігу — трэцюю частку ўспамінаў старых гродзенцаў пра наш горад. Дзве папярэднія выйшлі ў Гродне, а цяпер будзе трэцяя і апошняя. На жаль, у Гродне цяпер ніхто ўжо не запісвае ўспаміны сталых людзей пра горад. Таму гэта трэба абавязкова зрабіць.

— Дзякуй за гутарку. 

Гутарыў Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы