Беларуская Служба

Фігурантка па «справе студэнтаў»: Былых палітвязняў няма. Мы перастанем імі быць, калі ўсе выйдуць на волю

08.06.2025 14:05
Вольга Філатчанкава за кратамі правяла 2 года 6 месяцаў.
Аўдыё
  • Фігурантка па «справе студэнтаў»: Былых палітвязняў няма. Мы перастанем імі быць, калі ўсе выйдуць на волю
Вольга Філатчанкавафота: Беларуская служба Польскага радыё

Вольга Філатчанкава — былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Была ўдзельніцай відэазвароту выкладчыкаў БДУІР супраць гвалту ў 2020 годзе, брала ўдзел у забастоўцы. Яна была затрымана 12 лістапада 2020 года, у гэты ж дзень у яе дома быў праведзены вобшук.

Вользе прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 ч. 1 КК РБ (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Спачатку яе змясцілі пад варту ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА-1.

У судзе Савецкага раёна Мінска 16 ліпеня 2021 агучылі прысуд па «справе студэнтаў». Суддзя Марына Фёдарава прызначыла выкладчыцы Вользе Філатчанкавай 2 гады і 6 месяцаў зняволення. Палітзняволеная цалкам адбыла тэрмін і 30 лістапада 2022 г. выйшла на волю з гомельскай калоніі № 4.

Цяпер яна ў вымушанай міграцыі, але на свабодзе Вольга стала нагадвае, што за кратамі надалей знаходзяцца палітвязні. Жанчына гаворыць, што былых палітвязняў няма. Яны перастануць імі быць, калі ўсе выйдуць на волю.

Запрашаем на размову з былой палітзняволенай. У гукавым файле Вольга расказвае пра затрыманне, умовы ў калоніі, жыццё пасля вызвалення.

Слухайце аўдыё

Вольга, на розных акцыях салідарнасці за мяжой гаворыцца, што людзі за кратамі адчуваюць гэтую салідарнасць. Што нават нягледзячы на абмежаваныя кантакты інфармацыя даходзіць. Ці гэта так?

- У маім выпадку дакладна так. Я адчувала, што людзі працягваюць змагацца за нас, думаць. Я гэта адчувала нібыта скурай, вельмі моцна.

Ці палітзняволены бывае былым?

- Я думала, як гэта сфармуляваць. Але за мяне гэта зрабіла Ірына Шчасная. Яна сказала: «Мы будзем палітзняволенымі, пакуль апошні палітзняволены не выйдзе з-за кратаў». Я цалкам з гэтым згодная. Толькі тады мы будзем вольныя. Я лічу, што калі ў цябе ёсць сілы, то трэба расказваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Каб тэма была на слыху. Агульнасусветная павестка настолькі насычаная, што Беларусь губляецца. Трэба намагацца падтрымліваць тэму, што людзі там сядзяць і пакутуюць.

Меркаванні на тэму крокаў, якія набліжаюць да вызвалення людзей, розныя. Частка лічыць, што трэба пераконваць заходніх партнёраў размаўляць з беларускімі ўладамі і абменьваць вызваленне на саступкі. Як вы лічыце?

- Калі гэта дапаможа выратаваць жыцці, то трэба спрабаваць. Асноўны аргумент: рэжым набярэ новых. Дык ён і так набярэ. Паводле мяне, важна, што выйдзе менавіта гэты чалавек, што сваякі пабачаць менавіта гэтага чалавека. Давайце іх кінем і нічога не будзем рабіць? Рэжым жа яшчэ новых набярэ… Навошта ўвогуле тады змагацца. Я не бачу логікі ў такім радыкалізме. Нават Украіна вядзе перамовы з агрэсарам, каб забраць сваіх людзей. Дык і мы сваіх людзей хочам забраць, у чым розніца?

Ці гледзячы ў мінулае, вы зрабілі б так жа? Ці не шкадуеце?

- Мне здаецца, я не змагла б зрабіць інакш. Гэта не гераізм, тады гэта трэбы было рабіць. У мяне даўно было адчуванне, што калісьці я траплю за краты. Я чытала «Архіпелаг Гулаг» як падручнік. Дарэчы, гэта мне дапамагло. Я разумела, як працуе сістэма пакарання знутры. Мне было лягчэй прыняць сітуацыю, хоць не скажу, што я была маральна гатовая менавіта ў той момант, але падсвядома я разумела, што такое можа здарыцца. Калі я трапіла ў СІЗА КДБ, то я зразумела, што там нічога не змянілася з моманту пабудовы. У Гулагу ўмовы былі значна больш складаныя, але людзі сябе захавалі. Цяжка, што ты зняволены, сабе не належыш, але я прыгадвала, што людзі перажылі нават такое, і я вырашыла, што я таксама сябе захаваю, я змагу пераадолець. Гэта мне сапраўды дапамагала.

Дзякуй за размову.