Беларуская Служба

Кітайскія аўтобусы ў Варшаве могуць прадстаўляць рэальную пагрозу бяспецы горада

12.06.2025 15:30
Życie Warszawy пагутарыла з ІТ-спецыялістам і экс-афіцэрам польскіх спецслужбаў Міхалам Матушчыкам (Michał Matuszczyk) пра пагрозы, звязаныя з прысутнасцю кітайскіх электробусаў Yutong на вуліцах польскай сталіцы.
Кітайскі электробус у ВаршавеFot. MZA w Warszawie

Кітайскія электробусы Yutong, якія купіла мэрыя Варшавы ў гарадскі аўтапарк, могуць прадстаўляць рэальную пагрозу бяспецы і функцыянаванню горада.

Кітайскія аўтобусы Yutong у сістэме грамадскага транспарту Варшавы вылучаюцца сучаснымі тэхналагічнымі рашэннямі і нізкім узроўнем выкідаў выхлапных газаў.

Аднак, як адзначае Міхал Матушчык, без адпаведных мер бяспекі аўтобусы могуць стаць не толькі сталічнай навінкай, але і крыніцай пагрозы для прыватнага жыцця грамадзян, стабільнасці транспартнай сістэмы, а таксама для кібербяспекі і лічбавага суверэнітэту сталіцы.

Аўтобусы Yutong могуць запісваць любыя даныя

Міхал Матушчык падкрэслівае, што «аўтобусы новага пакалення, такія як Yutong, абсталяваны перадавымі тэлематычнымі сістэмамі і могуць запісваць і перадаваць даныя, уключаючы GPS-месцазнаходжанне і маршруты, энергаспажыванне і параметры язды, колькасць пасажыраў (на аснове датчыкаў уваходу), выявы з камер відэаназірання і даныя з плацежных сістэм або ідэнтыфікатараў пасажыраў». Самае трывожнае, што пры перадачы гэтых дадзеных у воблака ў вытворцы ў Кітаі, існуе рэальная рызыка іх несумленнай апрацоўкі. Эксперт адзначае, што сабраныя звесткі могуць быць выкарыстаны для аналізу гарадскога трафіку, профіляў мабільнасці жыхароў або вызначэння крытычных кропак варшаўскай інфраструктуры, што з'яўляецца прамой пагрозай інфармацыйнаму суверэнітэту сталіцы.

Больш за тое, экс-афіцэр польскіх спецслужбаў папярэджвае, што варта падумаць, ці не з'яўляецца дыстанцыйнае кіраванне гарадскімі аўтобусамі патэнцыйным інструментам для сабатажу.

— Адной з самых сур’ёзных пагроз з’яўляецца магчымасць дыстанцыйнага спынення транспартнага сродку. У Кітаі функцыю дыстанцыйнага адключэння транспартнага сродку апрабавалі вытворцы аўтобусаў, у тым ліку Yutong, у рамках сістэмы «разумнага кіравання аўтапаркам», кажа Матушчык.

Як адзначае спецыяліст, магчымасць таго, што знешняя структура можа ўзяць кантроль над гарадскім аўтапаркам, можа аказаць катастрафічныя наступствы. Такія выпадкі не гіпатэтычныя. У Германіі ў 2022 годзе наўмысны сабатаж оптавалакна сістэмы GSM-R паралізаваў чыгуначны рух у паўночнай частцы краіны. У Польшчы ў 2023 годзе несанкцыянаваныя перадачы сігналу «радыёстоп» спынілі пасажырскія і грузавыя цягнікі. У Кітаі ў 2020-2022 гадах тэставалася магчымасць дыстанцыйнай блакіроўкі аўтобусаў вытворцам з воблачнага ўзроўню.

яс