Гэта адна з найбольш жорсткіх калоній, дзе катуюць зняволеных. Асобная частка прысвечана новым падрабязнасцям смерці Вітольда Ашурка.
Расследаванне ўзнікла ў рамках спецпраекта Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі і Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Даследаванне праводзілася на аснове 18 інтэрв'ю пацярпелых, якія адбывалі пакаранне ў Шклове са снежня 2020 па чэрвень 2024 года. У расследаванні апісаны шлях з моманту этапа, прыбыцця ў калонію, каранцін, адбыццё пакарання, быт, умовы працы, медыцынскае абслугоўванне. Асобная частка прысвечана новым падрабязнасцям смерці Вітольда Ашурка. Вялікі раздзел прысвечаны супрацоўнікам калоніі.
Сузаснавальнік «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў адзначыў, што ў калоніі ўтрымліваюцца больш за 100 палітзняволеных:
- Усім палітычным зняволеным, як вы ведаеце, вешаюць жоўтую бірку на вопратцы, астатнія зняволеныя цураюцца гэтых зняволеных, бо за зносіны з палітычнымі прыцягваюць да адказнасці. Ужо бірка кажа пра тое, што іншым зняволеным з імі не варта мець справу, гэта свайго роду псіхалагічны ціск. Далей, як прыбываюць у ВК-17 у Шклове. Практычна ўсіх палітвязняў этапуюць у кайданках, яны не здымаюцца, асабліва сочаць за тымі, у каго ў справе напісана экстрэміст, тэрарыст і гэтак далей, з вакзала ўжо непасрэдна вядуць у калонію, адразу ж на ўсіх складаюць рапарты за парушэнні. Што значыць складаюць рапарты за парушэнне? Гэта значыць пазбаўленне пасылак, спатканняў, часам гэта штрафны ізалятар. Карацей, іх імкнуцца зрабіць злоснымі парушальнікамі рэжыму, шлях стаць злосным парушальнікам рэжыму - гэта ПКТ, далей 411 артыкул, гэта значыць турэмны рэжым.
Збіццё пачынаецца прама з каранціну, літаральна ў першыя гадзіны знаходжання. ШІЗА гэта асобная размова. Гэта холад, прычым і летам, і зімой тэмпература там аднолькава халодная, зняволеным забаронена туды браць цёплую вопратку, забаронена ніжняя бялізна, якія-небудзь асабістыя рэчы. Пакуль чалавек сядзіць у штрафным ізалятары ідуць сістэматычныя знявагі, уключэнне гімна, бяссонніца, людзі ўвесь час мерзнуць, у тых, хто ўвесь час знаходзіцца ў ШІЗА, куча захворванняў.
Пабоі - гэта норма ў ВК-17, асабліва для палітычных зняволеных, часта ў сваіх мэтах супрацоўнікі выкарыстоўваюць розныя прадметы, у асноўным дубінкі, зняволеным апранаюць мяшкі на галаву, каб яны не маглі апазнаць твары тых, хто наносяць удары. Але, зноў жа, дубінкамі не абмяжоўваецца, выкарыстоўваюць і іншыя прадметы.
Насілле прымяняецца не толькі ў адказ нібыта на дысцыплінарнае парушэнне. Яго прымяняюць за словы супраціву, за беларускую мову. Сведкі часта згадвалі кіраўніка рэжымнага аддзялення Сяргея Карчэўскага.
Сяргей Усцінаў адзначае, што ў даследаванні ўпершыню паявілася інфармацыя аб практыцы, калі палітзняволеных і іншых асуджаных пераводзяць у нізкі сацыяльны статус:
- Так званыя «пеўні». Як можна патрапіць туды - узяў сметніцу, вынес, гэта значыць ты ўжо ў нізкім сацыяльным статуце. Гэта падтрымліваецца ўсяляк начальствам калоній, хоць яны афіцыйна адмаўляюць гэта, але вось гэтым нізкім сацыяльным статусам запалохваюць людзей. З імі зноў жа не размаўляюць, асобны стол, асобныя месцы для адпачынку і гэтак далей, то бок гэта свайго роду таксама псіхалагічны ціск. Гэтая практыка не новая, яна прыйшла ў беларускія калоніі яшчэ з савецкіх часоў, але ён падтрымліваецца адміністрацыяй калоніі.
Па падліках аднаго з апытаных даследнікамі пацярпелага, былога палітвязня, падчас ягонага знаходжання ў калоніі за год гінула прыкладна 8 чалавек:
- Прычыны смерці розныя, ніхто, вядома, зняволеным не паведамляе. Многія паміраюць на вытворчасцях. Зноў жа трошкі дакрануцца да Вітольда Ашурка, бо нельга не гаварыць. Тут зноў жа вяртаемся да начальніка рэжымнага аддзела Сяргея Карчэўскага і намесніка начальніка калоніі па рэжымнай аператыўнай працы Аляксея Маскалёва. Хутчэй за ўсё, гэта верагодныя забойцы Вітольда, па словах былых зняволеных, яны займаюцца збіццём, катаваннямі зняволеных, іншымі формамі гвалту ў калоніі. Як вы ведаеце, Вітольда з каранціну накіравалі адразу ў ШІЗА і адразу ж пайшлі чуткі, што яго рэчы сказалі пакласці асобна ад усіх да нізкага сацыяльнага статусу. І адна з нашых версій, што калі Вітольд даведаўся пра гэта, ён не хацеў выходзіць з ШІЗА любымі спосабамі, і за што, адпаведна, яго маглі збіваць супрацоўнікі калоніі. Па словах апытаных зняволеных, Вітольду праламалі галаву. Гэта быў удар аб сцяну, ці яго моцна збілі дубінкамі ў тым ліку па галаве.
У канцы траўня гэтага года з'явілася інфармацыя аб тым, што ў пачатку гэтага года ў гэтай жа калоніі памёр палітычны зняволены Валянцін Штэрмер. Гаворыцца аб тым, што ён перажыў інсульт, але нягледзячы на яго дрэнны стан здароўя, на яго дрэнную каардынацыю, яго ўсё роўна адпраўлялі на працы. Ён там ішоў і ледзь не адставаў ад усіх, бо стан ягонага здароўя быў дрэнны, але тым не менш яму ніякай меддапамогі не аказвалі.
Сяргей Усцінаў падкрэсліў, што ва ўсіх кейсах, якія яны вывучалі, ніякай паўнавартаснай медыцынскай дапамогі ў ВК-17 не аказвалася. Сістэма аховы здароўя існуе толькі на паперы.
ав
слухайце аўдыё