Міжнародная арганізацыя Save the children (з анг. «Ратуй дзяцей») стартавала з дзейнасцю ў Польшчы ў 2022 годзе, калі ў краіну пачалі прыбываць тысячы ваенных бежанцаў з Украіны, у тым ліку шмат дзяцей. Гэтыя асобы мелі і маюць у дзяржаве асаблівы статус, дзякуючы чаму могуць працаваць нароўні з палякамі, атрымліваюць усебаковую дапамогу. Зусім інакш выглядае сітуацыя на польска-беларускай мяжы, праз якую стараюцца прарвацца тысячы мігрантаў. Польскія ўлады лічаць іх варожым інструментам у руках беларускага рэжыму, які імкнецца такім чынам дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы. І таму гэтых асоб не прымаюць у краіне, прымушаючы вяртацца праз мяжу ў Беларусь.
Сярод людзей, якія імкнуцца трапіць у Польшчу праз беларуска-польскую мяжу, ёсць непаўналетнія без суправаджэння дарослых. Арганізацыя Save the children падрыхтавала спецыяльную справаздачу, з якой вынікае, што нямала дзяцей з Сірыі, Самалі, Афганістану, Ірану адпраўляюцца ў адзінокае падарожжа ў Еўропу, дзе могуць стаць ахвярамі гвалту ці гандлю людзьмі. Летась польскія ўлады афіцыйна зарэгістравалі толькі 58 дзяцей без суправаджэння дарослых на мяжы. Па словах эксперткі арганізацыі Караліны Чэрвіньскай (Karolina Czerwińska), маштаб з’явы значна большы.
— Асабліва нашу ўвагу прыцягнулі дзеці. Яны могуць стаць ахвярамі гвалту, а самая ўразлівая група — гэта дзеці-бежанцы, якія адправіліся ў сваё падарожжа без суправаджэння дарослых. Нямала такіх дзяцей трапляе ў Польшчу праз польска-беларускую мяжу. Частка нашага дакладу прысвечана таму, што існуе велізарная цяжкасць з аналізам дадзеных, бо іх збіраюць розныя ўстановы. Тым не менш, з аналізу дадзеных, падрыхтаваных незалежнымі польскімі няўрадавымі арганізацыямі, вынікае, што каля 8% усіх асоб, якія перасякаюць польска-беларускую мяжу, — гэта менавіта дзеці. І з дадзенай групы большасць — гэта дзеці без суправаджэння дарослых.
У сакавіку бягучага года ў Польшчы быў прыняты закон, на падставе якога людзі, што перасякаюць польска-беларускую мяжу, не могуць падаваць дакументы на прытулак. Ёсць выключэнні – гэта грамадзяне Беларусі, а таксама дзеці. Часта візуальна цяжка ацаніць, колькі маладому чалавеку гадоў. Гаворка ідзе пра дзяцей ва ўзросце не 2-3-4 гадоў, а падлеткаў, якім па 16-17 гадоў. У іх як правіла няма дакументаў. Таму першая праблема – як ацаніць узрост. Як правіла падлеткаў прымаюць за дарослых, хаця здараецца і наадварот.
— Супрацоўнік памежнай службы часта проста «на вока» ацэньвае ўзрост чалавека, які нелегальна перайшоў мяжу. З таго часу, калі змяніліся правілы, не было ніводнага выпадку, каб дзіця, якое не прайшло праз афіцыйны КПП, было прызнана непаўналетнім. Усе такія людзі фіксуюцца як дарослыя. А як павінна быць? Калі хтосьці з тых, хто пераходзіць мяжу, кажа, што яму менш за 18 гадоў, яго трэба накіраваць на праверку ўзросту. У Польшчы гэта рэнтген запясця, на падставе шчыльнасці костак дактары прыблізна ацэньваюць узрост. Але і тут ёсць праблема — дакладнасць такой методыкі прыблізная, памылка можа быць да двух гадоў. У Еўрапейскім Саюзе раяць рабіць гэта інакш. Па-першае, слухаць, што само дзіця кажа пра сябе. Па-другое, улічваць дакументы, фотаздымкі... Але на самой справе суд такія доказы не прымае. Яшчэ існуе псіхалагічная ацэнка развіцця — яна таксама можа дапамагчы вызначыць, ці сапраўды перад намі дзіця. Усё гэта і ёсць той міждысцыплінарны падыход, які павінен быць нормай. У нашым даследаванні мы адзначылі, што летась толькі 8% асоб з Самалі, якіх накіроўвалі на вызначэнне ўзросту, былі прызнаныя дзецьмі, а ў выпадку асоб з Ірану - ужо каля 80%. Гэтыя вынікі заснаваныя на рэнтгене, а табліцы, з якімі параўноўваюцца вынікі, стваралі для еўрапейцаў, у каго не было досведу галадання. Такія перыяды недаядання часта здараюцца ў Самалі.
У Польшчы няма сістэмных рашэнняў, дзякуючы якім непаўналетнія мігранты мелі б магчымасць хутка адаптавацца і інтэгравацца ў грамадства. З іншага боку, вялікая частка гэтых людзей не хоча заставацца ў Польшчы. Між іншым, таму, што для іх няма месца ў краіне і прадуманай сістэмы апекі.
— Адзін з магчымых сцэнарыяў — дзіця сапраўды не хоча заставацца ў Польшчы, бо ведае, што яго чакаюць сваякі ў іншай еўрапейскай краіне. Але ёсць і іншыя, значна менш вясёлыя гісторыі. Гэта дзеці, якія трапляюць у Польшчу без ніякіх планаў. Частка з іх застаецца, але я сустракала дзяцей, якія не атрымалі бяспечнага месца. У 2024 годзе, з-за адсутнасці месцаў, адным з такіх прытулкаў стаў... дом для святароў на пенсіі. Памяшканне, якое зусім не было падрыхтавана да прыёму дзяцей. Без выхавацеляў, без псіхолага, без педагогаў. Гэта не тыя ўмовы, у якіх павінны знаходзіцца дзеці. Краіна, якая ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці, не павінна ствараць падобныя месцы. Без доступу да інфармацыі, без адукацыі, без падтрымкі і хоць якой працягнутай рукі з боку дарослых — гэтыя дзеці проста сядалі ў чарговую машыну і ехалі далей. А што іх чакае там, у дарозе? Усё можа здарыцца. Мы, наша дзяржава, абавязаны гарантаваць дзецям бяспеку. Мы з гэтым не спраўляемся.
З іншага боку, зразумела занепакаенне насельніцтва, калі ў Польшчу прыбывае шмат людзей з іншым колерам скуры, іншай ментальнасцю. Фармальна гэта могуць быць дзеці, але на самой справе падлетак ва ўзросце 17 гадоў выглядае дарослым. І гэта пераважна мужчыны, хлопцы. Еўрапейскае паліцэйскае агенцтва нядаўна паведамляла, што злачынныя групоўкі вярбуюць дзяцей для здзяйснення самых жорсткіх злачынстваў.
— Сапраўды, ёсць выпадкі, калі падлеткаў, маладых мужчын спрабуюць завербаваць. Адзіны сапраўдны адказ — стварэнне бяспечнай і надзейнай сістэмы падтрымкі для такіх маладых людзей. А такой сістэмы проста няма. Чым менш мы падтрымліваем гэтыя ўразлівыя групы, тым больш яны падвяргаюцца рызыцы выкарыстання. Я заўсёды паўтараю: дзеці, моладзь — гэта велізарны патэнцыял. І менавіта мы, дарослыя, адказныя людзі, павінны дапамагаць яго раскрываць. Мы павінны ствараць для дзяцей такую «сетку» бяспекі. Каб, калі дзіця раптам падае, яно не разбілася, а трапіла ў нешта, што яго ўтрымае, падтрымае і дапаможа падняцца. Я размаўляла з дзясяткамі такіх дзяцей, слухала іх гісторыі. І ўсе яны, на самым пачатку, калі толькі прыехалі ў Польшчу, казалі, што хочуць працаваць. Хочуць быць самастойнымі, падтрымліваць сям’ю, якая засталася ў краіне паходжання. У іх вялікае жаданне — проста стаць на ног. А далей — усё залежыць ад нас, каго яны сустрэнуць на сваім шляху, як сістэма адкажа на іх патрэбы, іх інтэгруе. Гэта наша задача.
Польскае грамадства старэе, яму будуць патрэбная працоўная сіла, якая магла б дзейнічаць на карысць эканомікі дзяржавы. Палітычныя эліты стварылі механізмы, якія дазваляюць прымаць у дзяржаве асоб з падобнай ментальнасцю і паходжаннем – беларусаў, украінцаў. Аднак і ў суседніх краінах грамадствы таксама імкліва старэюць, таму раней ці пазней Польшча можа сутыкнуцца з неабходнасцю інтэграваць асоб, якія прэзентуюць іншую ментальнасць, у якіх іншы колер скуры. Дзеля гэтага неабходны сістэмны падыход і збудаванне адпаведных структур, якія дазвалялі б мігрантам інтэгравацца. А такога падыходу няма. Нельга рабіць выгляд, што праблема не існуе, - адзначае наш госць, экспертка арганізацыі Save the children Караліна Чэрвіньска.
нг