Урэшце заняўся тым, што падабаецца
Максім па адукацыі — настаўнік нямецкай мовы, праўда, як сам прызнаецца, яму ніколі не давялося працаваць па гэтай спецыяльнасці. Ужо амаль пяць гадоў жыве ў Польшчы, займаецца тут арганізацыяй івэнтаў, гульняў, квізаў у розных гарадах краіны.
— Адна імпрэза дадае табе натхнення, і хочацца зрабіць яшчэ больш, а падчас іншай марыш, каб гэта ўсё хутчэй скончылася, — так лаканічна з усмешкай суразмоўца характарызуе сваю працу.
Праўда, прыехаўшы ў Польшчу ў 2020 годзе, Максім не адразу пачаў займацца гульнявой дзейнасцю. Працаваў на складах, на будоўлі. А што тычыцца арганізацыі забаўляльных мерапрыемстваў, то суразмоўца заняўся гэтым невыпадкова. Быў досвед такой працы яшчэ ў Беларусі, паколькі са школы быў актыўным удзельнікам канцэртаў, імпрэзаў. Пазней ва ўніверсітэце гэта і атрымлівалася, і падабалася.
— Гэта пачалося яшчэ з першага курсу ўніверсітэта, калі мае сябры хадзілі на разгрузку-пагрузку вагонаў, каб падпрацаваць да стыпендыі, а я грузчыкам працаваў толькі адзін дзень. Увесь час, пачынаючы з 2013 года, зарабляю тым, што арганізоўваю забаўляльныя мерапрыемствы. І гэта мне блізка, і я не бачу сябе ў нечым іншым.
Пабачылі, што ў гэтым ёсць патэнцыял
Арганізацыяй квізаў (інтэлектуальных гульняў) у Польшчы Максім заняўся не адразу. Пражыўшы два гады, у пэўнай ступені наладзіўшы жыццё, знайшоўшы лепшую працу, яму не хапала таго, чым займаўся раней. Амаль цэлы год спрабаваў арганізоўваць квізы для беларускіх і ўкраінскіх эмігрантаў паралельна з асноўнай працай.
— Напрыканцы сезону мы пабачылі, што 500 чалавек у нас ужо згулялі, з іх 150 гулялі кожны тыдзень. Пабачылі, што ў грошах ёсць пэўны аб’ём і што ёсць нейкі патэнцыял. Таму я звольніўся з працы, паколькі гэты занятак патрабуе вельмі шмат часу — я не ведаю, што такое выходныя. Пачалі займацца гэтым прафесійна і ўсе сілы і сродкі ўкладваць у гэтую справу, — такім чынам суразмоўца апісвае мяжу, калі яго юнацкае захапленне стала бізнесам у Польшчы.
Квізы сталі «вітамінкай» для эмігрантаў у 2022 годзе
Квізы, якія арганізоўвае Максім, — гэта інтэлектуальныя гульні, добра знаёмыя беларусам і ўкраінцам. У іх удзельнічае некалькі камандаў, якія адказваюць на пытанні вядучага. Праўда, квізы Максіма маюць сваю асаблівасць.
— Гэта карысна ў інтэлектуальным і эмацыйным плане. Гэту карысць мы адчулі, калі пачалі праводзіць свае квізы ў 2022 годзе. У той час эмацыйны стан усіх эмігрантаў быў вельмі цяжкі, а гэта стала такой своеасаблівай вітамінкай для іх. Мы пачалі праводзіць дадатковыя імпрэзы падчас узнагароджвання пераможцаў, каб дадаць людзям трохі больш адчування дому. Рабілі гэта ў выглядзе банкету, каб людзі адчувалі сябе кшталту на нейкім выпускным або на ўрачыстасці ў блізкіх сяброў. Гэта вельмі важная частка таго, што мы робім для людзей.
Наша сталая каманда — тры чалавекі, але...
Максім распавядае, што падрыхтоўкай інтэлектуальных гульняў займаецца пераважна ён сам і яго жонка. Яшчэ ў камандзе ёсць кантэнтмэйкер, бо квізы адбываюцца ў трох польскіх гарадах кожны тыдзень.
— Паслугамі фрылансераў карыстаемся пры патрэбе дызайну, таксама фрылансерам аддаём зборку прэзентацый, бо адна прэзентацыя — гэта 250 слайдаў, і на гэта патрэбна патраціць цэлы дзень. Акрамя гэтага, наймаем фатографаў. Калі браць у агульным, ды яшчэ ў розных гарадах, то на квіз працуе шмат людзей, але наша сталая каманда складаецца з трох чалавек.
Мы рознімся ад сваіх канкурэнтаў
У 2022 годзе, калі Максім пачынаў арганізоўваць квізы, ён быў першым у Познані, і ў Польшчы тады існавала ўсяго чатыры квізы на ўсю краіну. Зараз, паводле яго слоў, у кожным вялікім горадзе ёсць па чатыры квізы. Канкурэнцыя вялікая, але, як кажа Максім, большасць яго канкурэнтаў робяць тое, што яму не зусім зразумела.
— Наша асноўная мэта — тусоўка, атмасфера, адчуванне свята, жывых эмоцый. Большасць канкурэнтаў акцэнтуюць увагу на тым, каб задаваць пытанні. І там так і адбываецца — людзі прыходзяць і проста адказваюць. Гэта, насамрэч, праблема і для нашага вайбу, калі мы яго робім. Бо калі ты не першы ў нейкім горадзе, то там ужо існуе свая традыцыя гульні ў квіз, і нам цяжка данесці, што квіз — гэта не проста гульня з пытаннямі. Гэта гульня для сваіх людзей, з эмоцыямі, з нечым жывым. Так што канкурэнцыі шмат, але мы змагаемся.
З беларускім пашпартам у бізнэсе існуюць абмежаванні
Мы загаварылі з Максімам пра тое, што прыносіць такі бізнес яго сям’і. Дарэчы, білет на гульні ў Максіма каштуе 40 злотых, у выпадку VIP-гульняў — 50 злотых. На жыццё зарабляюць, могуць паехаць у адпачынак. Праўда, ён адзначае, што, будучы эмігрантам, не можа карыстацца ўсімі выгодамі, як грамадзяне Польшчы.
— Было б значна лепей, калі б не было абмежаванняў з-за беларускага пашпарта. Напрыклад, мне даводзіцца шмат ездзіць паміж рознымі гарадамі, і я хацеў бы набыць новае аўто, але ў лізінг з маёй картай побыту гэтага не даюць. Канечне, гэта шкодзіць майму бізнесу.
«Я тут не дома»
Што тычыцца ўдзельнікаў гульняў, суразмоўца кажа, што прыходзяць самыя розныя людзі: і тыя, хто працуе ў офісах, і тыя, хто на будоўлях або складах. Праўда, з яго назіранняў, пераважна гэта палітычныя эмігранты, бо тыя, хто прыязджае на заробкі, звычайна, акрамя працы, нічым не цікавяцца.
Цікаўлюся ў Максіма, як ён адчувае сябе ў Польшчы — ці здолеў інтэгравацца за пяць гадоў?
— Сказаць, што я адчуваю сябе часткай польскай культуры, не магу. Я спрабую глядзець польскае тэлебачанне, слухаць польскае радыё, пішу квізы з пытаннямі пра Польшчу, ведаю польскія святы, шмат езджу па краіне, шмат чаго бачыў, але адчуваю сябе тут не сваім чалавекам. Я б хацеў глядзець праз ружовыя акуляры і казаць, як тут добра, грошай шмат і зайздросце ўсе, хто застаўся дома. Але гэта не так. Хочаш, каб было добра — трэба пакласці шмат сілаў, трэба пацярпець, пазмагацца з людзьмі і з бюракратыяй. Я адчуваю тут еўрапейскасць, што існуюць законы, але і адчуваю, што я тут не дома.
Яшчэ Максім кажа, што пасля 2022 года стаўленне палякаў да беларусаў моцна змянілася. Але ён хацеў бы, каб палякі зразумелі: беларусы прыехалі не адабраць працу ці жыццё, а таму што не могуць быць дома.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл
Ілюстрацыйны здымак: Фігура святога Яна Непамуцэна на Старым Рынку ў Познані. Фота Паўла Залескага.