Польская дзяржава нічога не робіць для супрацьдзеяння антыўкраінскім настроям. Гэта маўчанне будзе мець сваю цану, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
Выданне прыводзіць прыклад ігнаравання дзеянняў польскага патрыёта па мянушцы Джон Малковіч, які накрыў чырвона-белай тканінай мемарыяльную дошку ў Гданьску з надпісам «Плошча герояў Марыупаля». Гэты акт не толькі глупства, але і ганьба, піша выданне. У Польшчы не павінны пагаджацца на выкарыстанне польскага сцягу для сімвалічнага абясцэньвання аднаго са святых месцаў украінскага супраціву — гораду Марыупалю, знішчанага расіянамі.
Гданьская справа — частка больш шырокай карціны. Не толькі таму, што да арышту і абвінавачванняў Малковіч тэрарызаваў жыхароў горада, якія вывешвалі ўкраінскія сцягі. Праблема шырэйшая, піша выданне. Тры правыя кандыдаты пабудавалі свае прэзідэнцкія кампаніі на антыўкраінскіх настроях насуперак фактам пра ўкраінскую супольнасць у Польшчы, якая працуе, плаціць падаткі ў бюджэт і адказвае 2,7% ВУП Польшчы. Палітыкі гэта ігнаруюць, аргументуючы анекдатычнымі доказамі, хлуснёй і эмоцыямі, піша выданне.
Чаму польская дзяржава ў асобе сваіх вышэйшых чыноўнікаў не спрабуе нічога зрабіць, каб супрацьстаяць антыўкраінскаму наратыву? Такое пытанне задае «Gazeta Wyborcza».
Польская дзяржава, якая валодае камунікацыйнымі інструментамі для пабудовы наратыву, у гэтым выпадку цярпіць няўдачу. Палітыкі з Грамадзянскай кааліцыі, Польскай народнай партыі (PSL) і «Польшча 2050» баяцца, што моцная крытыка антыўкраінскіх выступаў будзе мець зваротны эфект і паўплывае на іх падтрымку.
Маўчанне вядучых польскіх палітыкаў з кіруючай кааліцыі па такім сімвалічным пытанні, як прысутнасць украінскіх бежанцаў у Польшчы, — гэта не што іншае, як саступка папулістам, піша выданне.
Падобная сітуацыя назіралася ў спрэчцы аб польска-нямецкай мяжы. Аднак урад прыняў меры, спрабуючы змяніць тэндэнцыю. Гэтаксама польскі ўрад павінен стрымліваць антыўкраінскія настроі, піша выданне.
Маўчанне будзе мець сваю цану. Украінцы, якія жывуць у Польшчы, добра ўсведамляюць гэтую тэндэнцыю, як паказваюць апытанні. 69% рэспандэнтаў лічаць, што яны сутыкнуліся з прадузятасцю або непавагай. «Жыццё тут жахлівае», — кажуць украінцы, і скардзяцца на ўзмацненне ксенафобіі, варожасці і пераследу. Украінцы ў Польшчы адчуваюць сябе ўсё горш, 45% не ўпэўненыя, ці варта заставацца ў Польшчы.
Гэта папераджальны сігнал не толькі для польскай эканомікі, частка якой залежыць ад украінцаў. Дональд Туск і Анджэй Дуда павінны выступіць з сумесным зваротам да грамадства, нагадваючы, што бежанцы, якія прыбылі ў Польшчу, — гэта не пагроза. Наадварот, яны дапамагаюць эканоміцы, а Украіна бароніць сябе і заходні свет ад расійскага варварства, піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
юл