«Нас чакае неверагодная колькасць працы, каб выкарыстаць гэту місію і пабудаваць уласную будучыню», — сказаў польскі касманаўт Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі пасля вяртання з Міжнароднай касмічнай станцыі. У сераду, 16 ліпеня, спецыяльны самалёт з астранаўтам на борце прызямліўся ў Кёльне, Германія.
Падчас палёту з ЗША Узнаньскага-Вісьнеўскага суправаджалі медычная каманда і жонка Аляксандра. На лётным полі яго сустракала некалькі дзясяткаў чалавек: сваякі, сябры і калегі з Еўрапейскага касмічнага агенцтва (ESA) і Польскага касмічнага агенцтва (POLSA). Многія трымалі польскія сцяжкі, іншыя — плакаты з надпісамі, напрыклад: «Welcome home, Sławosz». Прысутныя гучна ды энтузіястычна скандавалі імя паляка, які вярнуўся з космасу.
Праз некалькі хвілін пасля пасадкі Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі разам з жонкай з’явіўся ў дзвярах самалёта і памахаў нтоўпу. Пасля спуску на лётнае поле ён падзякаваў экіпажу, які даставіў яго з ЗША. Усе прывітанні адбываліся на дыстанцыі ў некалькі метраў ад старонніх людзей — касманаўт пакуль застаецца пад частковым каранцінам.
Перад тым як накіравацца ў Еўрапейскі цэнтр астранаўтаў ESA, дзе правядзе тыдзень на рэабілітацыі, Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі адказаў на пытанні журналістаў, напрыклад пра іх вяртанне на Зямлю:
— Я чакаў значна мацнейшых вібрацый і хаатычнага трасення. Мяне здзівіла, як неверагодна плаўна капсула праходзіць праз атмасферу, але пры гэтым пачынаецца досыць сур’ёзная перагрузка.
Касманаўт адзначыў, што менавіта гэта перагрузка стала найбольш складаным момантам падчас вяртання дадому:
— Падчас першых штуршкоў рухавікоў, калі мы арыентавалі капсулу на ўваход у атмасферу, адчувалася перагрузка 0,01 G. Ніхто не верыў, што гэта толькі 0,01. Пры 0,06 было ўжо даволі цяжка, а потым мы мусілі вытрымаць да 4,6 G, калі не памыляюся. У той момант ужо было цяжка дыхаць, і трэба было прыкласці вялікія намаганні, каб дыхаць і датрываць да канца.
У аўторак, 15 ліпеня, Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі разам з экіпажам місіі Axiom-4 паспяхова прызямліўся ў Ціхім акіяне ля ўзбярэжжа Сан-Дыега. Ён быў трэцім, хто пакінуў капсулу Dragon, якая даставіла астранаўтаў з МКС на Зямлю.
Цяпер польскі касманаўт прывыкае да жыцця з гравітацыяй і аднаўляе сваё здароўе. У найбліжэйшы час паляк будзе знаходзіцца ў Еўрапейскім цэнтры астранаўтаў у Кёльне пад наглядам спецыялістаў. У медыцынскім комплексе DLR Envihab на працягу тыдня яго стан будуць маніторыць лекары Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Пасля рэабілітацыі ў Германіі Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі прыедзе ў Польшчу:
— Вярнуся дадому на некалькі дзён перад тым, як зноў давядзецца ляцець у ЗША. Буду даступны ў Польшчы прыкладна тыдзень. Не ведаю дакладна колькі, але тады мы абавязкова зможам паразмаўляць больш. Да сустрэчы!
На прэс-канферэнцыі Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі падзякаваў усім, хто спрыяў поспеху місіі IGNIS і яго ўдзелу ў ёй. Астранаўт прызнаў, што гэта была самая складаная і значная задача ў ягоным жыцці:
— Місія Ignis — гэта, напэўна, найцяжэйшае выпрабаванне майго жыцця. Але і найважнейшы, найкаштоўнейшы досвед. Я вяртаюся з МКС — з першай польскай місіі там. Вяртаюся з галавой, поўнай ідэй, вопыту і рэальных магчымасцяў міжнароднага супрацоўніцтва.
Аднак пакуль у польскага камнаўта папераду рэбілітацыя. Як адзначыла спецыялістка па аднаўленню пасля касмічных місій ESA доктарка Анна Фогтман, нават кароткі палёт у космас адбіваецца на чалавечым арганізме:
— Яны выглядаюць бледнымі, бо не атрымліваюць ультрафіялету, яны не апаленыя. Гэта-папергае, а па-другое, іх жыццёвыя вадкасці, што ў космасе былі размеркаваны інакш, ападаюць. Гэта выклікае млоснасць, галавакружэнні. Таму па вяртанні на Зямлю яны выглядаюць стомленымі.
— Мы бачылі, як падчас учорашняга пакідання капсулы астранаўты не маглі зрабіць і некалькіх крокаў без падтрымкі. Гэта наступства мікрагравітацыі. Ім патрэбныя спецыяльныя трэніроўкі, каб аднавіць сілы, — дадае экпертка:
— Іх мышцы, асабліва ў ніжняй частцы цела, дэградуюць. Скарачаецца мышачная і касцявая маса. Наш хрыбетнік разлічаны максімальна на нагрузкі да 1G, а яны перажываюць значна вышэйшыя нагрузку. Таму іх часта выносяць з капсул. Яны сапраўды маюць цяжкасці ў перамяшчэнні ў першыя дні. І часта гэта ўспрымаецца, як быццам бы яны хворыя.
Місія Ax-4, у якой разам з Славашам Узнаньскім-Вісьнеўскім удзельнічалі амерыканка Пэгі Уітсан, венгер Цібор Капу і індыйскі пілот Шубханшу Шукла, цягнулася 20 дзён, з іх 18 — на МКС. За гэты час яны здзейснілі 230 абаротаў вакол Зямлі і пераадолелі каля 13 мільёнаў кіламетраў.
Славаш Узнаньскі-Вісьнеўскі стаў другім у гісторыі палякам, які перасёк мяжу космасу — лінію Кармана. Першы паляк, які гэта зрабіў, — генерал Міраслаў Гермашэўскі ў 1978 годзе. Дарэчы, тады паляк пабываў у космасе разам з беларусам Пятром Клімуком. генерал Міраслаў Гермашэўскі памёр у 2022 годзе.
Слухайце аўдыё!
эж