Быў час, калі беларусы ў замежжы вадзілі адзін аднаго за руку. Цяпер ва ўсіх свае планы, яны кантактуюць у невялікіх групах, але патрэба сустракацца ўсё роўна застаецца.
Патрэбна была сустрэча са сваімі людзьмі
Спадарыня Інга заснавала ў Лодзі ініцыятыву «Вольнае сэрца». Яна згадвае, што пасля пераезду ў Польшчу і ўладкавання на працу сутыкнулася з тым, што не мела тут ні сяброў, ні знаёмых. Таму пачала праз чаты ў сацсетках арганізоўваць сустрэчы беларусаў.
— Мы праводзілі сумесныя пікнікі, ладзілі сустрэчы для дзяцей, каб яны маглі знаходзіць сяброў. З цягам часу гэта перарасло ў ініцыятыву «Вольнае сэрца», якая першапачаткова была задумана як інтэграцыйныя сустрэчы.
Пазней мы пачалі знаёміцца з гісторыяй горада, наведваць музеі, шукаць цікавыя месцы, куды можна было б схадзіць разам. Пачалі супрацоўнічаць з Таварыствам беларускай мовы, бо яно арганізоўвае шмат цікавых мерапрыемстваў. У выніку «Вольнае сэрца» стала своеасаблівай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае розныя беларускія ініцыятывы ў горадзе.
Спадарыня Інга згадвае, што на першыя мерапрыемствы прыходзіла да шасцідзесяці чалавек — напачатку ва ўсіх была вострая патрэба сустрэцца з землякамі. Асабліва ўдала праходзілі дзіцячыя мерапрыемствы — падчас падрыхтоўкі да навагодніх і іншых святаў для дзетак.
— Думаю, не сакрэт, што людзі, якія раптоўна пераязджаюць з горада ў горад, а тым больш з краіны ў краіну, могуць трапляць у дэпрэсіўны стан, бо не стае звычайных чалавечых кантактаў. Мы ўсе сутыкаліся з праблемамі легалізацыі, і сумесная дапамога шмат значыла. Спачатку мы літаральна вадзілі адзін аднаго за руку — асабліва, калі нехта шукаў працу, сядзеў адзін. Тут ён знаходзіў сяброў, зносіны. Гэта было вельмі важна.
Цяпер у кожнага свае планы
Суразмоўца на момант задумваецца. Кажа, што нават не хоча ўзгадваць тыя часы — было вельмі цяжка: адчай, слёзы — усё гэта прайшло праз яе жыццё.
— Насамрэч, калі побач нікога няма, здаецца, што ты адзін у свеце. Імкнешся нешта зрабіць, але не атрымліваецца, і гэта яшчэ больш прыгнятае. Але дзякуючы сустрэчам у межах ініцыятывы я знайшла сяброў, з якімі дагэтуль падтрымліваю сувязь. Многія раз’ехаліся, але мы працягваем кантактаваць.
Апошнім часам, паводле яе слоў, актыўнасць «Вольнага сэрца» скарацілася, і таму ёсць аб’ектыўныя прычыны.
— Па-першае, цяпер прыязджае менш беларусаў, якім патрэбна дапамога з уладкаваннем. Па-другое, у нас ва ўсіх ужо склаліся свае невялікія колы зносін. Мы кантактуем у сваіх групах і не адчуваем такой вострай неабходнасці збірацца вялікімі кампаніямі.
Раней такога не было: наша ініцыятыва магла сказаць кожнаму, хто адзін — «прыходзь, будзь з намі». Цяпер такіх людзей менш. У кожнага свае планы, паездкі, будні. Але калі адбываецца нешта выключна беларускае, то людзі ўсё роўна збіраюцца.
Патрэба сустракацца — застаецца
Спадарыня Інга прызнаецца, што адной з прычын, чаму складана сабраць шмат людзей на мерапрыемства, з’яўляецца фінансавая складанасць: усе падзеі праводзяцца за ўласныя сродкі, а на маштабныя імпрэзы патрэбны значныя грошы.
— Але нельга сказаць, што патрэба ў сустрэчах знікла. Беларусам усё яшчэ цікава бываць разам, бачыць старых знаёмых, сустракаць новых людзей. На такіх імпрэзах адбываецца натуральнае перамяшэнне — розныя людзі, розныя інтарэсы, розны досвед. Не магу сказаць, што на нашы мерапрыемствы ходзяць заўсёды адны і тыя ж людзі. Гэта розная аўдыторыя — у залежнасці ад тэмы падзеі і вольнага часу.
«Мне хочацца вяртацца дамоў, у Беларусь»
Цікаўлюся ў Інгі, як яна здолела ўладкаваць жыццё ў эміграцыі. Яна ўсміхаецца і кажа, што шмат чаго дасягнула: у яе ёсць праца, нарадзілася дзіця, ёсць сябры, на якіх можна спадзявацца.
— Але мне ўсё роўна хочацца прыязджаць дамоў, у Беларусь. Вось толькі такой магчымасці пакуль няма. Гэта вельмі сумна. У нейкі момант нават даходзіць да дэпрэсіі.
— Інга, а што для вас, увогуле, значыць эміграцыя?
— Для мяне, калі сказаць проста, гэта новы досвед і новыя выпрабаванні. Калі я была маладзейшая, нават змена працы здавалася мне складаным, нават трошкі страшным крокам. Змяніць нешта ў жыцці — было няпроста. А цяпер я не баюся. З пераездам было гэтак жа.
Цяпер я ведаю, што нават змяніць краіну — гэта не так страшна. Я ўжо ведаю, што трэба рабіць, каб ісці наперад. У мяне ёсць досвед. Эміграцыя — не страшная. Страшна — застацца аднаму ў сваёй маленькай кватэры, без працы, без сувязяў, і замкнуцца ў сабе. Вось гэта сапраўды небяспечна. Але трэба шукаць тых, хто можа падтрымаць. І такія людзі ёсць.
Калі з’явіцца магчымасць вярнуцца ў Беларусь — яна паедзе. Але ці назаўжды — не ведае, бо тут нарадзілася дзіця. Аднак браць удзел у сумесных праектах, дапамагаць Беларусі — гэта заўсёды.
Размаўляў Павел Залескі