Беларуская Служба

Расказваем гісторыю польскага карабля, у гонар якога Нацбанк Беларусі выпусціў памятныя манеты (ФОТА/ВІДЭА)

18.07.2025 19:31
95 гадоў таму адбылося хрышчэнне польскага парусніка Dar Pomorza.
Аўдыё
  • 95 гадоў таму адбылося хрышчэнне польскага парусніка Dar Pomorza
Dar Pomorza
"Dar Pomorza"shutterstock/Jarek Fethke

Урачыстасць прайшла ў Гдыні – адзіным марскім порце даваеннай Польшчы, пабудаваным адроджанай дзяржавай з нуля. Dar Pomorza – унікальны карабель, пра мінулае якога мы раскажам у гістарычнай рубрыцы.

Хрышчэнне карабля – гэта старадаўні марскі рытуал, падчас якога новаму судну даюць імя і праводзяць абрад, які сімвалізуе яго «нараджэнне» і ўступленне ў свет. Звычайна цырымонія ўключае ў сябе разбіванне аб нос карабля бутэлькі з шампанскім і словы бласлаўлення. Паводле традыцыі, карабель заўсёды мае хросную маці.

Dar Pomorza (Дар Памор'я) – гэта трохмачтавы парусны карабель 1909 года пабудовы, паводле марской класіфікацыі – фрэгат.

Żaglowiec "Dar Pomorza" wpływa do portu gdyńskiego, 1935 r. Żaglowiec "Dar Pomorza" wpływa do portu gdyńskiego, 1935 r.

Актуальна паруснік зʼяўляецца караблём-музеем, знаходзіцца ў горадзе Гдыня як філіял Гданьскага нацыянальнага марскога музея.

Гісторыя судна вельмі багатая. Фрэгат быў пабудаваны ў 1909 годзе ў Гамбургу пад імем Prinzess Eitel Friedrich. Пасля гэтага паруснік выкарыстоўваўся як вучэбны карабель гандлёвага нямецкага флота ажно да пачатку Першай сусветнай вайны. Падчас вайны судна было базай для экіпажаў падводных лодак.

Афіцэрская каюта на фрэгаце. Крыніца: commons.wikimedia.org/Reytan/грамадскі набытак Афіцэрская каюта на фрэгаце. Крыніца: commons.wikimedia.org/Reytan/грамадскі набытак

Пасля вайны фрэгат у якасці трафея трапіў у Францыю, дзе памяняў назву на Colbert. Французы планавалі выкарыстоўваць паруснік у якасці навучальнага судна, аднак карабель быў перададзены аднаму багатаму чалавеку як кампенсацыя за рэквізаваную падчас вайны яхту.

У 1929 годзе пачынаецца польская гісторыя фрэгата: ён быў выкуплены за 7 тыс. фунтаў польскай супольнасцю Памераніі (Памор’я).

Пасля генеральнага рамонту на верфі ў Даніі судна атрымала назву Dar Pomorza (Памор’е – гэта польскае ўзбярэжжа Балтыкі – рэд.) і прыбыло ў Польшчу ў чэрвені 1930 года, дзе было перададзенае Гдыньскай вышэйшай марской школе ў якасці навучальнага судна.
13 ліпеня 1930 года прайшло хрышчэнне карабля ў Гдыні.

У 1934–1935 гадах фрэгат здзейсніў кругасветнае падарожжа праз Панамскі канал.
Падчас Другой сусветнай вайны Dar Pomorza быў інтэрнаваны ў Швецыі і з верасня 1939 года ажно да кастрычніка 1945 года стаяў у Стакгольме. Дзякуючы гэтаму, фрэгат захаваўся ў добрым стане і ўвогуле не быў знішчаны.

У Гдыню Dar Pomorza вярнуўся ў кастрычніку 1945 года. Неўзабаве пасля прыбыцця на ім былі адноўленыя заняткі для курсантаў.

Судна два разы выйграла ў гонках Operation Sail. У 1980 годзе фрэгат выйграў Cutty Sark Trophy – прэстыжную марскую гонку парусных суднаў. Акрамя таго, ён неаднаразова займаў лідаруючыя пазіцыі ў рэгатах у 1974, 1976 і 1978 гадах.

У архівах Польскага радыё захавалася інтэрв’ю з 1966 года з тагачасным капітанам парусніка Тадэвушам Аляхноўскім. Вось што ён расказаў пра падрыхтоўку кадэтаў на фрэгаце.

- Цягам 30-гадовай гісторыі парусніка падрыхтоўка курсантаў праходзіла па-рознаму. Здараліся рэйсы, якія працягвалі 6-8 месяцаў у зімовы перыяд. Цяпер падрыхтоўка маладых людзей праходзіць у двух этапах. Першы – гэта падрыхтоўка кандыдатаў, маладзёнаў, якія плануюць паступаць у марскую школу. Падчас гэтага рэйсу мы стараемся ўбачыць, ці кандыдат на курсанта нам адпавядае, а з іншага боку – сам кандыдат павінен зразумець, ці будучая прафесія яму адпавядае. Гэтая падрыхтоўка на парусніку працягваецца два месяцы – ад ліпеня да канца жніўня. Калі малады чалавек стане студэнтам, то ў наступным годзе накіруецца ў рэйс, які працягнецца з сакавіка да канца ліпеня. Гэта рэйс працягласцю 9-12 тыс. марскіх міль. І на гэтым у прынцыпе наша роля як вучэбнага карабля ў падрыхтоўцы будучага марака завяршаецца.

На працягу 51 года службы Dar Pomorza здзейсніў 102 навучальныя рэйсы, наведаў 383 парты, прайшоўшы за гэты час больш за паўмільёна марскіх міль. На яго палубе прайшло навучанне амаль 14 тыс. 400 курсантаў марской школы.

У апошні рэйс фрэгат накіраваўся ў верасні 1981 года ў фінскі порт Котка.

4 жніўня 1982 года Dar Pomorza фармальна быў спісаны са службы, і ў той жа самы дзень сцяг быў узняты на яго пераемніку – парусніку Dar Młodzieży (Дар Моладзі), які быў спраектаваны і пабудаваны ў Гданьску.

Цяпер Dar Pomorza выкарыстоўваецца як карабель-музей у Гдыні. У ім прадстаўлены арыгінальны інтэрʼер кают з калекцыяй экспанатаў, сабраных экіпажам карабля падчас далёкіх плаванняў, бартавыя журналы і мноства іншых артэфактаў. Таму, будучы на польскай Балтыцы, абавязкова трэба наведаць гэты ўнікальны карабель!

Сярэбраная манета наміналам 20 рублёў, выпушчаная Нацбанкам Беларусі, з выявай фрэгата Dar Pomorza. Крыніца: Нацыянальны банк Беларусі
Сярэбраная манета наміналам 20 рублёў, выпушчаная Нацбанкам Беларусі, з выявай фрэгата Dar Pomorza. Крыніца: Нацыянальны банк Беларусі

Дарэчы, у 2009 годзе Нацыянальны банк Беларусі выпусціў памятныя манеты Dar Pomorza ў серыі «Парусныя караблі»: сярэбраную наміналам 20 рублёў, і медна-нікелевую наміналам 1 рубель.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу