Палякі губляюць веру ў войска – піша Rzeczpospolita. На іх думку, армія зараз менш падрыхтавана да магчымай агрэсіі з боку Расіі, чым восенню мінулага года. Такое меркаванне вынікае з даследавання агенцтва IBRiS. Гатоўнасць арміі да абароны станоўча ацанілі 44,1% апытаных, а адмоўна — 43,7%. «Не ведаю» адказалі 12,2% асоб.
Паводле звестак выдання, станоўчыя меркаванні на тэму войска знізіліся на 10 працэнтных пунктаў усяго за некалькі месяцаў. У даследаванні, праведзеным восенню 2024 года, больш за палову апытаных — 54,6 працэнта — выказалі перакананне, што польскія ўзброеныя сілы гатовыя абараняць краіну.
«Людзі чакалі паскарэння змен у войску ў параўнанні з папярэднімі гадамі, а гэтага не адбылося», — кажа генерал Станіслаў Козей, былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі. Ён адзначае, што сённяшнія ўлады перад выбарамі абяцалі ўзяць пад увагу вопыт вайны ва Украіне. «На жаль, людзі бачаць, што гэтага не адбываецца. Напрыклад, можна было спадзявацца перагляду ролі верталётаў у войску. Узброены канфлікт ва Украіне паказвае, што гэтыя дарагія машыны не да канца апраўдваюць сябе на полі бою. На жаль, улады такога перагляду не робяць», – дадае Козей.
Іншы суразмоўца выдання, выкладчык адной з вайсковых ВНУ, які пажадаў застацца ананімным, адзначае вялікую ступень палітызаванасці арміі, што звычайным жыхарам краіны не падабаецца. І прыводзіць прыклад міністра абароны Томаша Семоняка, які ахвотна фатаграфуецца з салдатамі. На думку каментатара, палітыкі павінны захоўваць большую стрыманасць.
Група людзей, якія станоўча ацэньваюць гатоўнасць польскага войска абараніць дзяржаву, складаецца пераважна з тых, хто не галасуе на выбарах, і прыхільнікаў кіруючага лагера. Выбаршчыкі апазіцыі маюць супрацьлеглае меркаванне.
Rzeczpospolita/нг