Беларуская Служба

«Беларускі рэжым час ад часу «абнаўляе» ворагаў – іх пошук адбываецца спіральна». Чаму ў Беларусі змагаюцца з ЛГБТ-супольнасцю

21.07.2025 06:02
Размова з паэтам і грамадскім дзеячам Артурам Камароўскім, які нядаўна выдаў новы зборнік паэзіі пад назвай «Анатомія».
Аўдыё
  • Размова з паэтам і грамадскім дзеячам Артурам Камароўскім, які нядаўна выдаў новы зборнік паэзіі пад назвай «Анатомія»
 +
Супольнасць ЛГБТ+Shutterstock/Tint Media

У лонданскім выдавецтве SkarynaPress выйшла з друку новая кніга вершаў «Анатомія». Яе аўтарам з’яўляецца малады беларускі паэт Артур Камароўскі, які жыве ў Варшаве. Першая прэзентацыя для чытачоў прайшла тыдзень таму на фестывалі «Тутака», які адбыўся на Падляшшы.

«Седзячы ў пакоі з відам на мястэчка, можна было назіраць за птушкамі і людзьмі, за тым, як месца пераапранаецца з восеньскага ў зімовае, і пісаць так многа, ажно пад канец адчуць – слоў больш няма», – напісаў Артур Камароўскі ў сваіх сацсетках пра працу над кнігай у Швецыі.

«Мне хацелася, каб у кніжцы было больш пра любоў і менш пра нянавісць, трошкі больш жыцця, чым смерці, больш памяці, чым забыцця», – зазначыў малады паэт.

Артур Камароўскі. Здымак: асабісты архіў А.Камароўскага Артур Камароўскі. Здымак: асабісты архіў А.Камароўскага

Мы запрасілі яго ў студыю Польскага радыё, каб паразмаўляць пра паэзію, творчасць, квір-літаратуру і надзённыя грамадскія пытанні.

У размове з намі Артур сказаў, што, пішучы вершы і працуючы над мастацкімі творамі (бо маладзён – таксама мастак), ён стараецца не накідваць чытачу сваю думку і сваё меркаванне, а толькі схіліць яго да мыслення.

«Я не люблю палітычнай заангажаванасці, у тым ліку і ў мастацтве, калі даецца ўсё менш прасторы гледачам і глядачкам для таго, каб дайсці да нейкіх сваіх высноваў. То бок калі мастак ці мастачка ўкладаюць пэўную ідэю, пэўную думку і прымушаюць цябе думаць гэтак жа. Мне такога не хацелася б рабіць», – кажа паэт.

Wyświetl ten post na Instagramie

Post udostępniony przez Tutaka Fest (@tutakafest)

Прэзентацыя «Анатоміі» адбылася на фестывалі «Тутака». На гэтым жа мерапрыемстве прайшла дыскусія, удзел у якой прыняў Артур Камароўскі, прысвечаная сітуацыі беларускай ЛГБТК-супольнасці, у тым ліку беларускай квір-літаратуры. Дык ці існуе беларуская квір-літаратура? – задаём пытанне Артуру. Паэт лічыць, што так і ў якасці прыкладу прыводзіць першую беларускую гей-анталогію «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», якая больш за год таму выйшла ў тым жа выдавецтве SkarynaPress.

«Беларуская квір-літаратура будзе развівацца, бо многія творцы жывуць у бяспечным месцы ў эміграцыі і могуць адкрыта казаць пра сябе і пісаць творы без апасенняў», – гаворыць Артур Камароўскі.

Нядаўна з’явілася інфармацыя пра тое, што ў Адміністрацыйным кодэксе Беларусі з'явіцца артыкул аб забароне «прапаганды гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі». Парадоксам з’яўляецца ўжо тое, што ў адзін мяшок укінулі абсалютна розныя паняцці, хоць, з іншага боку, заканадаўчай ініцыятыве беларускага рэжыму здзіўляцца не прыходзіцца.

Чаму таталітарныя рэжымы змагаюцца з ЛГБТ-супольнасцю? – пытаем у Артура. Бо ім патрэбна вораг, кажа паэт і грамадскі дзеяч.

«Такім рэжымам як беларускі важна стварыць вобраз ворага ўнутры краіны, каб умоўная большасць бачыла, што вось, маўляў, у нас ёсць ворагі і такім чынам яны бы аб’ядноўваліся. Такім рэжымам лягчэй кіраваць тымі, хто застаўся ўнутры краіны. Пры гэтым знаходзіцца вобраз ідэальнай сям’і, які быў у 19-га стагоддзі, нейкіх каштоўнасцяў, і пачынаюць апеляваць да гэтага вобраза і трансляваць яго ў сучаснасць», – гаворыць Камароўскі.

Ён падкрэслівае, што заканадаўчая ініцыятыва спісаная з падобнага расійскага закону, хоць, паводле яго меркавання, у Беларусі цэнзура можа быць мацнейшая, чым у Расіі.

«Беларускі рэжым час ад часу «абнаўляе» ворагаў – іх пошук адбываецца спіральна. У мінулым ЛГБТ-супольнасць ужо была «ворагам» уладаў, цяпер гісторыя паўтараецца. Нейкі час таму ў Беларусі праходзілі аблавы на квір-арганізацыі і негетэранарматыўных асоб. Я думаю, што гэта была падрыхтоўка да прыняцця закона, які яны спісалі з Расіі. Мне здаецца, што ў Беларусі будзе яшчэ большая цэнзура літаратуры, чым у Расіі, дзе ў кнігах шукалі нешта, чаго там няма», – кажа Артур.

размова поўнасцю – слухайце аўдыёфайл

З Артурам Камароўскім размаўляў Валерый Саўко