Хто ж не хацеў бы прагуляцца па горадзе за мяжой з беларускамоўным экскурсаводам і пабачыць месцы, звязаныя з беларускай гісторыяй, напрыклад у Вільні?
Валерыя Чарнаморцава – беларуская актывістка і былая палітзняволеная, якая ў сацсетках вядомая таксама як «Лерка Люстэрка», атрымала афіцыйны сертыфікат літоўскага экскурсавода. Такім чынам, Валерыя здзейсніла сваю мару.
— Было вельмі цяжка, таму што ў Літве ў адрозненні ад Польшчы, вельмі строгія патрабаванні да акрэдытацыі экскурсавода. Перш за ўсё, трэба мець прызнаную ў Літве гуманітарную адукацыю. У маім выпадку якраз магістарская адукацыя ЭГУ пра культурную спадчыну, якую нядаўна абараніла, падышла дзеля гэтага. Абавязкова трэба таксама прайсці курсы экскурсаводаў, а зараз яны ідуць толькі па-літоўску. Раней былі таксама па-польску і былі яшчэ варыянты іншых моваў, але цяпер гэта толькі літоўская мова. Хаця абараняць можна, як яны гавораць, і на замежнай мове, што ў прынцыпе мяне і выратавала.
Беларускія мясціны ў Вільні
Вы на гэтыя курсы пайшлі і захацелі быць экскурсаводам у асноўным па беларускіх мясцінах Вільні. Ці шмат беларусаў цікавіцца такімі экскурсіямі?
— Так, гэта сапраўды вельмі важна для беларусаў. І шмат хто прыязджае ў Вільню і з Польшчы і з іншых краін. Часта сем’і сустракаюцца ў Вільні. Старэйшае пакаленне нейкім чынам прарываецца праз мяжу з Беларусі, а малодшае пакаленне можа з'ехацца з любых гарадоў ці краін, нават з Амерыкі прыляцець. І вось такія сямейныя экскурсіі замаўляюць. На сам рэч, гэта вельмі натхняльна вадзіць такія сямейныя экскурсіі.
У першую чагу, канешне, гэта была мая мара, каб рабіць экскурсіі па беларускіх мясцінах Вільні. Я жартавала, што ў мяне ёсць дзве каронныя экскурсіі – гэта Курапаты і беларуская Вільня — і ні водную не магу абараніць. Раней я скончыла беларускія курсы экскурсаводаў і напісала выпускную працу па турыстычным патэнцыяле Курапатаў, але канешне, не атрымалася яе абараніць. Як сказаў тагачасны старшыня камісіі «толькі праз чыйсьці труп». Ну, мы ведаем чый. Пакуль што не дачакаліся... Дарэчы, мяне ж КДБ і арыштоўвала за Курапаты.
А калі ўжо я эмігравала, эвакуявалася ў Вільню, я таксама думала, што магу праляцець і за беларускія мясціны Вільні, але здарыўся нейкі цуд, што атрымалася абараніць. Таму такая даўняя мара здзейснілася і я запрашаю ўсіх зацікаўленых.
Размаўляў Яраслаў Іванюк