Мала плацілі, паехаў на заробкі ў Польшчу
Аляксей аказаўся суразмоўцам не вельмі гаваркім: скупыя, канкрэтныя словы, відаць, не прызвычаны распавядаць пра сябе. Ён вырас у невялікім раённым гарадку ў Беларусі, скончыў школу, а пасля з’ехаў у сталіцу і папросту пачаў працаваць.
— Адзінаццаць класаў скончыў і потым працаваў у Мінску менеджарам па продажах, мяняў старыя пробкі на сучасныя аўтаматы ў шчытавых, а яшчэ працаваў на заводзе газавай апаратуры. Не падабаўся там заробак і вырашыў, што паеду і паспрабую папрацаваць у Польшчы. Тым больш, што там ужо былі многія мае сябры і распавядалі, што ўмовы нармальныя.
Было цяжка, але добра плацілі
У Польшчу паехаў разам са сваёй сяброўкай. Згадвае, што ўсё было, як звычайна, у многіх людзей, якія з’язджалі на працу за мяжу.
— Мы прыехалі сюды па працоўнай візе. Адразу пачалі працаваць на складзе «Бядронкі». Было вельмі цяжка, але неяк давалі рады сабе. Потым змяніў працу, паколькі на складзе былі вялікія скарачэнні. Уладкаваўся працаваць кур’ерам, займаўся дастаўкай ежы на ровары. Доўга так працаваў і было таксама цяжка. На працу даводзілася выходзіць і ў дождж, і ў снег, у любое надвор’е.
— А тады, калі было так складана, не хацелася вярнуцца дамоў?
— Не. Так, было цяжка, няпроста, але я разумеў, што ў Беларусі будзе яшчэ цяжэй. Тут прынамсі можна было зарабіць, жыць і нават нешта адкладваць на будучыню.
Набраўшыся досведу, адкрыў сваю справу
Каб крыху палепшыць сваё жыццё, Аляксей ізноў змяніў працу. Гэтым разам уладкаваўся да польскага прадпрымальніка рамантаваць ровары. Кажа, што трошкі ў іх разбіраўся. А праз некаторы час, набраўшыся досведу, вырашыў, што нядрэнна было б адкрыць сваю справу.
Гляджу на гэтага маладога чалавека і нават крыху здзіўляюся, што ў чужой краіне, без вялікіх зберажэнняў, ён папросту ўзяў і адкрыў сваю справу. Для яго гэта выглядае цалкам натуральна.
— Трэба працаваць на сябе, і грошы будзеш ужо мець іншыя. Бо калі ты працуеш на некага, то табе даводзіцца яшчэ плаціць за кватэру, харчы, і застаецца не так шмат, як хацелася б. І тады даводзіцца вельмі доўга збіраць грошы на кватэру і іншыя патрэбныя рэчы. Таму лепшы варыянт – гэта адчыніць сваю справу і развівацца ў пэўным кірунку.
Мы можам наладзіць канкурэнцыйны сервіс палякам
— У гэтай сферы ў мяне ўжо быў досвед, і я вырашыў, што варта паспрабаваць. Дамовіўся разам з калегамі, маўляў, атрымаецца дык атрымаецца, а не — то давядзецца ісці наймацца да некага на працу.
— А не было страшна, што на рынку такіх паслуг існуе канкурэнцыя, людзі даўно займаюцца абслугоўваннем ровараў?
— Не, не баяўся. Тут шмат палякаў гэтым займаюцца. І шмат украінцаў прыязджаюць і адкрываюць свае бізнесы. І, дарэчы, калі параўноўваць, то яны прапануюць паслугі на значна вышэйшым узроўні, чым палякі. І па сервісу, і па абслугоўванні, і па часе выканання працы. Мы вырашылі, што таксама зможам прадставіць паслугі лепш за мясцовых прадпрымальнікаў.
— А што не так з мясцовымі прадпрымальнікамі?
— Не тое, што яны горшыя, проста ў Беларусі канкурэнцыя вельмі складаная, прычым у любым бізнесе. І трэба добра разумець рынак, кліентаў, сваіх канкурэнтаў. І там змагаюцца за кожнага кліента. Тут прасцей: палякі не прывыклі, што трэба змагацца за кліента. Таму мы і вырашылі, што зможам прадаставіць тут больш якасныя паслугі.
Бізнес пайшоў, думаю яго пашыраць
Паслугі і адпаведны сервіс Аляксей са сваёй камандай кліентам прадаставіў, і, як кажа, яны яго таксама не разачаравалі.
— Вельмі добра пачаўся бізнес. Без рэкламы да нас пачало прыходзіць шмат палякаў, беларусаў, украінцаў рамантаваць свае ровары. І гэта проста пасля таго, як яны пабачылі на вуліцы шыльду нашай фірмы. І вось так патрошку, патрошку і ўжо нешта маем.
— Значыцца, з бізнесам ты не прагадаў?
— Так, але я не збіраюся на гэтым спыняцца, планую развівацца яшчэ ў іншых кірунках, якія мяне цікавяць.
А цікавяць цяпер Аляксея вэндынгавыя аўтаматы, якія звычайна стаяць на вакзалах і ў якіх можна набыць ваду, напоі і розныя дробныя рэчы. Паводле суразмоўцы, іх не трэба самому абслугоўваць.
У Польшчы спрыяльныя ўмовы для бізнесу
Аляксей кажа, што ў Польшчы вельмі спрыяльныя ўмовы для вядзення прыватнага бізнесу, а таму варта гэта выкарыстоўваць.
— У Польшчы лягчэй весці бізнес, чым у Беларусі. Нават значна лягчэй. Тут няма столькі праверак, ніхто не перашкаджае працаваць, няма такога падаткавага цяжару – тут прасцей. Даюць развівацца. Мы пачыналі наогул з таго, што свае ровары рамантавалі і вазілі на рынак прадаваць. Там на гэта не патрэбна было ніякіх дакументаў, проста прадаеш, як уласны тавар. Вось так мы стваралі свой першы капітал для бізнесу. Тут адчуваецца падтрымка малога бізнесу.
Асаблівых праблем не маю, але па родных сумую
Калі я пацікавіўся пра асабістае жыццё ў Аляксея, пра тое, як яму давялося інтэгравацца ў новае грамадства, то ён нешматслоўна пра сябе кажа, маўляў, магчымасці ёсць і для інтэграцыі.
— Ніякіх праблем ні з польскай мовай, ні з навучаннем тут няма. Можна бясплатна ісці ў паліцыяльную школу, атрымаць спецыяльнасць і там жа, дарэчы, навучыцца мове. Ніякіх праблем з інтэграцыяй не адчуваю.
Распавядае, што мае шмат сяброў сярод беларусаў, разам наведваюць культурныя мерапрыемствы, якія ладзіць беларуская дыяспара. Ёсць нават суполка раварыстаў, куды ўваходзяць і беларусы, і ўкраінцы. Разам робяць вандроўкі ў іншыя гарады. Але ў той самы час кажа, што эміграцыя не зусім простая рэч.
— Канешне, у кожнага па-свойму, але ў мяне бывае часам цяжка, бо сумую па родных, якія засталіся ў Беларусі. З іншага боку разумею, што ў Еўропе лягчэй нечага дабіцца. А там можна і ў Беларусь прыехаць, і родным дапамагчы.
Часу на вучобу пакуль не маю
— Аляксей, у цябе няма адукацыі. Ты думаў над тым, каб вучыцца далей?
— Пакуль што не, я не хачу вучыцца, бо ў мяне няма на гэта часу — я развіваю свой бізнес. А вучоба ўсё ж займае вельмі шмат часу, большую палову дня.
Дарэчы, і калі нават зменіцца сітуацыя ў Беларусі, то Аляксей збіраецца туды толькі ненадоўга, каб наведаць родных, бо тут ужо яго справа. А тым, хто прыязджае ў Польшчу, раіць адчыняць сваю справу. Кажа, што першы год будзе складана, але пройдзе час — і ўсё хутка наладзіцца.
Павел ЗАЛЕСКІ