Беларуская Служба

У 81-ую гадавіну Варшава прыгадвае ахвяр Разні на Волі. «Дзеці яшчэ варушыліся, калі іх кідалі ў агонь»

05.08.2025 11:34
81 год таму ў Варшаве адбылася Разня на Волі. Тысячы мірных жыхароў былі забітыя, а злачынцы так і не былі пакараныя.
      150  200   .
Падчас здушэння Варшаўскага паўстання загінула ад 150 да 200 тысяч мірных жыхароў. https://www.prezydent.pl/

З 5 па 7 жніўня 1944 года падраздзяленні нямецкіх карнікаў ды іх памагатых забілі ад 40 да 60 тысяч мірных жыхароў Варшавы, якая напярэдадні ўзнялася ў вызваленчым паўстанні. Гэтае ваеннае злачынства ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Разня на Волі».

Камандуючы нямецкіх сілаў падчас тых падзей, групенфюрар СС Хайнц Райнфарт, ніколі не панёс адказнасці за свае злачынствы. Пасля вайны нацысты нават займаў пасаду бургамістра ў нямецкім горадзе Вестэрланд.

З-за таго, што заходненямецкая пракуратура спыніла расследаванне супраць Райнфарта, у Польшчы ў 1967 годзе адбыўся завочны судовы працэс над ім, які трансмітаваўся ў эфіры Польскага радыё. Ролю пракурора выконваў прафесар Мечыслаў Северскі. Ён, між іншым, прывёў змест размовы, што адбылася вечарам 5 жніўня 1944 года паміж Райнфартам і камандуючым 9-й арміяй вермахта, генералам Нікаласам фон Форманам:

— Першае пытанне, якое задае Форман: «Якое становішча?» Райнфарт адказвае: «Што мне рабіць з цывільнымі? У мяне менш боепрыпасаў, чым палонных». «Якія ўласныя страты?» — пытае Форман. — «Шэсць забітых, 24 цяжка параненых, 12 лёгка параненых». «А праціўнік?» — «Разам з расстралянымі — больш за дзесяць тысяч».

Сведчанні падчас працэсу давала і Халіна Тушыньска, якая выжыла падчас разні, але страціла мужа, двух сыноў ды іншых сваякоў:

— Выцягвалі людзей з дамоў і расстрэльвалі, кідалі гранаты ў сутарэнні. На вуліцы Дзялдоўскай трупы ляжалі адзін на другім. Дамы гарэлі. Свякроў выйшла за мной — убачыла трох забітых сыноў, пачала жахліва плакаць, стагнаць, кінулася да іх, а немец падышоў і забіў яе стрэлам з пісталета ў галаву.

Жыхароў Волі забівалі ва ўласгых кватэрах, у падвалах, у дварах і проста на вуліцы. Масавыя расстрэлы адбываліся каля чыгункі на вуліцы Мачыдла, а таксама на тэрыторыях заводаў «Урсус» і «Франашка» на вуліцы Вольскай. Немцы падпальвалі дамы і расстрэльвалі людзей, якія спрабавалі ўцячы. Людзей прымушалі ісці перад танкамі, выкарыстоўваючы іх як «жывы шчыт». Забівалі параненых у шпіталях, гвалцілі жанчын і дзяўчынак. Мірных жыхароў прымушалі разбіраць барыкады пад агнём кулямётаў.

Ванда Люры (памерла ў 1989 годзе) цудам ацалела. 5 жніўня 1944 года, будучы на познім тэрміне цяжарнасці, разам з трыма дзецьмі была сагнана на завод «Урсус», дзе адбываліся масавыя страты. Яе сыны і дачка былі забітыя. У архіўным запісе Польскага радыё за 1965 год яна распавядала:

— Немцы ставілі на калені і стралялі з рэвальвераў у патыліцу. Я была амаль перад родамі. Нягледзячы на маю мальбу, што ў мяне малыя дзеці, літасці не было... Я праляжала тры дні ў лужыне крыві сярод сваіх дзяцей. Толькі на трэці дзень здолела ўцякчы.

Ксёндз Станіслаў Кіцман (памёр у 2021 годзе) перажыў разню, калі яму было сем гадоў. У 2019 годзе ён прыгадваў:

— Уварваліся ў наш дом, стралялі ў лядзей на лесвічных пляцоўках, кідалі гранаты ў кватэры, чутны былі чэргі з аўтаматаў. Потым у дзвярах з’явіўся немец з аўтаматам і крыкнуў: «Raus!». Мы, як стаялі, так і выйшлі. Самы страшны момант быў, калі нямецкі салдат з трэцяга паверха выкінуў майго малодшага сябра праз акно. Ён памёр літаральна ў нас пад нагамі.

Касцёл святога Войцеха на вуліцы Вольскай немцы ператварылі ў пункт збору для жыхароў, якіх адпраўлялі ў пераходны лагер Dulag 121 у Прушкаве. Толькі з 6 па 10 жніўня праз касцёл прайшло каля 90 тысяч выселеных. Януш Джыкоўскі, які на пачатку паўстання меў шэсць гадоў, успамінаў (2021):

— Мая мама разоў пяць-шэсць страчвала прытомнасць. Немец падыходзіў, падымаў яе і зноў ставіў да сцяны. Бачу гэта, як цяпер. Тыя горы трупаў, якія гарэлі, і тых мужчын, што павінны былі кідаць яшчэ жывых людзей у полымя. Яны не глядзелі, ці то ўжо труп, ці чалавек яшчэ канае. Часта дзеці варушыліся на руках у маці, іх разам кідалі ў агонь...

Паўстанец Януш Камароўскі, пазыўны «Антэк», які біся з нямецкім акупантам на варшаўскім раёне Ахота, сведчыў пра злачынствы Рускай вызваленай народнай арміі (РОНА), якая падпарадкоўвалася Райнфарту:

— На Ахоце шалелі часткі РОНА. Людзі хаваліся ў сутарэннях, каб іх выцягнуць, кідалі туды гранаты. Рабавалі, забівалі, гвалтавалі. Усё найгоршае адбывалася уначы. Забітых выносілі і складвалі на плошчы перад касцёлам на Плошчы Нарутовіча. Гэта была сапраўдная разня. Пра нават цяпер цяжка гаварыць.

Разня на Волі была непасрэднай рэалізацыяй загаду Адольфа Гітлера і Генрыха Гімлера: цалкам знішчыць Варшаву і выбіць яе насельніцтва. 5 жніўня падраздзяленні СС і паліцыі пачалі масавыя расправы над мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі.

Гэтая трагедыя лічыцца адным з найбуйнейшых масавых забойстваў цывільнага насельніцтва ў Еўропе падчас Другой сусветнай вайны.

У сувязі з 81-й гадавінай трагедыі, у аўторак, 5 жніўня, у Варшаве пройдзе жалобны Марш памяці ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Хада пачнецца а 19:00 у Скверы Памяці адкуль удзельнікі пройдуць да Мемарыяла паўстанцаў Варшавы.

Падчас здушэння Варшаўскага паўстання загінула ад 150 да 200 тысяч мірных жыхароў.

IAR/эж