Беларуская Служба

Беласток у вачах падарожніка: горад з кожным годам прыгажэе

07.08.2025 07:00
«Адчуваецца, што над горадам працуюць, удасканальваюць яго прастору».
Аўдыё
  • Беласток вачыма падарожніка Аляксея Ластоўскага.
БеластокRobert Bartosewicz / Polskie Radio

У свеце існуе 1223 аб’екты, уключаныя ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 952 з іх – гэта аб’екты культуры, 231 — прыродныя, 40 маюць змешаны, культурна-прыродны характар. Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ахоплівае аб’екты са 168 краін. Найбольш аб’ектаў у спісе маюць Італія (55) і Кітай (54). У Польшчы знаходзіцца 17 такіх аб’ектаў.

Наш госць Аляксей Ластоўскі з усіх аб’ектаў ЮНЕСКА наведаў амаль 500, а дакладна – 495. Але цяпер зладзіў ён звычайную паездку ў Беласток.

— Што цябе, як чалавека, які ўвесь час ездзіць па нейкіх экзатычных і не толькі краінах, прыцягнула ў сталіцу Падляшша?

Аляксей Ластоўскі: Трэба адразу сказаць, што гэта звязана і са зменамі ў маім жыцці, бо тыдзень таму я пераехаў з Літвы ў Польшчу, у Варшаву. І ясна, што ўжо з Варшавы, напрыклад, да Беластока дабірацца прасцей, чым з Вільні.

Былі дзве асноўныя прычыны, каб выбрацца туды менавіта цяпер. Першая — канцэрт даўняй музыкі XVIII стагоддзя: Бах і Бібер у Старым Фарным касцёле. Мяне адразу зацікавіла магчымасць паслухаць выдатную музыку ў старым сакральным будынку.

І другая нагода — выстава фатографа Юзафа Чаховіча, якая праходзіць у Беластоку ў галерэі Слядзінскіх. Я б параіў наведаць яе, асабліва тым, хто жыве ў Беластоку. Завітайце ў Дом на вуліцы Вікторыі, 5 — менавіта там адбываецца выстава. Юзаф Чаховіч, на маю думку, быў выдатным фатографам, звязаным з беларускімі мясцінамі. Ён нарадзіўся ў Полацкім павеце, вучыўся ў Віцебскай гімназіі, і пачатак ягонай фатаграфічнай дзейнасці таксама звязаны з Віцебскам — пэўны час трымаў там фотастудыю, а потым пераехаў у Вільню, дзе стварыў першую фатаграфічную панараму горада. Ён шмат фатаграфаваў — вуліцы, краявіды, касцёлы. Ян Булгак называў яго першым фотапейзажыстам Вільні і высока яго ацэньваў. На выставе можна пабачыць гэты спадчынны даробак.

Так здарылася, што Юзаф Чаховіч быў ускосна звязаны з сям’ёй Слядзінскіх. Пасля вайны Людамір Слядзінскі, прадстаўнік гэтай сям’і, быў вымушаны пераехаць у Польшчу. А калі Юзаф Чаховіч памёр, ягоная жонка Ганна выйшла замуж за Вінцэнта Слядзінскага. У гэтым другім шлюбе нарадзіўся Людамір Слядзінскі, і ён сябе цесна атаясамліваў з сям’ёй Чаховіча — нават маляваў партрэты сваіх зводных братоў. Таму на выставе відаць не толькі перапляценне біяграфій, але і сямейных сувязяў.

Выдатная магчымасць пабачыць, як выглядала Вільня ў 1870-х гадах — гэта сапраўды якасныя і ўражлівыя фатаграфіі. Мне здаецца, што імя гэтага фатографа будзе ўсё шырэй вядома. Калі казаць пра выставу, то яна будзе працаваць толькі да сярэдзіны жніўня.

— Тут, у Беластоку ёсць і іншыя аб’екты, якія з майго пункту гледжання могуць быць цікавымі — напрыклад, Музей Памяці Сібіры.

Аляксей Ластоўскі: Я таксама наведаў яго. Гэта была мая першая магчымасць, як толькі трапіў у горад. Там было некалькі матываў: найперш, яны пераклікаюцца з маімі акадэмічнымі даследаваннямі — я займаюся культурай памяці. І натуральна, што гэты музей як даследчы аб’ект можа мяне цікавіць. Я асабіста ведаю дырэктара музея — Войцеха Сляшынскага, які шмат займаўся беларускімі тэмамі. Ён апублікаваў некалькі манаграфій, у тым ліку пра беларускую гістарычную палітыку і міжваенны час.

Ёсць і асабісты момант — калі яны рыхтавалі аўдыягід па-беларуску, перакладчыца трошкі кансультавалася са мной па тэрміналогіі: як перакладаць некаторыя спецыфічныя паняцці. Напрыклад, на жаль, у публічнай прасторы захавалі тэрмін «Крэсы», хоць ён мае сумнеўныя канатацыі і, на мой погляд, непажаданы ў нейтральным кантэксце. Было таксама дыскусійнае пытанне, як перакласці «Rzeczpospolita» — я раіў не перакладаць даслоўна, бо ў беларускай гістарыяграфіі гэта паняцце ўжываецца па-іншаму. У выніку я спецыяльна замовіў сабе аўдыягід, каб пераканацца, як гэта было рэалізавана.

У любым выпадку, музей зроблены выдатна — на сучасным узроўні мемарыяльных музеяў: шмат мультымедыя, шмат сведчанняў, каб стварыць эмацыйнае паглыбленне ў атмасферу. Гэта вельмі важна — каб не было толькі інтэлектуальнага засваення, а каб быў і эмацыйны кантакт, асабліва калі гаворка ідзе пра трагічныя лёсы людзей, дэпартаваных у Сібір, якія галадалі, мерзлі і паміралі. Ёсць, напрыклад, інсталяцыя з нары, гукавы эфект сібірскай завеі — сапраўды дапамагае акунуцца ў тую рэальнасць.

Канешне, ёсць і спрэчныя моманты — ідэалізацыя міжваеннага часу, феномена «асадніцтва» і падобнае. Музей падае гісторыю выключна з польскай перспектывы.

А вяртаючыся да самой паездкі ў сталіцу Падляшша — якія ўражанні засталіся ад Беластока?

Аляксей Ластоўскі: Мушу сказаць, што ў мяне такое адчуванне, быццам Беласток з кожным годам усё лепшы. Я, здаецца, быў тут апошні раз два гады таму — і сапраўды адчуваецца, што над горадам працуюць, удасканальваюць яго прастору. Мне здаецца, што Беласток у пэўнай ступені недаацэнены польскай грамадскасцю. Часам думаюць: «ой, усход», «блізка да Беларусі», нібыта нешта занядбанае. Як у літоўцаў ёсць прымаўка пра Вільню — «як сталіца можа быць так далёка ад мора і так блізка да Беларусі»… Але цяпер Беласток вельмі папрыгажэў, і я спадзяюся, што сюды будзе прыязджаць усё больш людзей — і адкрываць гэты горад нанова.

Размаўляў Яраслаў Іванюк