Беларуская Служба

Мінула пяць гадоў. Нічога не забылася

09.08.2025 07:12
Беларускія эмігранты ў Польшчы згадваюць, што перажылі ў 2020 годзе.
Аўдыё
  • Мінула пяць гадоў. Нічога не забылася
Protesty na Białorusi 2020 r.
Protesty na Białorusi 2020 r.PAP/EPA/STRINGER

Я не хацеў заставацца ў баку

Дзмітрый ад самага пачатку пачаў браць удзел у акцыях пратэсту. Цяпер гаворыць пра гэта спакойна, але відаць, як паднятая тэма зноў яго ўзварушыла. Пытаюся – за што і за каго ён тады выходзіў пратэставаць.

— За людзей, толькі за людзей. Бо нельга так ставіцца да людзей, як гэта рабіла ўлада: непавага, пастаянны ціск на людзей, фальсіфікацыі, рэпрэсіі, беззаконне… Гэта дыктатура, якая не мае права на існаванне. З ёй трэба змагацца. Я не хацеў заставацца ў баку.

Падчас пратэстаў, паводле суразмоўцы, давялося перажыць рознае.

— Цяжка апісаць увесь спектр эмоцый таго стану, у якім знаходзіўся – мы былі ў шоку ўсе, абсалютна ўсе. Калі пачынаю прыгадваць той стан, то адразу ўзнікае нейкая псіхалагічная абарона, нібы сцяна, і не магу згадаць нейкія канкрэтныя рэчы.

Жывёльны страх за сябе і блізкіх

Аліна згадвае, што ў той час адчувала поўнае бяссілле. Жыццё навучыла, што любую праблему можна, калі добра і спакойна падумаць, вырашыць. А ў той сітуацыі выйсця не было, толькі жывёльны страх за сябе і блізкіх.

— Калі зараз пра тое думаю, разумею, што гэта была такая калектыўная траўма і пра гэта шмат хто кажа. А я кожны дзень бачу праяўленне гэтага ў розных маленькіх рэчах. Калі цягам дня здарыцца нешта дрэннае, то ўначы будзе сніцца кашмар, звязаны з падзеямі ў Беларусі. Там абавязкова будзе нешта кшталту АМАПу, міліцыі… Гэта такі яркі сімвал траўмы, калі нешта дрэннае правакуе ў цябе гэтыя ўспаміны.

Я адчуваў страх і быў моцна напалоханы

На Уладзіміра данесла суседка і за ім прыйшлі. Давялося хавацца ў сяброў і знаёмых, таму хутка мусіў з’ехаць. Уначы вярнуўся у сваю кватэру, узяў толькі самае неабходнае. Потым паляцеў самалётам у Кіеў, а на наступны дзень па яго ў чарговы раз на кватэру прыйшоў АМАП.

 — У той час, перад тым, як выехаць, я адчуваў страх, бо быў моцна напалоханы гэтай сітуацыяй. Ведаў, што ў турмах усё вельмі жахліва і разумеў, што я такі чалавек, якому там будзе вельмі складана. Але ў той самы час разумеў, што трэба захоўваць халаднакроўнасць, каб не нарабіць нечага дрэннага. З аднаго боку я быў вельмі напалоханы, але з іншага планаваў, што мне далей рабіць.

Рабі, што павінен і будзе, што будзе

Віталь падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе, як сам кажа, быў разам з усімі. Згадвае, што тады яго вельмі ўразіла салідарнасць людзей.

— Я адчуваў тады нейкае яднанне, і гэта мяне моцна ўразіла. Тады пачалі яшчэ ствараць дваровыя чаты, я таксама ў гэтым удзельнічаў, друкаваў улёткі. У нас у двары нейкі актыў сфармаваўся. Як кажуць: рабі, што павінен, і будзе, што будзе. У мяне тады была вялікая прага да пераменаў. І я разумеў, што не трэба іх проста чакаць, а нешта рабіць, каб яны наступілі.

Уставаць не можаш, працаваць не можаш…

Паводле Вадзіма, не хапала нечага, каб людзі тады акрамя таго, што выходзілі на акцыі, не хадзілі б з тыдзень арганізавана на працу, каб уся сістэма была вымушана спыніцца.

— Было шмат перажыванняў за сябе, за сваіх родных, паколькі я быў дастаткова актыўным у гэтых падзеях. І трэба было наладзіць бяспеку ў сродках сувязі, каб абараніць асабістыя дадзеныя. Гэта было няпроста. Але няпроста было і размаўляць з блізкімі людзьмі, якія казалі: навошта ты туды лезеш. Ты чуеш, што табе кажуць фразы з тэлевізара, спрабуеш шукаць тыя прыклады, каб дастукацца да чалавека. Гэта ўсё было вельмі цяжка, шмат эмоцый негатыўных. І як зрабіць адразу так, каб усё было добра? Але табе зразумела, што так не атрымаецца. Таму было вельмі складана.

Але з’язджаць усё роўна давялося, паколькі апанаваў стан, калі нічога не можаш.

— Уставаць не можаш, працаваць не можаш. Усё што можаш – працуеш, ясі, са знаёмымі гаворыш зрэдку. Гэты стан з’явіўся пасля 20-га году, калі было бачна, як змянілася актыўнасць і як людзі пачалі адаптавацца і як сам пачаў адаптавацца, і што можаш рабіць і што не можаш. І проста адчуваецца, што ўсё настолькі зрабілася дрэнным, што хочацца ўзяць транспарант, напісаць на ім: “Вы што не бачыце, што з вамі ізноў тое самае робяць?” І выйсці з імі ў цэнтр Мінску, ведаючы, што праз паўтары хвіліны да цябе падыдзе АМАПавец… І ты разумееш, што глупства ісці сядаць на суткі, бо разумееш, што галоўнае зараз забяспечыць сваю бяспеку. І бачыш, што астатнія робяць тое самае. Гэта натуральна, бо немагчыма жыць на такіх агрэсіўных эмоцыях, якія паляць цябе шмат часу. Трэба было жыць інакш, а я разумеў, што не магу жыць інакш і згараў, як знічка. Таму вырашыў, што трэба з’язджаць.

Гэта было вельмі жудасна, але і вельмі натхняльна

Усё, што ў тыя дні паўстала перад вачыма маладой дзяўчыны, больш чым уразіла яе.

— Гэта было жудасна, гэта быў вялікі жах. Я не магла ўсвядоміць, як такое магчыма, як тыя супрацоўнікі міліцыі, а яны ж таксама беларусы, маглі паводзіць сябе такім чынам. І нават справа не ў тым, што беларусы з беларусамі такое рабілі, а папросту чалавек з чалавекам. Папросту не глядзець на гэта, адвярнуцца і не бачыць было немагчыма для мяне.

Наста згадвае, што адназначна тады вырашыла: мірыцца з гэтым нельга і трэба супрацьстаяць злу.

— Мы хадзілі на ўсе пратэсты. Былі дні, калі траплялі на тры акцыі ў розных раёнах горада. Адзін дзень я так стамілася, што раніцай не магла ўстаць з ложка — балела спіна. Гэта было вельмі жудасна, але і вельмі натхняльна.

Быць на баку дабра было вельмі прыемна

Спадарыня Вольга кажа, што ў тым жніўні іх сям’я шмат перажыла, муж быў за кратамі, але пры гэтым прызнаецца, што гэтае пачуццё было бадай што найлепшым у яе жыцці.

— Я спрабавала растлумачыць гэта палякам, з якімі кантактую, але гэта неперадавальна. Пачуццё было такое, нібы ты абудзіўся ад сну і нешта новае чакае цябе. Разумела, што змяніць усё будзе цяжка, але не пакідала пачуццё, што ты на рубіконе: тут зло, а тут дабро. І быць на баку дабра было вельмі прыемна.

Тая салідарнасць жанчын…

Згадваючы пра падзеі 2020 году спадар Сяргей прызнаецца, што найбольш аднак яму запомніліся жаночыя акцыі.

— Тая салідарнасць жанчын… Я хацеў бы, каб той дзень стаў дзяржаўным святам жанчын Беларусі. Яны выйшлі і сказалі: і там нашы родныя і блізкія, і там нашы родныя і блізкія. Таму людзі, не бярыце грэх на душу, нам шкада ўсіх – і вас, што вы злачынства робіце і тых, каго вы збілі і пакалечылі. У мяне тады было адчуванне, што мы жывём на старонках гісторыі. Мы ўдзельнікі тых падзей, якія патрапяць у падручнікі.

Павел ЗАЛЕСКІ

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы

Рашэнне пра эміграцыю - нялёгкі крок, асабліва для людзей, у якіх склалася жыццё на радзіме

18.04.2023 18:08
Тым не менш, часта няма іншага выйсця, акрамя эміграцыі, як цяпер у тысяч беларусаў.

Эмігрантка: Сілавікі нас папярэдзілі, што наступным разам «суткамі» яны не абмяжуюцца

08.05.2023 15:05
Апроч творчасці  - спеву -  дзяўчына працавала ў сацыяльным цэнтры, дапамагаючы маладзёнам з цяжкімі ментальнымі разрадамі. Як жыццё тысяч беларусаў, яе долю цалкам перакруціў год 2020 год.