У суботу, 9 жніўня, у пятую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пачатку самых масавых пратэстаў у найноўшай гісторыі Беларусі, у Варшаве адбыўся Марш Свабоды. У акцыі ўдзел узялі некалькі тысяч чалавек.
Марш стаў кульмінацыяй першага дня Канферэнцыі «Новая Беларусь». Пасля насычаных дыскусій, дэбатаў і гарачых абмеркаванняў беларусы выйшлі разам, каб нагадаць сабе і свету: іх яднае не толькі мінулае, але і супольная будучыня.
«Я не закрываю твар — і я магу сабе гэта дазволіць»
Сярод удзельнікаў — лінгвістка, была палітзняволеная Наталля Дуліна, якая адмыслова прыехала з Вільні ў Варшаву:
— Для мяне сёння вельмі важна быць тут, — кажа яна. — Я не закрываю твар, і я рада, што магу сабе гэта дазволіць. Не ўсе беларусы могуць адкрыта казаць і паказваць сябе. Мы павінны памятаць пра тых, хто цяпер у турмах ці пад пагрозай пераследу. (...)
З сям’ёй на марш прыйшоў і Лявон Маліноўскі, беларус, які жыве ў Варшаве.
— Для нас 2020 год быў вельмі важнай датай, — распавядае ён. — Мы ўсёй сям’ёй тады яшчэ не былі разам, але кожны паасобку ўдзельнічаў у акцыях і пратэстах. Гэта быў час, калі беларуская нацыя абудзілася і згуртавалася. Мы прыйшлі сюды, каб яшчэ раз перажыць той момант адзінства.
Паводле Лявона, падзеі 2020 года прынеслі беларусам міжнароднае прадстаўніцтва.
— Калі была абраная Святлана Ціханоўская, яна стала чалавекам, які мае права прадстаўляць усіх беларусаў перад міжнароднай супольнасцю. Для мяне асабіста 2020 год стаў пачаткам новага жыцця — дзякуючы тым падзеям мы пазнаёміліся з маёй жонкай і стварылі сям’ю, у нас нарадзіўся сынок.
Удзельніца Маршу Святлана прызнаецца, што ўжо пяць гадоў не бачыла сваіх блізкіх у Беларусі, але нягледзячы ні нашто, яна не губляў надзеі зноў прытуліцца да сваёй маці.
— Я не бачыла маці пяць гадоў. Спадзяюся, што змагу сустрэцца з ёй, маме ўжо 80. Жыццё вельмі хутка ідзе, і невядома, колькі яшчэ застанецца магчымасцяў папераду, але мы верым, што пераможам рэжым і што з’явіцца акно магчымасцяў, калі беларусы зноў аб’яднаюцца, як у 2020 годзе і зрынуць маскоўскага сатрапа. (...)
«Мы заўсёды казалі, што Расія — пагроза»
У Маршы Свабоды пад рытмічныя гукі барбанаў ішла калона пад чорнымі штандарамі, а ў ёй сярод іншых анархістаў Юрый, якія пасля 2020 года пераехаў у Варшаву:
— Мы трымалі чорныя сцягі — сімвал міжнароднага руху анархістаў. Мы і нашыя папярэднікі заўсёды змагаліся супраць дыктатуры Лукашэнкі, — кажа анархіст. — Яшчэ з пачатку 1990-х мы падкрэслівалі, што беларускі рэжым цесна звязаны з расійскім, з пуцінскім, і што Расія з’яўляецца пагрозай. Грамадства было ў літаргу, 20-ы абудзіў беларусаў.
На яго думку, сёння беларускае грамадства, чым у 2020 годзе.
— Калі б зараз адбылося тое, што ў 2020-м, мы мелі б не толькі досвед, але і моцную аснову з ініцыятыў і актывістаў, каб дзейнічаць у правільным кірунку. Мы, анархісты, таксама лічым, што трэба працягваць барацьбу, захоўваць аптымізм і нават у эміграцыі ствараць вобраз будучыні — Беларусі ў якой мы хочам жыць.
Сярод удзельнікаў маршу быў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні, філосаф Павел Баркоўскі, які падкрэсліў, што галоўную перамогу 2020-га у беларусаў адабраць не ўдасцца ніколі:
— Для беларусаў 9 жніўня — гэта ўжо дата, якая ўвайшла ў гісторыю. Гэта дата годнасці і гонару, якую ніхто не зможа адмяніць, якая будзе запісаная ў будучых падручніках. Бо фактычна беларусы, можа, упершыню ў сваёй гісторыі сапраўды выйшлі абараняць свой выбар, сваю незалежнасць як асобнага народа.
Так, сёння шмат хто скажа, што рэвалюцыя прайграла, што за пяць гадоў нічога не змянілася, а наадварот, усё стала горш. Але калі казаць у гістарычнай перспектыве, пяць гадоў — гэта вельмі малы тэрмін, каб ацэньваць падзеі. І стратэгічна, мне здаецца, беларусы тады перамаглі — перамаглі ў свядомасці. Мы адчулі сябе народам, адчулі сваю еднасць, адчулі сваю нацыянальную прыналежнасць.
Для беларускай дыяспары за мяжой 9 жніўня стала датай, якую адзначаюць штогод — як сімвал адзінства, салідарнасці і пратэсту супраць рэпрэсій і дыктатуры. Марш у Варшаве паказаў: нягледзячы на пяць гадоў выгнання, расстання і побытавых цяжкасцяў, беларусы намагаюцца быць разам і працягваюць верыць у свабодную Беларусь.
— У 2020 годзе мы выйшлі ўпершыню, думаючы, што перамены будуць хуткімі, — кажа адна з удзельніц, Аліна. — Цяпер мы разумеем, што гэта доўгі шлях. Але пакуль мы разам, у нас ёсць шанец.
Слухайце аўдыё!
эж