Беларуская Служба

Пісьменнік, музычны крытык Аляксандр Чарнуха: Феномен Макса Каржа ў тым, што да яго ніхто не размаўляў з падлеткамі іх моваю

11.08.2025 16:51
У чым феномен Макса Каржа, які цяпер збірае вялікую аўдыторыю ва Украіне, Польшчы, Літве, Чэхіі, Казахстане? Якую ідэю прапаведуе ў творчасці?
Аўдыё
  • «Калі і ўскладніцца жыццё беларусаў у Польшчы, то не праз канцэрт Макса Каржа. Максімум, могуць пэўныя палітычныя сілы скарыстацца ў сваіх інтарэсах, зрабіць з гэтага нейкую інфанагоду».
 .
Макс Корж.maxkorzh.live

9 жніўня на стадыёне PGE Narodowy у Варшаве прайшоў адзін з самых маштабных канцэртаў Макса Каржа — прысутнічалі больш за 70 тысяч чалавек. Але вялікі канцэрт быў азмрочаны паводзінамі фанаў, якія зладзілі некалькі шумных маршаў у Варшаве, загадзя не ўзгодненых з муніцыпальнымі ўладамі. Гэта выклікала незадаволенасць жыхароў горада, бо яны сутыкнуліся з натоўпамі маладых людзей, пагрозай для сваёй бяспекі.

На ўваходзе на стадыён людзей старанна аглядалі, не дазвалялі праносіць сцягі, тым не менш некаторыя гэта змаглі зрабіць. І на стадыёне з’явіліся беларускія, украінскія сцягі, а таксама чорна-чырвоны сцяг АУН-УПА, які ў Польшчы ўспрымаецца як сімвал арганізацыі, адказнай за генацыд палякаў падчас Валынскіх злачынстваў. Варшаўская паліцыя паведаміла, што падала ў пракуратуру доказы адносна «з'яўлення на стадыёне лозунгаў, якія могуць лічыцца забароненым дзеяннем».

Таксама ў паліцыі паведамілі, што падчас канцэрта было затрымана 109 чалавек за шматлікія правапарушэнні, у тым ліку за захоўванне наркотыкаў, парушэнне фізічнай недатыкальнасці супрацоўнікаў службы бяспекі, захоўванне і нашэнне піратэхнічных вырабаў, а таксама за незаконнае пранікненне на тэрыторыю масавага мерапрыемства. Было аштрафавана 50 чалавек на агульную суму амаль 11 500 злотых.

Пекла як у Дантэ, пісалі польскія медыя пра паводзіны фанаў Макса Каржа.

Пра феномен Макса Каржа, пра маладых людзей, якіх ён аб’ядноўвае, пра ідэю, якую прапагандуе, паразмаўлялі з Аляксандрам Чарнухам, беларускім журналістам, пісьменнікам, музычным крытыкам. 

— У чым феномен? Мне падаецца, што да Макса Каржа ніхто не рабіў поп-музыку для падлеткаў — зразумелую, энергічную і шчырую. З імі ніхто не размаўляў іх моваю на блізкія ім тэмы. Тым больш, калі твой кумір, спявак, якога ты любіш, можа быць вельмі блізка: ён можа прыехаць спантанна на нейкую тусоўку фанацкую, можа прыехаць вызваляць цябе, калі забралі пасля яго канцэрту за фаеры, можа дапамагчы ў самы нечаканы момант.

Гэта ўсё пра сяброўства, пра нейкае аб'яднанне. Гэта ўсё тое, пра што, звычайна, кажуць, як пра субкультурнае, андэграўнднае. А Максу Каржу ўсё гэта атрымалася вывесці ў мэйнстрым. Як ён любіць казаць падчас канцэртаў, гэта не вы за мной назіраеце, пакуль я на сцэне, а я за вамі назіраю, бо ўсё самае цікавае адбываецца пад сцэнай.

Ён проста дае магчымасць падлеткам, на якіх ніхто ніколі не звяртаў увагі, адчуць сябе часткай чагосці, часткай вялікай сямі. Гэта моцна падкупляе. Падлеткі плюс-мінус заўсёды аднолькавыя: у іх шмат неўтаймаванай энергіі, і натуральна, яны выплюхваюць яе такім чынам, як гэта разумеюць і хочуць. Іх немагчыма кантраляваць, немагчыма спыніць, ім толькі можна нешта расказваць. І песні Каржа – пра маладосць, пра падлеткавую энергію. А прапагандуе ён найперш сяброўства. Сяброўства – гэта яго галоўная ідэя. Я не бачу ў гэтым нічога дрэннага.


Падчас канцэрту. Падчас канцэрту. maxkorzh.live

— У сацыяльных сетках беларусаў зʼявіліся публічныя выбачэнні за паводзіны фанаў. Як вы глядзіце на гэта?

— Я чытаў розныя выбачэнні, калі людзі выбачаюцца, бо ім тут яшчэ жыць і баяцца, што да іх стаўленне палякаў зменіцца, ускладняцца ўмовы жыцця ў іншай краіне. Зразумець гэтую індывідуалістычную пазіцыю можна, у гэтым няма нічога дрэннага, але, хіба, і добрага таксама не шмат. Гэта не залежыць ад цябе і твае выбачэнні ў сацыяльных сетках не прывядуць ні да чаго.

У палякаў сваіх праблем хапае. Сёння ў іх Корж, а заўтра ў нейкі футбольны матч, дзе таксама шмат фанатаў, якія агрэсіўна сябе паводзяць.

Я чытаў пра вечарыны на Макотаве (раён Варшавы, – рэд.), вельмі гучныя, і палякі на іх скардзяцца, бо там і фаеры бываюць, і выбухі нейкія, і гучная музыка, таму жыхары раёну скардзяцца на сваіх жа. Гэта натуральная частка жыцця.

Канешне, маштабы таго, што адбылося падчас канцэрту для палякаў дзіўныя, бо ці не ўпершыню нейкі незнаёмы артыст з іншай краіны ладзіць у іх такое. Гэта, канешне, выклікае пэўнае абурэнне, бо не свае, а нейкія іншыя людзі робяць. Але гэта частка жыцця, мы жывём не ў стэрыльнай атмасферы, такое здараецца.

І мне падаецца, калі і ўскладніцца жыццё беларусаў у Польшчы, то не праз канцэрт Макса Каржа. Максімум, могуць пэўныя палітычныя сілы скарыстацца ў сваіх інтарэсах, зрабіць з гэтага нейкую інфанагоду. Але такая нагода і без таго б знайшлася.

— То бок вы не падзяляеце думку, што гэты канцэрт згуляў супраць беларускай дыяспары ў Варшаве ў нейкай доўгатэрміновай перспектыве? І, хутчэй за ўсё, праз некалькі дзён гэтая падзея сыдзе як бурапеннасць дня. 

— Менавіта. Па-першае, не беларусам за гэта выбачацца, наколькі я ведаю статыстыку, з 70 тысяч наведвальнікаў канцэрта, а агулам лічба яшчэ большая, калі ўлічваць усе вечарыны, што былі ў горадзе, было затрымана 109 чалавек. Гэта 0,15% ад сабранай аўдыторыі Каржа.

Па-другое, настолькі масавае зараджанае мерапрыемства ніколі не абыходзіцца без эксцэсаў. Калі б гуляла зборная Англіі па футболе са зборнай Польшчы, таксама было б у горадзе неспакойна, як мінімум.

вх