Беларуская Служба

У Львове эксгумуюць польскіх жаўнераў, загінулых у баях з немцамі

12.08.2025 12:10
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы разам з украінскімі спецыялістамі пачаў эксгумацыі ў Збоішы, каб перапахаваць польскіх абаронцаў Львова 1939 года.
Аўдыё
  • У Львове эксгумуюць польскіх жаўнераў, загінулых у баях з немцамі
   , ,
Безыменная магіла польскіх жаўнераў, Збоішча, Львоў https://x.com/PoszukiwaniaIPN

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы паведаміў пра пачатак эксгумацыйных работ польскіх жаўнераў на тэрыторыі былых могілак у былой вёсцы Збоішы (па-пол. Zboiska; па-укр. Збоїща), якая зараз з’яўлецца часткай Львова. Мэта польска-ўкраінскай экспедыцыі — перапахаванне парэшткаў жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі ў 1939 годзе падчас абароны Львова ад нямецкіх войскаў. Наш сённяшні суразмоўца — доктар Рафал Касцяньскі, выконваючы абавязкі прэс-сакратара Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы.

— Апошнім часам на тэрыторыі Украіны праводзяцца эксгумацыйныя працы, але яны маюць зусім іншы характар, чым тыя, пра якія звычайна гаворыцца. Бо пра эксгумацыі польскіх жаўнераў Абарончай вайны 1939 года ў польскіх СМІ ўзгадваецца адносна мала.

— Так, гэта праўда. Найбольш вядомым з’яўляецца факт пошуку месцаў пахавання забітых палякаў на тэрыторыі Валыні, перш за ўсё падчас Валынскай разні. Гэта сапраўды найбольш гучны ў медыйным сэнсе факт. Аднак Інстытут нацыянальнай памяці не абмяжоўваецца толькі пошукам гэтых ахвяр, а вядзе пошукавыя і эксгумацыйныя працы ўсюды, дзе гэта магчыма. І гэта датычыцца не толькі ахвяр Валынскай разні, але і жаўнераў Вераснёвай кмпаніі 1939 года

— Якая мэта гэтай эксгумацыйнай місіі, якую ІНП рэалізуе разам з украінскімі партнёрамі?

— Гэта працы, якія былі запланаваныя яшчэ некалькі гадоў таму, дакладна ў 2019 годзе. Тады гэтае месца было даследавана і вызначана як месца пахавання жаўнераў Войска Польскага, якія ў верасні 1939 года абаранялі Львоў. Падкрэслім — яны змагаліся з немцамі. Спробы пачаць эксгумацыю рабіліся неаднаразова, але толькі сёлета ў чэрвені ІНП атрымаў дазвол на правядзенне гэтых работ. Цяпер мы ведаем, дзе пахаваныя жаўнеры — у безыменных магілах. Але колькі іх там і з якіх яны частках — гэта пакажа эксгумацыя.

— Ці можна ўжо казаць пра маштаб гэтых эксгумацыйных прац?

— Пасля завяршэння работ будзе праведзена прэс-канферэнцыя. Так Інстытут нацыянальнай памяці робіць заўсёды, і тады мы паведамім падрабязнасці — з якіх частак былі гэтыя жаўнеры і колькі іх знойдзена.

— Што ІНП хоча рэалізаваць у межах гэтых прац? Бо сама эксгумацыя — гэта толькі пачатак доўгага працэсу.

— Так, безумоўна. Экcгумацыі — гэта пачатак. Потым парэшткі падвяргаюцца дэталёвым даследаванням: вызначаецца, калі і якім чынам загінулі гэтыя людзі, а таксама праводзіцца ДНК-тэст. У некаторых выпадках мы маем звесткі пра сем’і гэтых асоб. Гэта датычыцца ўсіх эксгумацыйных прац, не толькі ў гэтым выпадку. Па генетычных матэрыялах можна вызначыць, як дакладна звалі гэтых людзей.

Часам здараецца, што пры жаўнерах знаходзяць дакументы або ідэнтыфікацыйныя медальёны. Мы гэтага пакуль не ведаем — гэта пакажуць даследаванні. Пасля іх завяршэння адбываюцца ўрачыстыя пахаванні ўсіх — як ідэнтыфікаваных, так і неідэнтыфікаваных асоб. У выпадку жаўнераў, знойдзеных у Збоішчы, такі абрад адбудзецца ў горадзе Мастыска, гэта раённы цэнтр у Львоўскай вобласці. Там на могілках яны будуць пахаваныя, і будзе належным чынам аформлена магіла. ІНП даглядае за месцамі пахаванняў ахвяр таталітарных злачынстваў не толькі на тэрыторыі Польшчы, але і за яе межамі. І тут мы маем такую ж сітуацыю.

— Ці ідзе гаворка таксама пра памяць аб польскіх жаўнераў, пра палякаў, якія загінулі за межамі сучасных межаў Польшчы?

— Так, безумоўна. Гэта былі жаўнеры, якія ў верасні 1939 года змагаліся за свабоду Польшчы. Часам мы толькі здагадваемся, з якіх фармаванняў яны былі, але дакладна гэта стане вядома пасля гістарычных даследаванняў. Галоўнае, што мы не пакідаем сваіх жаўнераў у безыменных магілах, а эксгумуем і аддаём ім належную пашану. Гэта наш абавязак як Інстытута і як польскай дзяржавы.

— Ці маюць гэтыя эксгумацыі вызначаныя тэрміны?

— План падрыхтаваны і вядзецца адпаведная праца па і ідэнтыфікацыі, за што адпавядае Бюро ў структуры ІПН. Падрабязна пра план мы казаць не будзем, бо жыццё пакажа, як будуць ісці работы і калі яны завершацца.

— Што будзе далей? Як я разумею, гэтыя эксгумацыі не вычэрпваюць зацікаўленасці ІНП ва Украіне?

— Так. ІНП імкнецца праводзіць даследаванні ва ўсіх магчымых месцах, дзе гэта дазволена фармальна. Звярніце ўвагу, што атрымаць дазволы Інстытут спрабуе шмат гадоў, і гэта датычыцца і пошукавых, і эксгумацыйных работ. У выпадку Збоішча пошук пачаўся ў 2019 годзе, а дазвол атрыманы толькі ў 2025-м. ІНП робіць такія спробы з 2017 года, калі было створана Біро пошуку і ідэнтыфікацыі на падставе зменаў у законе пра ІНП. З таго часу ёсць прававыя падставы для гэтых дзеянняў, і яны вядуцца рэгулярна.

— Ці можна сказаць, што цяпер існуе станоўчая воля з украінскага боку, каб пачынаць падобныя працэсы?

— Я не буду ацэньваць, ці ёсць воля, ці няма. Факты такія: падчас Валынскай разні з мапы знікла 1500 польскіх населеных пунктаў, а сёлета Польшча атрымала адзін дазвол на эксгумацыю ахвяр гэтай трагедыі і адзін — на эксгумацыю ў Збоішчы.

— А што з абаронцамі 1939 года? Бо, як я мяркую, эксгумацыі  ў Львове таксама не вычэрпваюць тэму.

— Так, безумоўна ІНП падкрэслівае, што мы шукаем месцы злачынстваў не толькі ахвяр нямецкіх  ці ўкраінскіх злачынстваў, але і савецкіх. На тэрыторыі Украіны мы вызначылі чатыры месцы, дзе, як мы мяркуем, пахаваныя польскія жаўнеры. Ёсць і месцы, дзе, верагодна, знаходзяцца ахвяры вайны — байцы Арміі Краёвай або жаўнеры Корпуса аховы памежжа з 1939 года. Інстытут настроены весці гэтыя даследаванні рэгулярна і паслядоўна.

эж