Беларуская Служба

«Галоўная наша заслуга — мы засталіся людзьмі». Размова з былой палітзняволенай Наталляй Дулінай 

14.08.2025 08:42
У шчырай размове Наталля Дуліна расказала пра зняволенне, эміграцыю, досвед свабоды і тое, як змяніліся беларусы за пяць гадоў.
Наталля Дуліна spring96.org

Беларуская служба Польскага радыё паразмаўляла з Наталляй Дулінай — былой дацэнткай кафедры італьянскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая прайшла праз шматлікія затрыманні, суды і больш за два гады зняволення, падчас Маршу Свабоды ў Варшаве.

Наталлю ўпершыню затрымалі на пачатку кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах. Гэта было ўжо пятае затрыманне за год. У лістападзе ёй дадалі абвінавачанне ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». 10 сакавіка 2023 года Мінскі абласны суд прызначыў ёй тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.

Дацэнтка адбывала пакаранне ў ПК №4 з чэрвеня 2023 года. 21 чэрвеня 2025-га Наталля выйшла на волю разам яшчэ з 13 палітвязнямі пасля памілавання, якое адбылося пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага.

— Сёння ў Варшаве адбываецца Марш Свабоды. Для вас такія даты — гэта нагода для настальгіі ці ўсё ж такі погляд у будучыню?

— Ведаеце, я ўвогуле не аматарка традыцый. Мне не ўласціва адзначаць нейкія дні ці даты. Вось і сёння я іду, і, канешне, успамінаю, якімі былі маршы тады, у 2020 годзе, і як усё пачыналася. Пачыналася вельмі дрэнна, з 9 жніўня. Але ўжо з 12-га ўсё кардынальна змянілася. Памятаю марш 16 жніўня — было адчуванне, што вайна скончылася, што мы ідзём пераможным маршам, і ўжо ўсё добра. Аказалася, што ўсё толькі пачыналася.

Але ў мяне няма адчування настальгіі. Мне прыемна ісці  сёння гэтым маршам і ведаць, што ніхто мяне не спыніць. Гэта мой адказ усім, хто ўсе гэтыя гады лічыў мяне злачынцай. Я радая быць тут і гэтай мой адках ім. Памятаю шок, які мы ўсе перажылі, і тое, як самі ўлады дапамаглі нам аб’яднацца.

Па-першае, яны не абаранілі людзей, калі пачалася пандэмія COVID-19. Людзі пачалі самі арганізоўваць дапамогу, і ўбачылі, што могуць вырашаць праблемы без дзяржавы. Па-другое, яшчэ да выбараў было шмат гучных арыштаў. Мне здаецца, гэта была вялікая памылка ўладаў, бо людзі загадзя зразумелі, што будзе падман. І гэта дапамагло нам аб’яднацца і паспрабаваць зрабіць так, каб наш пратэст пачулі. 

Я лічу, што галоўная наша заслуга — гэта мірны характар пратэстаў. Гэта была вельмі годная форма супраціву: узаемадапамога, калі падчас маршу людзі прапаноўвалі ваду, прыбіралі за сабой. Гэта ўсё было варта таго.

— Мінула ўжо пяць гадоў. Вы прайшлі праз некалькі затрыманняў, зняволенне, выдаленне з Беларусі, а цяпер знаходзіцеся ў эміграцыі. Як вы ацэньваеце сённяшні стан Беларусі і беларусаў?

— Мы ўсе прайшлі вялікі шлях, і кожны — свой. Эміграцыя — гэта вельмі цяжка, няволя — таксама. Але праз гэтую боль мы становімся іншымі. Мы атрымалі бесцэнны досвед, якога не мелі б, каб не падзеі пяцігадовай даўніны. 

Мне здаецца, усё, што адбылося з Беларуссю, — гэта найперш пра нас, а не пра іх. Мы сталі іншымі. І нават не ў тым справа, што мы «прайгралі». Мы ўсё роўна ўнутры сябе глытнулі гэтай свабоды. І ўжо інакш сябе адчуваем — як людзі, як грамадзяне, і гэта ніколі і ніхто ў нас не забярэ, нават у зняволенні. 

— Але многія лічаць, што такі досвед не можа быць карысным ні пры якіх абставінах. Вы сапраўды бачыце ў ім нешта станоўчае?

— Я не будыстка, але часам у мяне ўзнікаюць аддаленыя думкі. Можа, мне ўдаецца крыху падняцца над адчуваннем паразы і развагай пра тое, што ўсё магло б быць інакш. Жыццёвы досвед — гэта і ёсць жыццё. Ён дае магчымасць аналізаваць, разумець, і гэта наша багацце, нават калі эмоцыі былі адмоўныя.

Можна пражыць шчасліва і бестурботна — і гэта таксама добра. Але калі мы перажываем вельмі моцныя моманты і вытрымліваем іх, гэта ж нечага варта! Мы жывём адзін раз, і калі мы выстаялі, нягледзячы на страты, засталіся людзьмі — гэта наша вялікае дасягненне. Так, ёсць ахвяры, і гэта жахліва. Але мы, тыя, хто застаўся жывымі, не можам не адчуваць таго каштоўнага, што гэты досвед нам прынёс.

— Як вы сябе цяпер адчуваеце цяпер, калі ўжо крыху ўвайшлі ў новае жыццё — больш уласцівае чалавеку — на волі, хоць і ў эміграцыі? Як вашыя справы? 

— Пакуль усё добра. Я пачынаю адчуваць сябе чалавекам, які можа кантраляваць сваё жыццё. У няволі я не магла прымаць ніякіх рашэнняў, нічога выбіраць. Кожны выбар нехта рабіў за мяне. Цяпер у мяне таксама шмат абмежаванняў, але я жыву ў Вільні, здымаю кватэру, афармляю дакументы, маю планы на будучыню: дзе буду працаваць, чым займацца.

Я думаю, што не прападу. Калі чалавек мае магчымасць сам кіраваць сваім жыццём — гэта цудоўна. Я веру, што ўсё будзе добра.

Мне пакуль не ўласцівае тое адчуванне бездані, пра якое кажуць многія былыя зняволеныя. Наадварот, адчуваю шмат пазітыву. І, магчыма, гэта таксама частка таго досведу, пра які мы сёння гаворым.

Слухайце аўдыё! 

Размаўляў Эдуард Жолуд 

Вызваленыя палітвязні паведамілі пра жорсткае абыходжанне ў месцах няволі

23.06.2025 08:55
«Скаргі, лісты не выпускаюць, сядзіш толькі ў гэтай камеры. Прыборка чатыры разы на дзень – два разы па гадзіне, дзве па паўгадзіны».