Беларуская Служба

Канец формулы «ўсё ўключана» ў гатэлях Турцыі?

15.08.2025 09:00
Турыстам гэта можа не спадабацца.
.    .
Ілюстрацыя. Рэстаран у турэцкім гатэлі.Фота: Pixabay.com/aled7

Турэцкія ўлады рыхтуюцца змяніць фармат адпачынку, які шмат хто лічыў нязменным — формулу all inclusive (усё ўключана). Прычына — маштабнае марнаванне ежы ў гасцініцах і рэстаранах курортных гарадоў – чытаем у выданні Fakt.

Паводле афіцыйных дадзеных, штогод у Турцыі выкідваюць каля 23 мільёнаў тон прадуктаў, і значную частку гэтага смецця стварае турыстычная галіна. Асабліва ў гатэлях, якія прапануюць так званы “шведскі стол”. Госці часта накладаюць на талеркі значна больш, чым здольныя з’есці.

Член Турэцкай рады па сельскагаспадарчай і харчовай палітыцы Рамазан Бінголь падкрэслівае:

«Да паловы сняданкаў у фармаце all inclusive трапляе ў сметніцу».

Цяпер Рада падрыхтавала падрабязны даклад з прапановамі заканадаўчых змен. Дакумент накіруюць прэзідэнту Рэджэпу Таіпу Эрдагану. Адзін з варыянтаў — замяніць традыцыйны шведскі стол сістэмай à la carte, калі госці заказваюць стравы з меню, а порцыі падбіраюцца пад канкрэтныя патрэбы. Прынцып просты: заказаў — з’еш.

Турыстам гэта можа не спадабацца, але ўлады ўпэўненыя — такі падыход скараціць марнаванне прадуктаў і прымусіць гатэлі па-новаму фармаваць прапановы.

Пакуль невядома, калі новыя правілы могуць уступіць у сілу. Але ўжо цяпер зразумела: барацьба з марнаваннем ежы стала прыярытэтам для турэцкай улады. І калі эксперымент апраўдаецца, прыклад з Турцыі могуць узяць і іншыя турыстычныя краіны. 

нг