Беларуская Служба

З-за новых заканадаўчых нормаў многія палякі не змогуць збудаваць дом на ўласным участку

18.08.2025 16:04
Напрыклад, аднакватэрны дом можна будзе збудаваць толькі ў шматфункцыянальнай зоне з жыллёвай забудовай.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: pixabay.com

Муніцыпальныя органы атрымліваюць усё больш заяў аб выдачы дакумента аб умовах забудовы (так званая wuzetka па-польску ад WZ – warunki zabudowy (умовы забудовы)). Forsal піша, што людзі, якія хочуць будаваць дамы на ўласных участках, спяшаюцца атрымаць дазвол. Справа ў тым, што заканадаўчыя змены ўводзяць 13 планавых зон, якія з’яўляюцца галоўным элементам агульнага плана гміны. Паводле іх, напрыклад, аднакватэрны дом можна будзе збудаваць толькі ў шматфункцыянальнай зоне з жыллёвай забудовай. Калі ў кагосьці ўчастак у іншай зоне, цяжка будзе ўзвесці на ім такую нерухомасць.

Гміны павінны былі прыняць агульныя планы да канца гэтага года, але тэрмін падоўжылі да 30 чэрвеня 2026 года. Потым дазволы будуць выдавацца толькі для так званых тэрыторый дадатковай забудовы. Гэта можа пазбавіць некаторых уладальнікаў участкаў магчымасці паставіць дом.

Каб паспець адказаць на ўсе заявы, муніцыпальныя органы шукаюць новых супрацоўнікаў або перадаюць падрыхтоўку рашэнняў вонкавым арганізацыям. Але экспертаў не хапае, бо многія заняты распрацоўкай агульных планаў. Таму стаўкі за такую працу ў параўнанні з мінулым годам значна ўзраслі. Як адзначыў у інтэрв’ю сайту Гжэгаж Кмецік (Grzegorz Kmiecik), намеснік начальніка аддзела ўрбаністыкі і планавання прасторы ў горадзе Ласк, цяпер яны даходзяць да 500 злотых за адзін дакумент аб умовах забудовы, а ў вялікіх гарадах яшчэ вышэйшыя.

Тым часам, калі дзяржаўны орган не выдасць рашэння ў адпаведныя тэрміны, можна патрабаваць накласці яго штраф — 500 злотых за кожны дзень затрымкі.

Увядзенне агульных планаў можа істотна паўплываць на рынкавы кошт некаторых зямельных участкаў. Некаторыя дзялянкі могуць страціць патэнцыял забудовы, калі яны не будуць уключаныя ў новы план гміны. Гэта датычыць перш за ўсё тэрыторый на ўскраінах, сельгасугоддзяў і ўчасткаў, аддаленых ад існуючай забудовы і інфраструктуры. Для ўладальнікаў гэта можа азначаць цяжкасці з продажам зямлі ці неабходнасць знізіць цану.

нг