На Спаса ўсе дарогі вядуць на Грабарку – гавораць праваслаўныя вернікі на Падляшшы. Сёння на святой гары пачынаюцца малітоўныя мерапрыемствы на свята Праабражэння Гасподняга.
Крыжы, прынесеныя вернікамі, на Грабарцы
Тысячы вернікаў прыбываюць у манастыр на гары Грабарцы на Беласточчыне, каб прыняць удзел у свяце Праабражэння Гасподняга, якое ў народзе называецца Спасам – аднаго з самых важных у царкоўным календары. Паводле традыцыі, паломнікі прыносяць з сабой крыжы – маленькія і вялікія, каму які пад сілу. Прыязджаюць, каб памаліцца, духоўна адпачыць і супольна правесці час.
.
«Мы штогод прыязджаем на Грабарку – раней ехалі на цягніку, частка нашай сям'і ідзе таксама пяшком у паломніцтва. Гэта важнае для праваслаўных людзей святое месца. Я вучыла сваіх дзяцей, каб на свята быць тут, на Грабарцы, а зараз дзеці вучаць сваіх дзяцей», – кажа адна паломніца.
.
«Святая гара Грабарка з’яўляецца мэтай праваслаўных паломніцтваў з 17 стагоддзя, але гэтае месца вядомае ўжо з 13 стагоддзя, калі быў папулярны культ іконы Спаса Збавіцеля. І з таго часу святая гара прыцягвае тысячы паломнікаў, вернікаў, прычым не толькі праваслаўных, але і каталікаў, якія шукаюць тут духоўнай дапамогі», – гаворыць даследчык праваслаўнай царквы ў Польшчы, гісторык, прафесар Антон Мірановіч.
.
Усяночнае чуванне з удзелам іерархаў і шматлікіх святароў пачнецца сёння (у панядзелак, 18 жніўня – рэд.) а 17.30 па польскім часе, а заўтра на свята Спаса галоўная літургія з асвячэннем садавіны запланаваная на 10:00 гадзіну.
.
Сёлетнія святкаванні прымеркаваныя таксама да юбілею 1700-й гадавіны І Усяленскага сабору ў Ніцы.
Анна Пятроўская
фота аўтара
слухайце аўдыёфайл