Беларуская Служба

5 гадоў турмы за фізічны напад, штраф за слоўную агрэсію і публікацыя дадзеных агрэсара – польскія ўлады абвастраюць кары за напады на медыкаў

20.08.2025 11:30
Гэта наступства хвалі агрэсіўных паводзінаў супраць парамедыкаў, лекараў, медсясцёр, паліцыянтаў і пажарнікаў падчас выканання імі службовых абавязкаў.
Аўдыё
  • Узмацненне пакарання за напад на медыкаў
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.PAP/Policja Mazowiecka

Напад на парамедыка, лекара, паліцыянта або пажарніка падчас выканання імі службовых абавязкаў будзе мець больш сур'ёзныя юрыдычныя наступствы. Урад Польшчы прыняў законапраект, які ўзмацняе пакаранне за напад на дзяржаўных службовых асоб.

Гэта наступства, між іншым, гучнага забойства парамедыка ў горадзе Седльцы на Падляшшы і артапеда ў Кракаве. Змены прадугледжваюць, што напады на медыкаў будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох месяцаў да пяці гадоў. Раней максімальнае пакаранне за такое злачынства складала тры гады.

Згаданы закон распаўсюджваецца таксама на грамадзян, якія аказваюць дапамогу пацярпелым, заявіў прэс-сакратар урада Адам Шлапка(Adam Szłapka):

- У сітуацыі калі грамадзянін, рызыкуючы сваім жыццём і здароўем, дапамагае пацярпелай асобе або дапамагае парамедыку, які аказвае такую дапамогу, то за напад на яго будзе прадугледжана больш высокая ступень крымінальнай адказнасці.

Акрамя таго, пракуратура будзе прыцягваць да адказнасці асоб, якія абражаюць або пагражаюць супрацоўнікам службаў падчас умяшальніцтва. У цяперашні час гэта адбываецца толькі па асабістай просьбе пацярпелага боку.

У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz) дадаў, што разгляд такіх спраў у судах можа быць паскораны:

- Гаворка ідзе пра тое, каб гэтыя падзеі былі максімальна стыгматызаваныя.

Апрача таго, па просьбе пацярпелага боку, дадзеныя злачынцы будуць агучвацца.

Закон таксама прадугледжвае ў дзесяць разоў большыя штрафы за агрэсіўныя паводзіны ў грамадскім месцы, такім як бальніца або офіс. Штраф будзе складаць ад 1 000 да 5 000 злотых (ад 235 да 1 176 еўра). Акрамя таго, агрэсар можа быць прысуджаны да арышту або абмежавання волі.

Гэта неабходныя рашэнні – так прынятыя ўрадам змены каментуе медыцынскае асяроддзе ў Польшчы. Цяпер медыкі разлічваюць на эфектыўнае выкананне новых правілаў, кажа доктар Павел Дачакальскі(Paweł Doczekalski) з Прэзідыума Вышэйшай медыцынскай палаты:

- Спадзяюся, што гэта будзе мець нейкі глабальны маштаб. Можа нехта двойчы падумае, перш чым вырашыць нападаць на лекара ці іншага медыцынскага работніка.

Справа тым больш су’рёзная, што апошнім часам напады на медыкаў у Польшчы здараюцца часта, кажа Павел Дачакальскі:

- Гэта пачалося з акцыяў вакцынацыі супраць COVID-19 – у 2021-2022 гадах. У сваю чаргу найбольш гучныя выпадкі, гэта забойства нашага калегі артапеда Томка ў Кракаве, напад у горадзе Седльцы, напад на лекарку-псіхіятра ў Кашаліне і шматлікія атакі на фельчараў – амаль кожны дзень яны паведамляюць пра розныя формы агрэсіі, з якой сутыкаюцца.

Між тым, медыкі разлічваюць на далейшыя змены ў заканадаўстве. Доктар Павел Дачакальскі спадзяецца, што ўрад і дэпутаты таксама ўвядуць дадатковыя гарантыі бяспекі для медыкаў, у тым ліку рэестр агрэсіўных пацыентаў:

- Рэестр – адна прапанова. Іншая, каб у шпіталях былі вароты ў стылі аэрапорта. Трэба таксама ўвесці сістэму хуткага паведамлення паліцыі, напрыклад, ціхую сігналізацыю, як у банках на выпадак нападу – нейкую кнопку, якая непасрэдна паведамляе паліцыю.

Каб паменшыць колькасць трагічных нападаў на парамедыкаў, неабходная адукацыя, у тым ліку сярод самога медыцынскага персаналу, кажа прэс-сакратар варшаўскай службы хуткай дапамогі Meditrans Пётр Аўчарскі(Piotr Owczarski):

- Гаворка не ідзе пра тое, каб змагацца з пацыентам – гэта не нашае заданне. Гаворка ідзе пра тое, як эфектыўна рэагаваць, каб мінімізаваць магчымыя шкоды, вучыцца ўхіліцца ад удараў і змякчаць агрэсію.

У сваю чаргу дырэктарка службы хуткай медыцынскай дапамогі ў Легніцы, сакратар Асацыяцыі працадаўцаў хуткай медыцынскай дапамогі Яанна Бранавіцка(Joanna Bronowicka) задаволена тым, што, прынятая ўрадам папраўка ў закон таксама прадугледжвае пакаранне за абразу медыкаў:

- Я вельмі рада, што папраўка прадугледжвае штраф за моўную агрэсію падчас медыцынскай акцыі. Цяпер гэта будзе стандартызавана па ўсёй Польшчы, і мы вельмі рады гэтаму.

Праца над законам аб узмацненні пакарання за напады на медыкаў паскорылася ў апошнія месяцы пасля гучнага забойства парамедыка ў горадзе Седльцы на Падляшшы, якое адбылося ў студзені бягучага года. У сваю чаргу ў канцы красавіка агрэсіўны мужчына ўварваўся ў кабінет Універсітэцкай бальніцы ў Кракаве і напаў на лекара падчас агляду пацыента. Лекар памёр.

У адказ на гэтыя трагічныя падзеі ў траўні ў Варшаве адбыўся марш медыцынскіх работнікаў супраць гвалту.

IAR/аз

Канец беспакаранасці за напады на лекараў у Польшчы — Генпракуратура ўзмацніла правілы

18.07.2025 15:56
У адказ на ўзмацненне агрэсіі супраць медыцынскага персаналу Генеральны пракурор выдаў новыя рэкамендацыі, прызначаныя для хуткага і рашучага прававога рэагавання на гэтыя злачынствы.

Урад Польшчы хоча ўзмацніць пакаранне за напад на ратаўнікоў і паліцэйскіх

19.08.2025 18:19
Урад хоча ўзмацніць пакаранне за напад на ратаўнікоў «хуткай дапамогі», супрацоўнікаў міліцыі і грамадзян, якія аказваюць дапамогу.