Ёсць такое адчуванне, што я тут турыст
Людміла адносна нядоўга жыве ў Польшчы. Распавядае, што працавала ў адным горадзе, але была вымушаная пераехаць, бо там скончылася праца. У Польшчы яна бывала і раней, але толькі як турыст. Прызнaецца, што ні польскай мовы, ні традыцый палякаў добра не ведае.
— Ёсць такое адчуванне, калі шпацырую па горадзе, нібыта я ўсё яшчэ турыст, якому проста далі магчымасць тут пажыць. Усё нязвыкла, усё новае. Мову польскую ведаю дрэнна і часта блытаюся: то на польскую пераключаюся, то на англійскую, — кажа яна.
Без працы — трывожнае адчуванне
Дзяўчына шукае, дзе ўладкавацца кухаркай — гэтай прафесіяй яна авалодала яшчэ ў Беларусі і мае ўжо немалы досвед. Распавядае, што шмат чаму навучылася дзякуючы інтэрнэту. Але ёсць адна вялікая праблема: польскую мову ведае слаба і саромеецца тэлефанаваць па аб’явах. З-за гэтага настрой пагаршаецца.
— Калі працы няма, то вельмі напружана сябе адчуваеш. Ёсць такая баязнь, што, паколькі я беларуска, мала хто мяне возьме, бо пасля 2022 года да беларусаў, мне здаецца, пачалі ставіцца горш.
— Вам здаецца ці вы адчулі гэта на сабе?
— На сабе не адчувала, але чытаю некаторыя навіны, і ад гэтага робіцца сумна, — прызнаецца яна.
Па дому сумую, але ехаць не хачу
Цікаўлюся ў Людмілы, якія ў яе планы на будучыню. Кажа, што пакуль застанецца ў Польшчы: хоча папрацаваць, набрацца заходняга досведу. У Беларусь пакуль не хоча вяртацца — сітуацыя там «не адпаведная». Але сумуе па родным доме.
— Кожны дзень па дому сумую. У мяне там і родныя, і сябры засталіся. Ды я і не планавала нікуды з’язджаць — проста абставіны склаліся так, што давялося. Канешне, хацелася б вярнуцца, але пакуль не ў гэтых абставінах.
Людміла на момант задумваецца, а потым дадае, што самае балючае — гэта калі не можаш вярнуцца, нават калі хочаш.
— Мне вельмі сумна ад таго, што цяпер у такім стане наша краіна, і каб нармальна працаваць і не баяцца за сваё жыццё, трэба з’язджаць у суседнія краіны. І яшчэ не факт, што тут усё атрымаецца, — уздыхае яна.
Нешта пакуль перашкаджае ўліцца ў новую супольнасць
Размаўляем з Людмілай пра эміграцыю і адаптацыю. Яна шчыра кажа, што з інтэграцыяй пакуль цяжка.
— Я, канешне, яшчэ не так шмат тут жыву, але ёсць адчуванне, што я нібыта лішняя і асабліва нікому не патрэбная. Такое адчуванне: ёсць «яны» і ёсць «ты». І я нібыта спрабую ўліцца ў іх супольнасць, але нешта перашкаджае, нібыта яны самі не вельмі хочуць, каб я стала часткай іх кола. Вось такое дзіўнае пачуццё, якое цяжка патлумачыць. Магчыма, нейкая рыса польскага менталітэту пакуль не дае мне цалкам уліцца ў грамадства, — разважае яна.
Найцяжэй даецца мова…
Пытаюся ў Людмілы, што для яе ў Польшчы самае складанае?
— Можа гэта будзе гучаць трошкі смешна, але самая вялікая праблема ў мяне — польская мова. З-за таго, што яна падобная на беларускую, шмат слоў гучаць аднолькава, але азначаюць зусім іншае. У мяне быў выпадак на працы, калі кіраўніцтва сказала мне адно, а я зразумела зусім іншае. Давялося ўсё тлумачыць і перапытваць. Такія сітуацыі здараюцца і цяпер, — прызнаецца яна.
…але тут можна не баяцца «таварыша маёра»
Людміла адзначае, што ёсць і вельмі пазітыўныя моманты.
— Тут можна адчуваць сябе ў бяспецы. Гэта асабліва заўважна пасля Беларусі. Тут «таварыша маёра» можна не баяцца. Раней, калі бачыла паліцэйскіх на вуліцы, узнікала напружанне, але хутка зразумела, што нічога дрэннага не адбудзецца. Бачыла нават, як паліцыянты падыходзілі да людзей, якія вельмі гучна сябе паводзілі, рабілі заўвагі і сыходзілі. Але нікога не «вязалі». Гэта быў шок у добрым сэнсе, — усміхаецца яна.
Падабаецца, што палякі больш разняволеныя за нас
Напрыканцы пытаюся ў Людмілы, ці ёсць у палякаў рысы, якія ёй падабаюцца і якія яна хацела б пераняць.
— Палякі больш разняволеныя за беларусаў. Яны не перажываюць за кожную дробязь, як у нас. Не скажу, што яны безадказныя — яны проста больш спакойныя і філасофскія ў стаўленні да праблем. І гэта мне ў іх падабаецца, — кажа яна.
Адным словам, як заўважае мая суразмоўца, у палякаў сапраўды ёсць чаму павучыцца.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл