Беларуская Служба

Даследчыкі вывучылі прычыны пастаяннай санлівасці на працягу дня

25.08.2025 13:31
Пастаянная дзённая санлівасць, нягледзячы на ​​дастатковы сон уначы, — гэта стан, які закранае многіх людзей. Гэты стан называецца гіперсомніяй, піша газета Rzeczpospolita.
СанлівасцьRoman Samborskyi/shutterstock.com

Новае даследаванне бостанскіх навукоўцаў сведчыць аб тым, што два фактары могуць спрыяць развіццю гіперсомніі: харчаванне і гармоны.

Што такое гіперсомнія і якія яе прычыны?

Згодна з шматлікімі эпідэміялагічнымі даследаваннямі, празмерная дзённая санлівасць (ПДС) можа закрануць да 15 працэнтаў людзей. Напрыклад, у Вялікабрытаніі гэтая праблема закранае кожнага чацвёртага чалавека і звязана з больш высокай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў, атлусцення і дыябету.

Гіперсомнія адрозніваецца ад простай стомленасці. Людзі з гэтай праблемай могуць рэгулярна драмаць на працягу дня, засынаць нечакана або вельмі доўга спаць.

Гіперсомнія можа быць звязана, напрыклад, з такімі захворваннямі, як наркалепсія, апноэ сну, сіндром неспакойных ног, дэпрэсія або сіндром хранічнай стомленасці.

Новыя вынікі даследавання

Даследчыкі з медыцынскага цэнтра Mass General Brigham і Beth Israel Deaconess у Бостане правялі новае даследаванне гіперсомніі. Вынікі былі апублікаваныя ў медыцынскім часопісе Lancet eBioMedicine.

Аўтары даследавання выкарысталі ўзоры крыві больш чым 6000 чалавек, якія ўдзельнічалі ў доўгатэрміновым даследаванні здароўя.

Даследчыкі вызначылі сем метабалітаў (хімічных рэчываў, якія выпрацоўваюцца ў арганізме ў выніку метабалізму), якія могуць уплываць на рызыку празмернай дзённай санлівасці. Яны таксама выявілі, што метабаліты палавых гармонаў, такія як прагестэрон, былі звязаны з працэсамі, звязанымі са сном, у тым ліку з выпрацоўкай мелатаніна.
«Наша даследаванне сведчыць аб тым, што дыета і генетыка могуць гуляць важную ролю ў ПДС», — кажа доктар Тарык Факіх, кіраўнік даследавання.

Вынікі могуць сведчыць аб новых метадах лячэння ПДС, у тым ліку аб зменах у дыеце і адпаведным выбары лекаў.

Якія прадукты могуць спрыяць дзённай санлівасці?

Даследаванне паказала, што сем метабалітаў былі звязаны з празмернай санлівасцю, і тры дадатковыя метабаліты адрозніваліся ў залежнасці ад полу. Сярод іх быў тырамін, які змяшчаецца, сярод іншых, у ферментаваных і пераспелых прадуктах. Гэта спрыяе падвышанай дрымотнасці, асабліва ў мужчын.

Прадукты з высокім утрыманнем тыраміну ўключаюць: вытрыманыя сыры; вяндліны і вэнджанае мяса; ферментаваныя прадукты; пераспелыя садавіна; марынаваныя прадукты; чырвонае віно.

Што есці, каб атрымаць больш энергіі на працягу дня?

Даследчыкі вызначылі, што ў такім выпадку дапамагаюць кіслоты амега-3 і амега-6, якія звычайна сустракаюцца ў міжземнаморскай дыеце.

Прадукты, якія багатыя амега-3 і амега-6, уключаюць: ласось, скумбрыя, сардзіны і тунец; малюскі; грэцкія арэхі; насенне лёну; яйкі; мяса птушкі; цэльназерневы хлеб і кашы.
Пра даследаванні празмернай санлівасці на працягу дня і як з ёю змагацца напісалa газета Rzeczpospolita.

яс