Беларуская Служба

Варшава заклікае далучацца да правільнай сарціроўкі смецця

26.08.2025 15:09
Сталічнай Эстрада правяла экалагічны пікнік для жыхароў горада з удзелам дзясятка партнёраў, сярод якіх былі таксама беларусы.
Аўдыё
  • Экалагічны пікнік у Варшаве
Экапікнік у Варшавеhttps://www.facebook.com/warszawa

23 жніўня бягучага году ўлады Варшавы правялі экалагічнае мерапрыемства ў форме пікніку, прысвечанае важнай тэме:  правільнай сарціроўкі смецця пад лозунгам «Włącz się do akcji prawidłowej segregacji» — «Далучайся да акцыі правільнай сарціроўкі». Акцыя прайшла на тэрыторыі сталічнага Мультымедыйнага парку фантанаў. Удзел у акцыі ўзяў фонд «Nierusz Natura». Больш падрабязна пра мерапрыемства распавёў старшыня арганізацыі Уладзімір Зуеў.

— Экапікнік — гэта гарадское мерапрыемства, якое аб’ядноўвае сем’і, моладзь, экспертаў і арганізацыі, што займаюцца пытаннямі навакольнага асяроддзя. У гэтым годзе на тэрыторыі Мультымедыйнага парку фантанаў адбыліся майстар-класы, адукацыйныя гульні і дыскусіі пра тое, як жыць больш бяспечна для сябе і навакольнага асяроддзя. 

Што падрыхтаваў ваш Фонд?

— Мы арганізавалі інфармацыйна-адукацыйную пляцоўку ў межах міжнароднага праекта BaltiPlast (EU Interreg BSR Programme). Наша мэта — паказаць, якія крокі можа зрабіць кожны, каб зменшыць пластыкавае забруджванне басейна Балтыйскага мора. На пляцоўцы ў нас быў інфармацыйны павільён з ролапамі і QR-кодамі на пытанні, зона ўстойлівых рашэнняў з прыкладамі альтэрнатыў аднаразоваму пластыку, а таксама інтэрактыўныя актыўнасці: гульня «Сегрегуй смецце правільна», «Akcja frakcja», «EuroMemo» і нават марская крыжаванка для дарослых і дзяцей.

Як наведвальнікі рэагавалі на вашыя адукацыйныя прапановы?

— Вельмі жвава! Людзі з цікавасцю ўдзельнічалі ў гульнях, дзеці з задавальненнем размалёўвалі каляраванкі, а дарослыя задавалі пытанні пра тое, дзе можна набыць непластыкавыя тавары. Многія здзіўляліся, наколькі проста можна замяніць аднаразовы пластык прадметамі штодзённага карыстання. І, вядома, усе радаваліся, атрымліваючы нашы эка-сувеніры за ўдзел у заданнях.

Якое значэнне маюць такія мерапрыемствы?

— Іх сіла ў тым, што яны спалучаюць асвету з пазітыўнымі эмоцыямі. Людзі не толькі даведваюцца карыснае пра абарону навакольнага асяроддзя, але і бачаць, што экалагічныя рашэнні — гэта не складана і нават весела. А галоўнае — гэта дае магчымасць далучыць жыхароў Варшавы і гасцей горада да рэальных крокаў па змяншэнні пластыкавага забруджвання.

Якія вашы далейшыя планы? Ці Вы плануеце ўдзел у іншых падобных акцыях?

— Мы працягнем працаваць у межах праекта BaltiPlast, рыхтуем новыя адукацыйныя матэрыялы і кампаніі, у тым ліку ў іншых гарадах Польшчы. Вельмі важна, каб тэмы абароны басейна Балтыйскага мора і ўстойлівага спажывання заставаліся ў цэнтры ўвагі грамадства. Мы абавязкова будзем удзельнічаць у наступных мерапрыемствах, каб натхняць людзей на перамены.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч