Нягледзячы на накладзенае вета на папраўкі да закона аб дапамозе ўкраінцам, іх часовая абарона ў Польшчы не скасоўваецца. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падаў у Сейм уласны законапраект, у якім захаваны працяг дзеяння абароны, хоць сацыяльная падтрымка, у тым ліку праграма «800+» (штомесячная выплата на кожнае дзіцяці ў Польшчы) і ўмовы атрымання грамадзянства, могуць змяніцца. Канчатковае рашэнне Сейм прыме пасля аднаўлення працы ў верасні.
Часовая абарона, праўдапабодна, застаецца, але з абмежаваннямі
Накладанне вета прэзідэнтам Польшчы Каралям Наўроцкім на папраўкі да закона аб дапамозе грамадзянам Украіны паставіла пад рызыку легальнасць знаходжання ў Польшчы амаль мільёна ўкраінцаў ужо з кастрычніка. Бо дзеянне часовай абароны працягваецца толькі да 30 верасня.
Заканадаўчы пакет, акрамя іншага, датычыўся бясплатнай медычнай дапамогі, дапамогі «800+», а таксама падаўжэння абароны ўкраінцаў ад наступстваў вайны да 4 сакавіка наступнага года. Сваё рашэнне кіраўнік польскай дзяржавы патлумачыў тым, што гэтыя льготы павінны атрымліваць толькі ўкраінцы, якія працуюць у Польшчы.
У Канцылярыі прэзідэнта падкрэслілі, што гэта «не дзеянні супраць украінцаў», бо закон павінен быць справядлівым у першую чаргу адносна палякаў, якія таксама не атрымліваюць бясплатную медычную дапамогу без выканання пэўных умоваў, а менавіта сплаты адпаведнага ўнёску ў Фонд сацыяльнага страхавання (ZUS).
«Сітуацыя кардынальна змянілася. Многія ўкраінцы, якія тады ўцякалі ад вайны, вырашылі застацца ў Польшчы і будаваць тут сваё жыццё. Яны павінны мець такія ж умовы, як і палякі. Таму рашэнні, якія мелі сэнс у першыя тыдні і месяцы вайны, у доўгатэрміновай перспектыве не працуюць», — адзначыў кіраўнік Канцылярыі прэзідэнта Павел Шафэрнакер.
Сітуацыя для ўкраінцаў застаецца нявызначанай
Экспертка з канфедэрацыі «Левіятан» Надзея Вінярская патлумачыла, што паколькі ваенныя мігранты карысталіся абаронай у Польшчы, уведзенай Еўрасаюзам, яны і надалей могуць спадзявацца на легальнае знаходжанне ў краіне, хаця гэта пытанне з прававога пункта гледжання застаецца ў Польшчы адкрытым.
«Закон аб дапамозе грамадзянам Украіны прадугледжваў, што абарона прадастаўляецца аўтаматычна людзям, якія прыязджаюць у Польшчу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання і дэкларуюць, што іх знаходжанне ў Польшчы звязанае з вайной ва Украіне. Адначасова тыя ўкраінцы, тэрмін дакументаў для легальнага знаходжання якіх сплыў да 24 лютага 2022 года, раней атрымлівалі аўтаматычнае падаўжэнне гэтых дакументаў. Калі прэзідэнт не падпіша законапраект, які прадугледжвае працяг абароны, яны павінны звярнуцца ў міграцыйную службу, дзе цяпер назіраюцца вялізныя чэргі ў кожным ваяводстве Польшчы», — патлумачыла Надзея Вінярская.
На самой справе, разгляд спраў аб легалізацыі іншаземцаў у Польшчы замест заканадаўчых 90 дзён, цягнецца што найменей адзін год, а іншаземцы, якія знаходзяцца ў гэтай працэдуры пазбаўляюцца магчымасці нармальнай арганізацыі свайго жыцця.
Караль Наўроцкі ўжо падаў у Сейм уласную рэдакцыю законапраекта, разгляд якога пачнецца пасля аднаўлення пасяджэнняў Сейму 9 верасня. У гэтым дакуменце захоўваецца працяг перыяду абароны ўкраінцаў у Польшчы, аднак прапанаваныя змены тычацца ў асноўным фінансавай дапамогі «800+», ускладнення працэдуры атрымання польскага грамадзянства, а таксама павелічэння тэрміну пакарання за незаконнае перасячэнне мяжы да пяці гадоў пазбаўлення волі, і забароны сімвалаў бандэрызму.
Беларусы таксама адчуюць наступствы прапанаваных зменаў
Што да праекта змяненняў адносна набыцця грамадзянства, прапанаванага Каралям Наўроцкім, то яны таксама ўскладняць жыццё грамазянам Беларусі ў Польшчы. Польскія СМІ — ад левых да правых — пішуць пра падаўжэнне тэрміну чакання з 3 да 10 гадоў, як прапанаваў польскі прэзідэнт.
Але гэта няпраўда, якая скажае рэчаіснасць і фармуе сярод палякаў меркаванне, не падмацаванае фактамі. Польскае заканадаўства кажа пра 8 гадоў (мінімум 5 да атрымання статусу доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС і яшчэ 3 пасля яго набыцця). На практыцы гэты перыяд можа быць значна даўжэйшым, бо каб атрымаць права прэтэндаваць на статус рэзідэнта, трэба не мець агульнага перапынку ў пражыванні ў Польшчы больш за 10 месяцаў на працягу 5 гадоў (калі нехта выязджаў у доўгую паездку ці рэгулярна вяртаўся дадому, гэта можа стаць праблемай).
Акрамя таго, гады з выдадзеным дазволам на знаходжанне ў сувязі з навучаннем увогуле лічацца напалову (напрыклад, 5 гадоў вучобы ва ўніверсітэце роўныя толькі 2,5 гадам стажу пражывання). Што датычыцца ўкраінскіх уцекачоў, то пакуль яны знаходзяцца на падставе спецыяльнага закона, гэты час увогуле не залічваецца да іх знаходжанне ў Польшчы ў згаданы стаж.
Такім чынам, калі гэтыя зменны будуць уведзены, час атрымання польскага грамадзянства, для людзей без польскага паходжання, будзе складаць прыблізна 20 гадоў.
Пазіцыя Еўракамісіі і ўрада Польшчы
У Еўрапейскай камісіі заявілі, што не будуць каментаваць вета прэзідэнта Польшчы адносна закона аб дапамозе ўкраінскім уцекачам, бо кожная краіна-член Еўрасаюза сама вызначае памер выплат. Аднак там нагадалі, што паводле Дырэктывы аб часовай абароне ўкраінцаў дзяржавы ЕС павінны забяспечваць асобам, якія ёю карыстаюцца, неабходную дапамогу ў сферы сацыяльнага забеспячэння, медычнага абслугоўвання і сродкаў на існавання, калі яны самі не маюць дастатковых рэсурсаў.
Тым часам урад Польшчы прапануе рэгуляваць выплаты для ўсіх замежнікаў, у тым ліку, і для грамадзянаў Беларусі, яны будуць прывязаныя да працаўладкавання.
«Яны будуць непасрэдна звязаныя з працай, з пытаннем уключэння ў сістэму Фонду сацыяльнага страхавання (ZUS), што таксама непасрэдна звязана з працай. Гэта рашэнне ўжо рыхтуецца. Вядома, законапраект, на які наклалі вета, з’яўляецца комплексным рашэннем адносна статусу абароны грамадзян Украіны. Іншага шляху няма. Мы павінны падрыхтаваць іншае рашэнне, але я падкрэсліваю, што яно таксама будзе суправаджацца вельмі сур’ёзным рэгуляваннем у сферы сацыяльных выплат для ўсіх замежнікаў у Польшчы. Гэта больш шырокае рашэнне, чым тое, пра якое гаворыць прэзідэнт», — заявіў прэс-сакратар урада Польшчы Адам Шлапка.
«Украінцы плацяць больш, чым атрымліваюць»
Вета прэзідэнта шырокім рэхам разышлося ў польскай прэсе. У прыватнасці, публіцыст Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі звярнуў увагу на тое, што пытанне апошняга вета Караля Наўроцкага з'яўляецца часткай значна глыбейшага працэсу, які тычыцца ўсёй палітычнай сцэны ў Польшчы, а менавіта, спаборніцтва ўлады і апазіцыі ў антыўкраінскіх заявах і кроках.
Міхал Патоцкі адзначыў, што яшчэ некалькі гадоў таму ў палітыцы дамінаваў кансэнсус: украінскія мігранты культурна блізкія, лёгка пераадольваюць моўны бар’ер, хутка інтэгруюцца на рынку працы і не ўяўляюць крымінальнай рызыкі. Найлепшымі лічыліся студэнты, бо яны мелі найбольшую магчымасць застацца ў Польшчы, павялічваць ВУП і ратавалі польскую пенсійную сістэму.
«Украінцы ўжо сёння плацяць у падатках і ўзносах значна больш, чым атрымліваюць праз сацыяльныя выплаты. Але аднойчы палітыкі вырашылі стварыць праблему, якой раней не існавала. Пад ціскам антыўкраінскай кампаніі ў інтэрнэце і ў рэальным жыцці частка ўкраінскай дыяспары з’едзе на Захад, а частка набудзе антыпольскія перакананні, якіх да гэтага сацыялагічныя даследаванні не выяўлялі. На гэтым выйграюць крайнія партыі», — піша Патоцкі, звяртаючы ўвагу на тое, што галоўныя палітычныя сілы ўжо актыўна карыстаюцца рыторыкай крайнеправай партыі «Канфедэрацыя».
«Даўняга Права і Справядлівасці — Леха Качыньскага, а таксама, напрыклад, Анджэя Дуды і Міхала Дворчыка 2022 года — ужо няма. Яго замяняе Наўроцкі, які ў сэнсе спалучэння фетышу нізкіх падаткаў з антыўкраінізмам моцна набліжаны да светапогляду «Канфедэрацыі». Цяжка было прадбачыць, што лібералы з «Грамадзянскай кааліцыі» будуць спаборнічаць з імі, хаця самі яны тлумачаць гэта неабходнасцю абароны дэмакратыі. У выніку ўсе зрушваюць цэнтр палітычнай цяжкасці ўправа, пакуль выбарца не пачне пытацца: навошта галасаваць за копіі «Канфедэрацыі», калі ёсць арыгінал», — рэзюмуе публіцыст.
эж