На наступны дзень некалькі вызваленых паявіліся на прэс-канферэнцыі. Яна расказалі не толькі пра вызваленне і прымусовую дэпартацыю, але і пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах і калоніях.
Вызваленыя мужчыны расказвалі пра надзвычай жорсткія ўмовы ўтрымання, жанчыны – пра крыху лепшыя. Як сказаў адзін з былых палітвязняў, ніхто не разумее іх логікі, каго прэсуюць больш, а каго менш.
Гэта не першыя аповеды пра здзекі і катаванні палітзняволеных, асаблівае стаўленне да асуджаных па палітычных матывах. Аднак кожны раз сведчанні былых асуджаных выклікаюць мурашкі на скуры і думкі, а што б ты зрабіў у такіх умовах. І нязменна захапляе іх разуменне, што іх пакуты былі недарэмныя, а ўнутраная свабода – захаваная.
Дзмітры Кучук
Кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітры Кучук па надуманых прычынах быў пастаўлены ў нізкі сацыяльны статус. У знак нязгоды ён чатыры разы аб’яўляў галадоўку, седзячы сем месяцаў у адзіночнай камеры.
- У камеры шасці метраў было 13 чалавек. Людзі, калі спяць, не могуць павярнуцца. Ноччу стаяць, бо няма месца легчы на падлогу. Там вельмі шмат клапоў. У мяне ўсё свярбела. Пасля завядзення крымінальнай справы я апынуўся ў ІК-9. У мяне не было ніводнага парушэння. І там пачаліся цікавыя рэчы. Мне сказалі вынесці смецце і памыць умывальнік. Калі ты гэта зробіш, то табе дадуць нізкі статус. Я трапіў на сем сутак у ШЫЗА. Пасля выхаду да мяне падыходзіць крымінальны аўтарытэт і пытаецца, чым займалася партыя. Я сказаў, што партыйнай дзейнасцю, што мы прымалі ўдзел у круглым стале, дзе выступаў эксперт на тэму ЛГБТ-супольнасці. І гэта паслужыла таму, што мне прысвоілі нізкі статус. Вас могуць згвалціць. Гэта людзі, якія паводзяць сябе неадэкватна. Я спалохаўся, папрасіў забяспечыць маю бяспеку. Мне сказалі, што нічога рабіць не будуць. Я пачаў галадаць. На да мной пачалі здзекавацца.
Мікалай Дзядок
Словы Дзмітры Кучука – гэта нават не 1/10 таго, што адбываецца ў беларускіх турмах, працягваў блогер Мікалай Дзядок. І яго вельмі моцныя словы аб тым, што свет яшчэ нават не ўяўляе, што адбываецца ў Беларусі:
- Свет яшчэ не ўяўляе маштабаў таго, што адбываецца ў Беларусі: парушэння правоў чалавека, здзекаў, гвалту любога віду. Я не ведаю іх д’ябальскай логікі, над кім здзекавацца больш, каго даводзіць да вар’яцтва. Калі я ў Гарадзенскай турме быў у адзіночнай камеры я прачынаўся ад таго, што дарослыя мужыкі вылі і клікалі сваю маму. Настолькі яны пакутавалі ад холада. На маіх вачах людзі вар’яцелі, у прамым сэнсе. І іх ніхто ні разу не ўдарыў. Некаторыя думаюць, што катаванні – гэта калі калёнымі кляшчамі чалавеку выцягваюць мышцы. Не. Я сам толькі на пэўным этапе зразумеў маштаб усяго гэтага.
У словах палітвязняў, якія расказвалі пра пакуты і жахі ў беларускіх месцах зняволення, чуваць было разуменне ўнутранай свабоды, якую яны адчувалі. Самае жахлівае ШЫЗА Беларусі – у Шклове, гаворыць Аляксандр Ярашук. Але ён выйшаў з яго спяваючы.
- Я думаў, што не перажыву першую ноч. Але я перажыў яе ў свае 72 гады. Я перажыў і зразумеў, што больш ніхто і ніколі не зможа ўзяць нада мной верх. Я выйшаў і падумаў: ідзіце вы далёка-далёка. Я выйшаў і пачаў спяваць. Рэакцыі не было ніякай. Я зразумеў, што яны апантаныя страхам.
Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова не зведала пакутаў, якія апісывалі мужчыны. І хоць моцнага прэсінгу не было, то ўсё ж гэта надалей была папраўчая ўстанова, у якой было няпроста. Журналістка расказала, што выжыць ёй дапамагаў пошук сэнсаў:
- Мне дапамагаў выжыць пошук сэнсаў. Зразуменне, чаму я сяджу, што мне гэта дае, што гэта не змарнаваныя часы. Я спрабавала максімальна вучыцца. Я вывучала псіхалогію, мовы, вучыла іншых чытаць, рабілі практыкаванні для вачэй, прысядала. Мяне выратоўвалі спевы. Я спявала паўсюль. І так ва ўсім.
Па стане на 15 верасня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1168 чалавек. З пачатку прэзідэнцкай кампаніі-2020 палітвязнямі былі прызнаныя 4103 чалавекі.
Поўныя ўспаміны вызваленых - у далучаным нукавым файле.
слухайце аўдыё