Пракуратура ўтойвае інфармацыю пра «неапазнаны лятаючы аб'ект», абломкі якога ўпалі на дом у Вырыках у Люблінскім ваяводстве. Паводле звестак газеты Rzeczpospolita, гэта была ракета, выпушчаная з польскага F-16, якая спрабавала збіць беспілотнік. Верагодна, сістэма навядзення ракеты выйшла з ладу.
«Незалежна ад канчатковых высноў дзяржаўных органаў, разбураны дом у Вырыках будзе адноўлены за кошт дзяржавы. Таму няма неабходнасці ў зборы сродкаў для гэтай мэты», – паведаміла ў аўторак Міністэрства нацыянальнай абароны на платформе X.
На мінулым тыдні адбылося беспрэцэдэнтнае парушэнне польскай паветранай прасторы расійскімі беспілотнікамі. Цэлыя беспілотнікі або іх фрагменты былі знойдзены ў розных месцах на ўсходзе, у цэнтры і на поўначы Польшчы. Большасць з 17 знойдзеных БПЛА былі так званымі «прынадамі», якія не прычынілі шкоды. За выключэннем аднаго выпадку: у вёсцы Вырыкі Воя каля Владавы, дзе «неапазнаны лятаючы абʼект» – як называе яго люблінская пракуратура – прычыніў шкоду прыватнаму дому. Ён пашкодзіў дах і прабіў столь. Уладальнікі дома не пацярпелі.
Пракуратура ведае, але не хоча сказаць
Калі не беспілотнік, то што разбурыла дом у Вырыках? Пракуратура ведае, але не хоча казаць. Пасля праверкі – з падтрымкай экспертаў – люблінская пракуратура лёгка ідэнтыфікавала абломкі 17 беспілотнікаў. Аднак яны адмаўляюцца абмяркоўваць, што ўпала ў Вырыках.
«На дадзены момант я не магу канчаткова сказаць, што ўпала на дом у Вырыках; гэта расследуецца, і мы чакаем экспертнага заключэння», – адказала пракурор Агнешка Кэмпка, прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Любліне, Ваеннае падраздзяленне якой расследуе масавы налёт беспілотнікаў на Польшчы.
Ці быў гэта няшчасны выпадак?
Сістэма супрацьпаветранай абароны спрабавала збіць беспілотнік ракетай. Ці быў гэта «няшчасны выпадак»? Што ўпала на дом у Вырыках, знішчаючы дах і прабіваючы столь?
«Наша адказнасць – каардынаваць аперацыю на месцы, а вызначэнне фактаў, забеспячэнне доказаў, іх ідэнтыфікацыя, устанаўленне тэхнічных характарыстык, вызначэнне таго, калі нешта ўляцела, выляцела, ці было збіта, ці ўпала, – усё гэта самастойна вырашаецца адпаведнымі службамі», – заявіў Люблінскі ваявода Кшыштаф Каморскі.
Паводле выдання Rzeczpospolita, вынікі найважнейшых органаў дзяржаўнай бяспекі паказваюць, што на дом магла ўпасці ракета з польскага F-16, якой быў збіты беспілотнік.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык на мінулым тыдні прызнаў, што былі збітыя тры беспілотнікі. Месца здарэння ён не назваў.
«Гэта была ракета класа «паветра-паветра» AIM-120 AMRAAM з нашага F-16, у якой падчас палёту адбыўся збой у сістэме навядзення, і яна не спрацавала. На шчасце, яна не ўзброілася і не выбухнула, бо спрацавалі засцерагальнікі», – адзначае адна з крыніц газеты, падкрэсліваючы, што «быў расійскі авіяўдар, і польскі бок абараняўся».
Дапамагчы пажылой пары, якая жыве ў разбураным доме ў Вырыках спрабуюць мясцовыя ўлады. «Мы забяспечылі ім часовую кватэру, але пакуль невядома, ці змогуць яны вярнуцца дадому (…) Мы збіраем сродкі, каб дапамагчы ў аднаўленні пашкоджанага будынка. Спачатку мы ацанілі кошт рамонту ў 50 000 злотых. Але дакладны разлік дасць эксперт», – сказаў войт Вырыкаў Бернард Блашчук.
У сваю чаргу Люблінскі ваявода дадаў, што першая фінансавая падтрымка пацярпелым была аказана ў мінулую пятніцу. «Усе магчымыя віды падтрымкі, якія даступныя ў такіх выпадках, у тым ліку экстраная дапамога, абавязкова будуць аказаны», – запэўніў Кшыштаф Каморскі.
Расійская аперацыя ў рэгіёне сутыкнення межаў Польшчы, Украіны і Беларусі
Паводле слоў падпалкоўніка Мацея Каравая, можна з упэўненасцю сказаць, што частка хвалі беспілотнікаў, запушчаных падчас начнога нападу Расіі на Украіну з аўторка на сераду, была прызначана для Польшчы.
«Расіяне запускаюць іх невялікімі групамі, назіраюць, як яны трапляюць у Польшчу і якая наша рэакцыя, у тым ліку палітычная і ваенная, і якія з іх будуць перахоплены і збіты, і дзе», – тлумачыць эксперт, дадаючы, што «Герберы» (беспілотнікі – макеты) маюць радыус дзеяння ад 300 да прыблізна 600 км у залежнасці ад іх канфігурацыі і могуць служыць дзеля ўдару, разведкі або – як у нашым выпадку – прынады для сістэм супрацьпаветранай абароны.
«Мы мелі справу з вельмі дакладна запланаванай аперацыяй на трайным стыку межаў Польшчы, Украіны і Беларусі. Гэта павінна праверыць нашу рэакцыю і магчымасці, але таксама выклікаць паніку, але не нашкодзіць і разбурыць, каб не актываваць Артыкула 5. НАТА. Дарэчы, я адначасова сачыў за тым, што адбывалася ў расійскіх СМІ. Гэта выразна пацвердзіла, што за гэтым стаіць Расія» – кажа падпалкоўнік Мацей Каравай.
Ці ўдзельнічалі беларусы ў гэтым рэйдзе?
Адразу пасля нападу прэмʼер-міністр Дональд Туск заявіў, што некаторыя беспілотнікі прыляцелі з тэрыторыі Беларусі. Ці ўдзельнічалі беларусы ў гэтым рэйдзе?
Паводле слоў падпалкоўніка Каравая, рэакцыя Беларусі сведчыць аб тым, што яны не былі праінфармаваныя пра ўсю аперацыю. «Я б нават сказаў, што яны былі напалоханыя гэтай аперацыяй», – ацэньвае эксперт.
Ваенны і абаронны аналітык Яраслаў Вольскі лічыць, што беспілотнікі «на 90 працэнтаў прыляцелі з Беларусі». Ён таксама перакананы, што рэйд быў дакладна спланаваны.
«Невыпадкова, што беспілотнікі ўпалі альбо паблізу ваенных баз, альбо праляцелі паблізу буйных авіябаз. Я лічу, што гэта была праверка нашай рэакцыі і працэдур», – адзначае Вольскі.
Ці можна адрозніць «прынады» ад беспілотнікаў, напоўненых выбухоўкай, што апраўдала б выкарыстанне ракет F-35 або F-16 для іх нейтралізацыі?
«На маю думку, Ваенна-паветраныя сілы мелі магчымасць адрозніць макеты ад сапраўдных беспілотнікаў. Таму яны, хутчэй за ўсё, стралялі не па «Герберах», а па ўзброеных беспілотніках «Шахед» або падобных, якія былі прызнаны такімі», – сцвярджае Вольскі.
Пасля таго як СМІ паведамілі пра сумневы на конт таго, што, на самой справе, упала на дом у вёсцы Вырыкі, прэзідэнцкае Бюро нацыянальнай бяспекі запатрабавала ад урада тлумачэнняў.
Прэмʼер Дональд Туск адказаў на запыт. Аднак ён не раскрыў, што ўпала на будынак. «Уся адказнасць за пашкоджанне дома ў Вырыках ляжыць на вінаватых у правакацыі з выкарыстаннем беспілотнікаў, гэта значыць на Расіі. Пасля завяршэння расследавання адпаведныя службы паведамяць грамадскасці, ураду і прэзідэнту аб усіх абставінах інцыдэнту. Рукі прэч ад польскіх жаўнераў», – напісаў кіраўнік польскага ўрада на платформе X.
аз