Беларуская Служба

Тэатр праводзіць дыялог паміж беларусамі і палякамі. А тэмаў для дыялогу цяпер шмат

21.09.2025 07:11
Размова з беларускай рэжысёркай Валянцінай Мароз, адной з удзельніц тэатральнага фестывалю «Другая проба. Тэатр па-над граніцамі» ў Познані.
Аўдыё
  • Тэатр праводзіць дыялог паміж беларусамі і палякамі. А тэмаў для дыялогу цяпер шмат
Валянціна МарозФота Паўла Залескага

Спадарыня Валянціна, беларускія эмігранты ў супрацоўніцтве з украінцамі і палякамі ладзяць у Познані ўжо другі тэатральны фестываль. Гэта цікава.

– Так, сёлета гэта ўжо другі фестываль. Летась у нас была першая «Другая проба». Тады нешта атрымалася, нешта не, але ў нас і грошай было на гэта няшмат. А сёлета гэта ўжо вялікі фестываль, ён называецца «Другая проба. Тэатр па-над граніцамі». Гэта эмігранцкі фестываль і сёлета да нас далучылася шмат людзей: беларусаў, украінцаў, палякаў. Мы прадстаўляем некалькі спектакляў, перфарматыўнае чытанне, дыскусіі, перформанс, сустрэчы – усё як адбываецца на сапраўдным фестывалі.

– Можа, некалькі слоў скажыце пра праграму фестывалю…

– Адкрывалі фестываль прэм’ерным спектаклем «Say Hi to Abdo» па п’есе Мікіты Ільінчыка, рэжысёр – Валянціна Мароз. Далей прывязём спектакль з Гданьска Жэні Давыдзенка. Гэта маладая беларуская драматургіня і рэжысёрка, якая таксама жыве ў Польшчы. Спектакль называецца «Дзесяць гадзін наўпрост да дому». Летась было чытанне гэтай п’есы. І яшчэ адзін спектакль прадставіць тэатр «Эмігрант». Ён называецца «Animal Tales» і будзе паказаны ў апошні дзень фестывалю.

– Вы сказалі, што ўдзел у фестывалі бяруць і ўкраінцы, і палякі. Што яны паказваюць?

– Калі я кажу пра нашых польскіх калегаў, то маю на ўвазе, што фестываль прафінансаваны горадам Познань і Міністэрствам культуры Польшчы і робіць яго фундацыя «Барак Культуры», якая з’яўляецца польскай інстытуцыяй. Так што вось такая ў нас вялікая калабарацыя. І розныя івенты, спектаклі гучаць на розных мовах: беларускай, украінскай, польскай. На фестывалі будуць прадстаўлены тры спектаклі, адзін перформанс і пяць перфарматыўных чытанняў. Прычым чытанні – гэта эскіз спектаклю, а не простае чытанне з ліста.

– Разумею, што на падрыхтоўку такога мерапрыемства затрачана шмат высілкаў, а наколькі цяпер вы задаволены тым, што адбываецца на фестывалі?

– Мне падаецца, што адбываецца нешта важнае, бо гэта эмігранцкі фестываль і нічога падобнага ў Польшчы больш няма. Сёлета мы запрасілі на фестываль тэатральных крытыкаў і палітыкаў, якія прыехалі і з Вільнюса, з Гданьска, Варшавы, Любліна. І гэта вельмі значна.

– Разумею, што ў гэтым адна з асаблівасцяў фестывалю. А ў чым яшчэ яго адметнасць?

– Мы зрабілі спектакль, бо летась былі толькі чытанні гэтай п’есы Мікіты Ільінчыка, а зараз гэта ўжо спектакль, і гэта вельмі важна. На гэта патрэбны былі сродкі, каб ён быў годны, прафесійны. Добра, што мы ў калабарацыі з польскім «Тэатрам восьмага дня», з бібліятэкай Рачыньскіх – у нас некалькі пляцовак. На прэм’еры спектаклю прысутнічалі акторы «Тэатра восьмага дня». Для нас гэта важна, каб быць бачнымі ў гэтай культурнай прасторы. Гэта такі момант дыялогу, пра які мы думалі ад самага пачатку, паколькі не будуем нейкае сваё гета, а становімся часткай гэтай прасторы.

– І ўсё ж як вам удалося зрабіць такі фестываль?

– Гэта вялікія высілкі, па-першае, дырэктара «Барака Культуры», які займаўся пошукам сродкаў. Ну і горад нас падтрымаў. І гэта вельмі важна. На спектаклі былі прадстаўнікі гарадскога аддзела культуры.

– А ў вас хапала сілаў, актораў…

– У нас у спектаклі працуюць прафесійныя беларускія і ўкраінскія акторы. І гэта таксама няпросты момант, бо ўсе на сцэне працавалі на беларускай мове. А беларускі актор іграў паляка, і ён працаваў на польскай мове. Усё атрымалася таму, што працавалі прафесійныя акторы. І вельмі важна, што ва ўсім гэтым атрымаўся дыялог, які ўсім нам патрэбны.

– А хто ваш глядач?

– Ведаеце, гэта вельмі цікава. Я ўжо згадвала, што на прэм’еру прыйшлі і беларусы, і ўкраінцы, і палякі. Быў запланаваны адзін паказ, але месцаў на ўсіх не хапіла, а таму рабілі яшчэ адзін паказ. Мне падаецца, што ў нас ёсць патэнцыйны глядач і ёсць запыт на беларускі, украінскі тэатр са сваёй тэматыкай.

– І якія тэмы турбуюць вашага гледача?

– Ну вось цяпер – гэта эмігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. У нашым спектаклі ідзе судовае паседжанне, на якім судзяць польскага памежніка, які забіваў мігрантаў, і беларускую кіраўніцу турыстычнай фірмы, якая прывозіла гэтых мігрантаў у Беларусь і скалаціла на гэтым мільённыя барышы. І вось гэтая тэма цікавая і для палякаў, прычым балючая, дыскусійная. А тэатр становіцца дыялогам паміж намі. Ну а для дыялогу патрэбны тэмы, якіх цяпер усё больш і больш.

– Так, я разумею, што, гледзячы на тыя падзеі, якія ў свеце адбываюцца, тэмаў вам бракаваць не будзе…

– Так, тэмаў бракаваць не будзе, але нам патрэбны драматургі, якія могуць гэта напісаць. А гэта ў пэўным сэнсе праблема.

– Дзякуй за гутарку.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё